На Плутон адправіліся аўтаматычныя разведчыкі. Яго паверхню разглядалі і самі людзі, і іх чуйныя апараты з борта карабля. Здымкі расказвалі пра скалістыя масівы, патухлыя вулканы, неабсяжныя раўніны. Пра тое, што Плутон у сям’і вялікіх планет, да якой яго прыпісалі зямныя астраномы, быў сапраўды чужы. Ён хутчэй нагадваў той жа Марс або Венеру, бо і сярэдняя шчыльнасць яго аказалася большай, чым у планет-гігантаў, і нават перавышала зямную.
Нішто не паказвала, што пасадка магутнага карабля будзе небяспечнай. Але Бурмакоў не спяшаўся — дзе страчаны месяцы, там дні значэння не маюць. Ён хацеў спачатку абляцець усю планету і скласці хаця б прыблізную карту яе паверхні. Яго рашэнне і на гэты раз было правільным.
Недзе на шасцідзесятым вітку ў плаўным і незаўважным руху карабля адчулася амаль непрыкметная замінка. Вахту нёс сам Бурмакоў. Ён спачатку здзіўлена паглядзеў на пульт, дзе ўсё, аднак, выглядала нармальным, пачухаў патыліцу і тады ўспомніў, што нешта такое ўжо было на Марсе. Бурмакоў прыкусіў губу, што ў яго азначала вышэйшую ступень хвалявання, і пабудзіў Гушчу.
Павел увайшоў якраз у той момант, калі капітан правяраў запіс кантрольнай сістэмы аўтапілота. Ён падышоў да Бурмакова і цераз яго плячо зірнуў на стужку асцылографа, якая павольна паўзла назад, дэманструючы роўны хвалепадобны запіс,
— Што гэта вы, Сцяпан Васільевіч, аўтаматы правя...— Павел асекся. Над доўгім радам роўных хваль выскачыў знаёмы яму пік. Баючыся паверыць у раптоўную здагадку, пажартаваў: — Экскурс у марсіянскую эпапею?
— Каб то,— капітан падняў вяеёлы твар на Гушчу. — Тутэйшы!
Павел плюхнуўся ў крэсла. Запісы — і гэты, Плутонавы, і той, Марсіянскі — былі надта падобныя. Павел праверыў здымкі планеты, зробленыя ў тым месцы, над якім у руху «Набата» адбыўся збой. Гэта была вялікая раўніна, дакладней, роўнае горнае плато.
— Абследуем? — прапанаваў ён.
— Спадзяешся яшчэ на адзін помнік? — Бурмакоў задумаўся.— Мажліва. Але, калі ён ёсць, нідзе дзенецца. Мы ж намецілі даследаваць зверху ўсю паверхню — дык не будзем адхіляцца.
А праз некалькі віткоў «Набат» адчуў новы слабы штуршок, потым неўзабаве другі...
— Вось такія пірагі, як казала мая бабулька,— закусіў губу Сцяпан Васільевіч.— Самы раз па вашаму нядаўняму прыкладу пафантазіраваць. Дзе там Вікто́р?
— Іду, таварыш капітан,— адгукнуўся са сваёй каюты юнак.— Я не сплю і ўсё зразумеў.
— Такім чынам,— пачаў Бурмакоў, калі Віця зайшоў у рубку,— мы, падобна, сустракаемся з ужо знаёмай з’явай. Мы не ведаем яе сутнасці, але гэта, на мой погляд, пакуль не мае істотнага значэння. Хутчэй за ўсё з планеты ў прастору накіраваны нейкія прамяні. Знайшоўшы крыніцу, мы, бадай, даведаемся, што выпраменьваецца і дзеля чаго.
Гушча памкнуўся быў нешта сказаць, Бурмакоў падняў руку:
— Пацярпіце, Павел Канстанцінавіч. Я зусім не ўпэўнены, што гэтыя выпраменьванні служаць своеасаблівымі маякамі, пабудаванымі, каб навесці нас ці іншых разумных істот, якія выпадкова, зазначце, выпадкова, трапяць у Сонечную сістэму, на помнік ці на што там яшчэ незвычайнае. Гэта было б вельмі прымітыўным тлумачэннем факта. Ды і ўстаноўка, па-сутнасці, вечных маякоў каля схем, якія нясуць вельмі мала карыснай інфармацыі, была б неапраўданай.
— Але ж было,— Павел не пагадзіўся.— Супадзенне... У тым сэнсе, што макет пастаўлены побач з крыніцай энергіі. Відаць, там было стойбішча гасцей...— Ён быў запнуўся, але адразу цвёрда дакончыў думку: — Так, часовая стаянка касмічных прышэльцаў. Вось тут маяк, бадай, быў патрэбны.
— Больш дакладна — база! — Сам вывад капітана ў Паўла пярэчанняў не выклікаў, здагадка, як кажуць, лунала ў паветры.
— База, напэўна, была тут, на Плутоне,— не пагадзіўся Бурмакоў.— База, з якой яны даследавалі нашы планеты.
— Чаму ж яны нічога не пакінулі на Зямлі? — здзівіўся Віця.
— Можа, і пакідалі,— адказаў капітан.— Ды ў зямным клімаце нават іх вельмі трывалыя збудаванні не захаваліся.
— У сваім першапачатковым выглядзе,— Гушча прыгадаў гіпотэзы аб касмічных прышэльцах, падумаўшы, што цяпер ад іх ужо не адмахнуцца.— А сёе-тое засталося, і мы вось ламаем галаву: сваё гэта ці чужое!
— От таму я запрашаю вас пафантазіраваць,— засмяяўся Сцяпан Васільевіч.
— Дазнацца б, хто яны, адкуль! — У Віці гарэлі вочы ад захаплення. Але і яго старэйшыя таварышы не маглі схаваць хвалявання. Сама прысутнасць, нават у нейкую даўнюю пару, у Сонечнай сістэме прадстаўнікоў іншай высокаразвітай цывілізацыі, з вобласці фантастыкі пераходзіла ў рэальнасць.
— Пастараемся, Віктор!
— Бо малаверагодна, што ўсё гэта пакінулі пасля сябе міфічныя фаэты або тыя, хто, можа, даўным-даўно жыў на Зямлі,— Гушча нібыта падвёў вынік размовы.
Бурмакоў перадаў яму вахту і пайшоў у сваю каюту.
Сённяшняе адкрыццё ўзрушыла капітана нават болей за марсіянскую знаходку. Упершыню яму, чалавеку, які заўсёды прызнаваў толькі тое, што мела пад сабой неаспрэчную абгрунтаваную аснову, раптам захацелася не абмяжоўваць сваю фантазію ніякімі граніцамі.
Сустрэць чалавека іншай цывілізацыі... Раней ён ніколі сур’ёзна не думаў пра гэта, хаця ўжо даўно ўсяго сябе прысвяціў пазнанню і асваенню космасу. Не думаў, адпраўляючыся на Марс і даючы Паўлу заданне вярнуцца да невытлумачальных фактаў, якія ёсць на роднай планеце. А зараз дужа захацелася, каб менавіта першы кантакт, хай сабе не з самімі іншапланецянамі, а з іхнімі тварэннямі, адбыўся непасрэдна пры яго ўдзеле, належаў яму.
Прывыклы аналізаваць і ўзважваць свае пачуцці і парыванні, Бурмакоў разумеў, што хоча надта многага. На яго долю і без таго выпала нямала. Месяц... Марс... Ганімед... Нарэшце, Плутон! Але думкі самі плылі далей, не спыняліся. У гэтым была, і ён ведаў гэта, яго няўрымслівая натура даследчыка. Бурмакову мроілася, што неўзабаве ён убачыць нешта такое, што раскажа пра невядомую планету ў далёкай Галактыцы, пасланцы якой пакінулі свае сляды. I яму ўявіліся цудоўная планета, залітая яркім сонечным святлом, незвычайна прыгожыя паселішчы-гарады з шырокімі вуліцамі-садамі і вынесенымі высока ў паветра ажыўленымі дарогамі-магістралямі, вялікія густыя пушчы, поўныя звяроў і птушак,— а над усім гэтым уладарыць чалавек, падобны і непадобны на зямнога: моцны, разумны, дасканалы...
Бадай, упершыню Бурмакоў так і не здолеў прымусіць сябе заснуць. Праляжаўшы вызначаны для сну час з адкрытымі вачамі, ён устаў і накіраваўся ў камандны адсек. Зірнуўшы на Паўла, засяроджанага, насупленага, відаць, таксама поўнага роздуму аб хуткай сустрэчы з новымі слядамі дзейнасці разумныхістот, Бурмакоў уключыў экран з павялічанымі здымкамі мясцовасці, дзе была выяўлена адна з крыніц-маякоў. Адлюстраванне было шэрым, невыразным. Бачыліся нейкія цені, падобныя на пёрыстыя воблакі, скрозь якія чамусьці прасвечваецца чорнае неба з цьмянымі зоркамі.
— Нічога адсюль мы не ўстановім,— Сцяпан Васільевіч выключыў экран, падсеў да Гушчы.
— Нядаўна зафіксавана яшчэ адна крыніца, я паслаў туды рухомую аўтаматычную станцыю, — сказаў Павел.
— Наўрад ці яна выявіць сутнасць, Павел Канстанцінавіч, тут чалавеку зразумець бы...
Гушча здзіўлена падняў галаву. Бурмакоў сярод касманаўтаў меў славу самага гарачага прыхільніка кібернетычнага розуму і вось раптам засумняваўся ў здольнасцях тэхнікі.
— Так,— матнуў галавой Сцяпан Васільевіч.— Крыніцы нам шукаць.
Віток за вітком намотваў «Набат» вакол Плутона. Здавалася, што на планеце не засталося ніводнага пункта, над якім не пралятаў карабель. А капітан марудзіў, вышукваў на вычарчанай ЭВМ карце Плутона раёны, якія, мажліва, яшчэ не трапілі ў поле зроку карабельных аб’ектываў і прыёмнікаў-пастак, бо крыніцы пасылалі даволі тонкія пучкі прамянёў.