— Віця! — ён чамусьці звярнуўся не да Бурмакова, а да свайго малодшага таварыша. Можа, адчуваў, што пытанне ўвогуле наіўнае? — Колькі ў нас планет? Назаві.
— Усё там правільна, Павел Канстанцінавіч. Лішні Фаэтон. Значыць, ён быў?!
— Не, ты глядзі вышэй. Плутон...
— На месцы,— замест юнака адказаў Сцяпан Васільевіч.
— Я не пра гэта,— загарачыўся Гушча,— зорачка, побач з Плутонам. Чаму толькі каля Плутона спадарожнік?
— Нам яшчэ шмат што спатрэбіцца дазнацца, Павел Канстанцінавіч. Вікто́р, перадай паведамленне ў Цэнтр.
Гушча глядзеў на залацістыя эліпсы з планетамі і адчуваў, як ападае першае ўзбуджэнне, саступаючы месца развазе. Сапраўды, пакуль што яны не гатовыя адказаць, каму і навошта трэба было ставіць гэты, магчыма, помнік на пустынным Марсе, а не на Зямлі, якая і ў тую далёкую эпоху, напэўна, абяцала разумнае жыццё. Але ён ведаў, што ўжо не супакоіцца, будзе шукаць адказы. Потым, калі падрыхтуецца да гэтага.
Дабрацца да тэрасы не было магчымасці — такога доўгага моста касманаўты перакінуць туды не маглі. Павел зрабіў мноства здымкаў, устанавіў аўтаматычную станцыю для пастаяннага назірання за тварэннем рук прышэльцаў і пачаў збірацца ў дарогу назад. Калі ўсё было гатова, ён зірнуў на Вундэркінда. Той стаяў нерухома і глядзеў на скалу. Паўлу падумалася, што робат таксама дзівіцца незвычайнай находцы, і спытаў:
— Што ты скажаш, Вундэркінд? Хаця б пра той шарык каля Плутона?
— Чужы,— адразу, нібы даўно чакаў такога пытання, адказаў робат.
— Чаму? — Павел дапускаў, што Вундэркінд можа памыляцца, але нават яго памылкі вынікалі з пэўных лагічных пасылак.
— Ён мае сваю афарбоўку.
Чалавек у гэтым спрачацца з Вундэркіндам не мог.
— Твой памочнік праўду кажа,— умяшаўся ў размову Бурмакоў.— Гэта пацвердзіла і ЭВМ. Пакуль мы тут з вамі ў далоні ад захаплення пляскаем, яны сваю нараду правялі.
— Сцяпан Васільевіч,— Павел аж падскочыў.— Гэта не спадарожнік... Не, спадарожнік... У тым сэнее, што штучны.
— Спяшаецеся? Ну, ды час пакажа,— задумліва сказаў Бурмакоў.
Павел яшчэ паблукаў вакол Нікс Алімпіка, спадзеючыся, што будуць і новыя сляды знаходжання касмічных гасцей. Аднак больш нічога не было. Ці то яны пакінулі весткі аб сабе ў іншых месцах, ці то ўсё астатняе загінула.
Калі Гушча вярнуўся, пра яго прыгоды ў нетрах вялізнай гары неяк нават не ўспомнілася. Касмічны помнік засланіў усё. Гаварылі толькі пра яго.
— Вашы прапановы, Павел Канстанцінавіч? — спытаў капітан, калі здалося, што ўсё ўжо абмеркавана і абгаворана.— Дарэчы, спецыялісты Цэнтра дапускаюць, што гэта сапраўды штучны спадарожнік.
— Праверыць бы...— Гушча ўхапіўся адразу за гэту пэўную падтрымку яго гіпотэзы ў Цэнтры.
Бурмакоў уважліва паглядзеў на яго, усміхнуўся:
— Вядома, неадкладна? Ты, Вікто́р, што скажаш?
— Я — за! — успыхнуў юнак.
Капітан пасур’ёзнеў, знерухомеў, углядаючыся ў адлюстраванне помніка, якое паказвала аўтаматычная станцыя. Думаў ён доўга. Потым падняў галаву.
— Так і паведамім на Зямлю...— I яго пацяплелыя вочы ласкава глядзелі на таварышаў.
Яшчэ тыдзень прабыў на арбіце каля Марса «Набат». Экіпаж займаўся аналізам сабраных на планеце мінералаў, проб паветра, газаў, вёў візуальныя назіранні. Аднак з ранейшым энтузіязмам працаваў, бадай, адзін Бурмакоў. Ён умеў быць засяроджаным у любых абставінах. Яго ж маладзейшыя калегі гэтай якасцю не валодалі. Марс для іх адразу стаў пройдзеным этапам. Яны ўжо жылі будучым і непакоіліся, як паставіцца кіраўніцтва палётам да іх планаў. Сумненні былі і ў саміх касманаўтаў, і, напэўна, сярод спецыялістаў. Рэйс да Плутона спецыяльна не рыхтаваўся, а гэта ж у шмат разоў далей, чым было да Марса. Праўда, магчымасці «Набата» дазвалялі такі палёт. Але ці прызнаюць здольнымі людзей? Абнадзейвала адно — Цэнтр з адказам не спяшаўся, значыць, там сур’ёзна ўзважвалі ўсе варыянты.
Загад прыйшоў неспадзявана — праз гадзіну пасля таго, як была закончана чарговая вячэрняя перадача і дзяжурны Цэнтра пажадаў экіпажу добрай ночы. Засвяціўся экран, і касманаўты ўбачылі кіраўніка палёту. У рубцы загучаў яго раскацісты бас:
— Прашу прабачэння за начное ўварванне...
Павел, які быў на вахце, адразу падключыў каюты Бурмакова і Віці.
...— Дарагія сябры! Касмічны цэнтр віншуе вас с выдатна выкананым заданнем. Ваша знаходка на Марсе кладзе канец спрэчкам аб існаванні жыцця ў Сусвеце. Яно ёсць! Паводле аднадушнай думкі астраномаў, размяшчэнне планет Сонечнай сістэмы, паказанае на марсіянскай схеме, магло быць у апошні раз сто тысяч гадоў таму назад. Але магло быць і раней. Тым не меней Цэнтр ухваляе вашу задуму адправіцца да Плутона, Магчыма, яго спадарожнік сапраўды штучная станцыя, пакінутая прышэльцамі. Ваша задача высветліць гэта. На карабельную ЭВМ пазней будзе перададзены маршрут.
Хачу паведаміць вам, што Марс таксама не застанецца без увагі. Новыя экспедыцыі працягнуць пачатую вамі працу. Тры караблі класа «Набат» у наступным годзе будуць накіраваны да планеты.
Прывітанне вам ад родных і блізкіх, ад усіх нас, ад чалавецтва!
Жадаю шчаслівага падарожжа і вяртання на Зямлю!
Частка чацвёртая
I
«Набат» аддаляўся ад Марса. Планета, якая яшчэ нядаўна закрывала паўнеба, з кожным днём рабілася меншай і меншай і неўзабаве стала невялічкім чырвоным круглячком. I ўжо нават у тэлескопы касманаўты не маглі распазнаць добра знаёмыя раёны, дзе яшчэ зусім нядаўна высаджваліся.
Напачатку палёт за Марс нічым не адрозніваўся ад ранейшага. Тая ж маўклівая прастора навокал, тыя ж зоркі на чорным небе. Але Бурмакоў і яго таварышы не надта давяралі спакою ў навакольнай прасторы. Карабель набліжаўся да пояса метэарытаў. А сустрэча нават з маленькім нябесным целам магла прынесці буйныя непрыемнасці. Праўда, верагоднасць сутыкнення, як паказвалі разлікі і назіранні, была нязначная — зблізу метэарытная зона не выглядала такой шчыльнай, як з Зямлі. I ўсё-такі не ўлічваць гэту акалічнасць было нельга.
Настаў дзень, калі ўпершыню ў адсеках і памяшканнях «Набата» зараўла сірэна трывогі: зоркія лакатары намацалі паблізу ад карабля старонняе цела. Яно пранеслася міма на адлегласці ў тысячу кіламетраў, і сірэна сціхла. Аднак ненадоўга. У навакольным асяроддзі метэарытаў пабольшала, і трывожнае выццё бударажыла людзей усё часцей. Пільныя аўтаматычныя лазерныя ўстаноўкі, прызначаныя для знішчэння метэарытаў, былі заўсёды напагатове. Але здарылася так, што і яны не памаглі. Хоць вінаватымі ў гэтым былі больш іх гаспадары.
У час адной з невялікіх перадышак паміж выццём сірэны, калі ў караблі было ціха, а на экранах спакойна, раптам упала магутнасць левага рухавіка. Прыборы, зафіксіраваўшы сам факт, тлумачэнняў прычыны не далі. Бурмакоў быў на вахце, і высвятляць, што адбылося, выпала Гушчу.
— Я з вамі, Павел Канстанцінавіч,— папрасіўся Віця.
Выхад на корпус карабля ў адкрытым космасе быў увогуле бяспечным. I каб не метэарыты, Бурмакоў дазволіў бы Віцю выйсці. Але ён не стаў палохаць таварышаў і сказаў:
— Ты мне тут спатрэбішся, Вікто́р.
Капітан як у ваду глядзеў.
Хвілін праз пятнаццаць Гушча ўжо быў на корпусе. Магнітныя падэшвы трымалі надзейна, ды і спецыяльны трос страхаваў так, што Павел без асаблівай асцярогі крочыў па палубе, несучы ў руцэ скрынку з інструментам.
— Смешна,— не вытрымаў Віця.— «Набат» напханы электронікай, унікальнымі прыборамі, а як здарыўся рамонт, то і зубіла з малатком выцягнулі.