А я не вельмі. Гэта ж задачка для пяцікласніка. Яны зараз не менш нашага ведаюць: акселерацыя не спыняецца.
Аўтаматы сочаць за чысцінёй паветра, станам нашага здароўя, выбіраюць меню на сняданак, абед, вячэру, улічваючы і наша пажаданне і патрэбнасць арганізма. Нават, калі спытаеш, параяць, чым табе лепш за ўсё ў гэты момант заняцца.
Аднойчы я, не ведаючы, ці то пайсці паспаць, ці то пачытаць кніжку, надзеў на руку бранзалет з умацаванымі ў яго датчыкамі, здольнымі вызначаць стан, адчуванне чалавека, і падключыў да ЭВМ. Прыемны голас, як у доктара з Касмічнага цэнтра, прамовіў: «Паглядзіце прыгодніцкі фільм».
С. В. быў побач. Пачуўшы «рэцэпт», зарагатаў.
А праз хвіліну-другую прыйшла мая чарга смяяцца. Яму ЭВМ параіла прагуляцца па высакагорнай дарозе. У нашых умовах — па верхніх трапах, дзе ў падобных выпадках уключаецца ўстаноўка іянізацыі паветра.
— Відаць, запрацаваўся,— збянтэжыўся С. В. і адправіўся на прагулку. У нас правіла: парады ЭВМ выконваюцца абавязкова.
Такія ў нас аўтаматы.
Але што гэта: раптам замігцела сігнальная лямпачка над маім сталом? А-а, нагадвае, што заседзеўся тут. Канчаю.
5 снежня. Ніколі не думаў, што на касмічным караблі, дзе нас толькі трое і выбар заняткаў, па-сутнасці, абмежаваны, будуць так імкліва мінаць дні. Не паспеў, як кажуць, азірнуцца, а тыдня няма. Гэтак аднойчы прачнешся, а ў ілюмінатар — Марс глядзіць. Бо ён быццам на вачах расце і ўжо выглядае нават большым, чым вячэрняя Венера з Зямлі. Але на Марс П. К., наш галоўны астраном, глядзіць мала. Кажа, нідзе не дзенецца, а патрэбную інфармацыю загадзя дадуць аўтаматычныя станцыі. П. К. цікавіць Венера. Колькі ўжо апаратаў пабывала на яе паверхні, частка нават вярнулася, і людзі, такім чынам, маюць даволі дакладныя звесткі пра гэту планету. А ўсё мала. Астраномы мараць знайсці шчыліну ў венерыянскіх хмарах, каб на свае вочы пабачыць, што там робіцца, ухапіць карціну маштабна. Тэхнічныя дасягненні пазбавілі чалавека прыгожай мары аб планеце, на якой жыццё толькі нараджаецца,— бушуюць акіяны, бліскаюць маланкі, грымяць вулканы. Сапраўднасць аказалася больш сумнай і пры ўсім пры тым усё роўна вабіць даследчыкаў. Вось і П. К. гадзінамі не адрываецца ад нацэленага на Венеру тэлескопа. Учора нават насмяшыў усіх.
Глядзеў-глядзеў у акуляр і раптам радасна крыкнуў:
— Бачу паверхню. Цыклон неверагоднай магутнасці раскруціў шматкіламетровую варонку. Горы, кратэры... Апарат! Плёнку!
Тэлескоп, вядома, заўсёды злучаны з прыстасаваннем для фатаграфавання касмічных аб’ектаў. Але ад хвалявання П. К., падобна, забыўся на гэта. Пакуль ён уцяміў, што ўсё патрэбнае пад рукой, аўтаматыка спрацавала сама. П. К. доўга вывучаў здымак, а потым перадаў яго С. В.
— Здаецца, нешта ёсць,— але сказаў гэта без ранейшага натхнення.
Капітан доўга разглядаў здымак, потым уставіў плёнку ў павелічальнік. На экране сапраўды быццам бы ўзніклі нейкія нагрувашчванні скал. Чым жа незадаволены П. К.?
— Надобна... — С. В., аднак, скептычна глядзеў на акран.— Вікто́р,— звярнуўся ён да мяне,— падай светафільтр.
I тады перад намі, як жывое, але імгненна застылае, праяснілася глыбокае завіхрэнне шматпластовых хмар і аблокаў — ад цёмна-сініх да светла-шэрых колераў і адценняў. А тое, што без светафільтра ўяўлялася паверхняй планеты, аказалася яшчэ адным, ніжнім пластом карычневых хмар, зафіксіраваных апаратам у момант вялікага ўзбуджэння. Відаць, шалёныя шквалістыя вятры не заціхалі на Венеры ва ўсёй яе атмасфернай тоўшчы.
П. К. сумеўся, адышоў. Цэлы дзень ён адчуваў сябе няёмка. Тым болей што мы не-не ды і паміналі светафільтр, жартуючы з чаго-небудзь няўдалага. То я ледзь не ўзняў трывогу, убачыўшы на экране лакатара светлую кропку,— думаў метэарыт. То С. В., забыўшыся, даў мне рашаць дыферэнцыяльнае ўраўненне, прызначанае для студэнтаў матфака трэцяга курса. Аднак, калі нарэшце падколкамі мы надта дапяклі П. К., ён упарта заявіў:
— Гэта апарат не паспеў!
Вядома, і аўтаматыка можа падвесці, такія выпадкі раз на мільён здараюцца. I ўсё-такі ў даным выпадку П. К. проста не хацеў прызнаць памылку. Таму выраз «Дайце светафільтр», думаю, прыжывецца. Калі хто з нас выказвае нешта неверагоднае, перабольшвае, яму кажуць: «А ці не падаць светафільтр?»
2 студзеня. I ў думках не было ніколі, што Новы год давядзецца сустракаць не тое што не дома, а нават не на Зямлі. С. В. даў экіпажу з выпадку свята два вольныя дні — трыццаць першага і першага. Гэта, праўда, не тычылася вахты каля цэнтральнага пульта. Але ў астатнім мы святкавалі па-сапраўднаму.
У карабельным садзе растуць дзве елачкі. 3 іншых дрэў, як і мае быць у зімовы сезон, лісці абсыпаліся, а яны стаяць і цешаць вока свежым зялёным убраннем. Пад кожную мы пасадзілі дзеда-мароза і каля елачак сустракалі Новы год. Было цудоўна! Адчуванне такое, нібы ты на ўскраіне зімовага лесу. А-а, я ж яшчэ нічога не расказваў пра наш натуральны сад, а без гэтага цяжка ўявіць, як у нас было на свята. Сад займае самае вялікае памяшканне, з прызначаных для людзей. Але дзіўныя не дрэвы, не трава, не глеба. Гэта ёсць у звычайнай аранжарэі, цяпліцы. У нашым садзе своеасаблівыя сцены, яны валодаюць эфектам аб’ёмнасці. Глядзіш на сцяну, і сад нібы працягваецца ўдалячынь, а там поле, лес, што табе хочацца бачыць — зімовы, летні, асенні... I на Новы год мы пабывалі быццам у зімовым бары, заснежаным, марозным. Здавалася, зрабі крок, працягні руку і ты патанеш у глыбокім пухлым сумёце. Такой елкі яшчэ ні ў кога нідзе не было!
Пагаварыў па відэатэлефоне з бацькамі, Валяй.
Усе святочныя дні не выключалі тэлевізары, глядзелі перадачы зямных станцый. I неяк забывалася, што дом, сябры далёка. Космас абжываецца! Чалавек ужо не так адчувае адлегласці.
А «Набат» набліжаецца да мэты.
7 студзеня. Самы магутны карабельны тэлескоп цяпер пастаянна нацэлены на Марс. Я пакуль не часта заглядаю ў акуляр. Хоць і засталося да планеты якіх трыццаць мільёнаў кіламетраў, усё роўна не вельмі што ўбачыш. Вось прыбудзем, высадзімся — тады нават рукамі памацаю. А С. В. і П. К. толькі пра Марс і думаюць. Увогуле гэта не дзіўна. Кожны з іх мае пра Марс сваё ўласнае ўяўленне, вось і спадзяюцца праверыць.
С. В. давярае даследаванням аўтаматычных станцый і не сумняваецца, што Марс у нечым паўтарае Месяц. Але ён кажа, што чужая прырода і мёртвая можа адкрыць шмат невядомага чалавеку, нават карыснага, цікавага. У гэтым з С. В. можна пагадзіцца. Знайшоў жа ён на Месяцы, дзе да яго пабывалі касманаўты, каштоўныя выкапні.
П. К., калі яны абмяркоўваюць план будучых даследаванняў, з С. В. не пагаджаецца. Ён таксама не думае, што на Марсе ёсць сапраўднае жыццё, у гэта цяпер не паверыць нават першаклашка. П. К. лічыць, што Марс зусім іншы, чым Месяц, бо мае атмасферу. Нават разрэджаная, сцвярджае ён, яна значна ўплывае на прыроду планеты і магла стаць прычынай існавання ніжэйшых форм арганічнага жыцця. Чаму яго не заўважылі аўтаматычныя станцыі? Надта малыя ўчасткі яны абследавалі, паверхневыя. I з П. К. мне хочацца пагадзіцца. Калі там ёсць жывыя арганізмы, хай сабе клетачныя, то чалавек зможа іх развіць, удасканаліць. Будзе тады і Валі работа на Марсе з яе астрабіялогіяй.
Пашукаем. Чалавек можа ўбачыць больш, чым самы дасканалы аўтамат.
20 студзеня. У вас можа скласціся ўражанне, што наша жыццё ў космасе аднастайнае, нуднае — праца, сон, праца. А мы ж выкарыстоўваем свой вольны час не горш, чым гэта было на Зямлі,— цікава, змястоўна, выбіраючы заняткі па душы. Апошнім часам раптам захапіліся шахматамі. Відаць, таму, што зараз і на Зямлі ідзе турнір мацнейшых гросмайстраў памяці Чыгорына.
Спачатку мы проста гулялі паміж сабой, не надта падлічваючы, хто і колькі ў каго выйграў. Галоўным быў сам працэс гульні. А потым С. В. прапанаваў і нам правесці турнір. Па-шчырасці, высвятляць свае шахматныя адносіны маглі толькі ён з П. К. Яны звычайныя аматары, хаця і тэорыю збольшага ведаюць і камбінацыю закруціць на дошцы часам могуць такую, што не адразу разбярэшся, як адказаць. Але ў параўнанні з імі я амаль прафесіянал, усё-такі кандыдат у майстры. Ды не будзеш жа адмаўляцца, бо ім цікава са мной спаборнічаць. Праўда, у наш турнір можна было б уключыць некалькі спецыялістаў з Цэнтра кіравання палётам, сярод іх ёсць нават майстры. С. В. запярэчыў, сказаў: «Абыдземся, мы тут самастойная тэрытарыяльная адзінка». Правільна сказаў, да таго ў космасе яшчэ не праводзіліся шахматныя чэмпіянаты. Наш будзе першы. А вынік?.. Я ўскочыў і заявіў: