Выбрать главу

Бурмакоў не рызыкнуў апускацца на вышчарбленую лававую паверхню — дно возера Сонца — і выбраў участак паміж дзвюма дзюнамі. 3 «Набата» было бачна, як «Скакунок» пайшоў на пасадку кармой уніз, узнімаючы хмары пяску і пылу, а хутка і ён сам схаваўся ў гэтых чырвоных клубах.

Мінула, напэўна, паўгадзіны, пакуль асеў пыл, і Сцяпан Васільевіч зноў аднавіў перадачу.

— Як вам падабаецца гэта чырвоная мука? — Ён паказаў таварышам відэазапіс нейкага надзвычай густога і бруднага туману. Гэты туман клубіўся, віраваў, не асядаючы.— Думаў, канца не будзе. I зараз яшчэ здаецца, што на зубах пясок.

— Падобна, тут без усюдыхода і кроку не зробіш.— Павел уявіў сябе на месцы капітана ў гэтай рухомай мешаніне і ў думках паспачуваў яму. Напэўна, гэта ненадта салодка, калі адчуванне пяску стала такім рэальным.

— Зараз праверу,— спакойна сказаў Бурмакоў і спусціў у адчынены выхадны люк трап-лесвіцу.— Ну, пайшоў...

Асцярожна ставячы ногі — мяккая лесвіца гойдалася, выгіналася, ён выбраўся з люка і, спрытна перабіраючы рукамі па парэнчах, рушыў уніз.

Сцяпан Васільевіч зрабіў некалькі крокаў у бок ад ракетаплана. Ногі правальваліся ў сыпучы пясок, і ямкі ад вялікіх цяжкіх чаравікаў хутка заплывалі, не трымалі слядоў чалавека.

— Лёгка як, хлопцы! Незвычайна! — крычаў Бурмакоў, вытанцоўваючы нешта адмысловае. Паспрабаваў быў наском чаравіка капнуць углыб. Пясчаная тоўшча не паддалася, асыпалася, і ён махнуў рукой, весела, бесклапотна: — Пакінем нетры для геолагаў ці, як іх тут, арэолагаў.

Бурмакоў жартаваў, быў непадобны на сябе звычайнага, стрыманага. Радаваўся, што Марс сустрэў першага чалавека зусім не варожа, як свайго.

Тэлеэкран надзвычай дакладна перадаваў скупыя марсіянскія фарбы. Пустыня, наколькі брала камера, была чырванаватая, хвалепадобная і нерухомая, застылая. I Паўлу падумалася, што ўсё гэта: і Марс, і Бурмакоў тут — нерэальныя, як бы сняцца яму.

А Сцяпан Васільевіч пастаяў хвілінку, пазіраючы на дзівоснае сіне-фіялетавае неба, на якім цьмяна свяціла, нібы несапраўднае, непрывычна малое, не гарачае сонца, і раптам пабег, смешна заграбаючы нагамі і размахваючы, як памагаючы сабе, рукамі. Прабегшы, спыніўся, нагнуўся, загроб прыгаршчу пяску і, паднесшы яго да вачэй, прапусціў між пальцаў.

Павел глядзеў, як струменяцца драбнюткія чырванаватыя часцінкі, падобныя на пафарбаваную ваду, і думаў: няўжо гэтыя пясок і камяні, што грувасцяцца на краявідзе, будуць іх адзіным тут здабыткам?

Напэўна, Сцяпан Васільевіч здагадаўся пра яго думкі, а можа, і сам не адчуў захаплення ад сумнай прыроды, бо, як суцяшаючы, прамовіў:

— Мы пустыню выбралі на пачатак, сябры.

Павел хацеў сказаць, што і ў гарах будзе тое ж самае, але прамаўчаў. Зрэшты, ніхто і нішто людзям не абяцала на Марсе жыццё. А цікавыя знаходкі будуць. Але нават не ў гэтым справа. Марс — толькі пачатак...

Бурмакоў яшчэ доўга кружыў вакол «Скакунка», часам спыняўся, быццам прыглядаўся да чаго, прыслухоўваўся. Ён не браў ні проб, ні ўзораў. Іх дастаткова прывезлі аўтаматычныя станцыі. Ён проста ўваходзіў душой, сэрцам у марсіянскую прыроду, прывыкаў да незямных абставін, хацеў спасцігнуць іх, як кажуць, знутры. Павел ведаў, што ўпершыню апынуўшыся на Месяцы, Сцяпан Васільевіч паводзіў сябе такім жа чынам. А што рабіў бы ён, Гушча, на месцы капітана? Мусіць, глядзеў бы на ўсё ашалелымі вачамі, не заўважаючы, па-сутнасці, нічога, і потым радаваўся б, што кожны яго крок, кожны прадмет, на якім спынілася вока, фіксіраваў тэлеаб’ектыў. Бо сам наўрад ці запомніў бы што вартае, адметнае. Відаць, у гэтым не было б нічога дзіўнага. Усведамленне таго, што ты на Марсе, узрушыць каго хочаш. I добра, што ў іх экіпажы ёсць Бурмакоў — касманаўт, за плячамі ў якога некалькі выхадаў у прастору...

Пакуль Гушча разважаў, Сцяпан Васільевіч вярнуўся да «Скакунка», кінуў позірк вакол, раздумваючы, ці не пабыць яшчэ, і ўзяўся за перакладзіну трап-лесвіцы.

— Як вы там, Сцяпан Васільевіч? — не вытрымаў Віця.

— Хочаш ведаць мае ўражанні? — Бурмакоў глядзеў на чырвоныя барханы.— Трэба разабрацца. Ды што я бачыў? Амаль тое, што і вы там. Адно скажу: твае зямныя рэкорды, здаецца, і я перакрыў бы.— I пачаў паднімацца ў ракетаплан.

III

Наступную вылазку на Марс Бурмакоў рабіў з Віцем. Настрой у касманаўтаў быў добры. Зямля павіншавала з першым кантактам — яго глядзелі не толькі ў Цэнтры кіравання палётам, а і па ўсёй краіне. I гэта было асабліва прыемна.

Новая праграма была больш насычанай. Вылецелі на двухмесным варыянце «Скакунка», здольным, акрамя людзей, браць на борт усюдыход. Месца для пасадкі на гэты раз выбралі гарыстае, паблізу каньёнаў экватарыяльнай зоны. На выпадак, калі нельга будзе праехаць на ўсюдыходзе, касманаўты мелі спецыяльны лятальны апарат, падобны на самалёт. Лёгкі, устойлівы, выпрабаваны ў высакагорных зямных умовах, ён на Марсе павінен быў служыць добра.

Цяпер Павел на караблі застаўся адзін, але адчуваў сябе больш упэўнена, не было ўчарашняй трывогі за таварышаў. Марс аказаўся прыветным, тэхніка дзейнічала надзейна. I Паўлу заставалася толькі быць гледачом. Пераносныя тэлекамеры паказвалі даволі поўную карціну падзей на месцы высадкі, а Сцяпан Васільевіч часам яшчэ і каменціраваў тое, што бачыў і адчуваў.

«Скакунок» апусціўся ў вусці доўгай вузкай цясніны — аднаго са шматлікіх рукавоў галоўнага каньёна. Паабапал грувасціліся горы, голыя, маўклівыя.

I дно цясніны, пясчанае, усеянае, быццам нехта параскідаў іх, камянямі, было такое ж дзікае, нагадвала рэчышча даўно высахлай бурнай ракі, ад якой ужо не засталося ні ракавінак, ні водарасцей.

Павел назіраў, як паволі, асцярожна ставячы ноіі на гэтай непрывычнай, чужой зямлі, Сцяпан Васільевіч і Віця прабіраліся ў глыб цясніны, і думаў, як там усё змрочна, паныла, сумна. Быццам недзе ў высакагорным Тыбеце.

А людзі, маленькія і кволыя побач з скалістымі гарамі, брылі ўсё далей і далей, трымаючыся звілістага і адносна роўнага дна цясніны.

Напэўна, і Віцю было не дужа весела, бо раптам ён тужліва сказаў:

— Можа, за паваротам у расколіне туліцца сасонка...

Павел разумеў, што яго чалавечае сэрца пратэставала супраць навакольнай змярцвеласці, невытлумачальнай непатрэбнасці. Бо дзеля чаго, як не дзеля жыцця, павінны існаваць і горы, і даліны, і сама планета?..

Сцяпан Васільевіч паклаў руку на плячо юнаку:

— Нам, Вікто́р, трэба пазбыцца прывычных мерак, падыходу. Усё тутэйшае мае вельмі мала агульнага з зямным і таму патрабуе іншай ацэнкі, нейкага свайго ўспрымання.

— Пастараюся, Сцяпан Васільевіч...— хлопец памуляўся і шчыра загаварыў: — У мяне цеплілася надзея, што аўтаматычныя разведчыкі не змаглі механічным розумам заўважыць на Марсе жыццё, што людзі, прыляцеўшы сюды, знойдуць яго, хаця б самае прымітыўнае! — Потым сумеўся: — Скажаце, рамантык, летуценнік?

Бурмакоў прыгарнуў хлопца.

— Не буду паўтараць, што людзям без мары, добрай і смелай, было б цяжка. Гэтага ты і без мяне наслухаўся. А жыццё... Хто табе сказаў, што яго тут няма? Марс існуе — значыць, ён жыве!

Некаторы час яны ішлі моўчкі, засяроджаныя, быццам забыліся, што вакол іх Марс, той самы, да якога так імкнуліся. А мясцовасць была такая прыгожая, што Павел ужо наважыўся быў якім-небудзь нейтральным пытаннем вярнуць іх ад мар да рэчаіснасці. Аднак Бурмакоў і сам нічога не прамінаў. Ён раптам спыніўся пад навіслай над цяснінай высокай скалой, азірнуўся, правяраючы, ці правільна сарыентаваны кантрольны тэлеаб’ектыў, і тады сказаў:

— Цікавы разрэз.

Безумоўна, фраза датычыла і Паўла, і ўсіх, хто ў гэты час на Зямлі глядзеў трансляцыю з «Набата». Аднак, паводле правілаў, і Павел, і супрацоўнікі Цэнтра, якія падтрымлівалі з караблём пастаянную двухбаковую сувязь, маглі ў размову дэсантнікаў умешвацца толькі ў выпадку крайняй неабходнасці, каб не адцягваць увагу, бо на месцы ўсё-такі відней, што і як.

Адказаў Віця, паводзячы круглым гермашлемам: