Зноў эаняўшыся складзенай Бурмаковым картай Плутона, на якой эліпсам злучаліся ўяўныя маякі, Гушча ўжо меў вынікі даследаванняў, праведзеных пасланымі ім спадарожнікамі-станцыямі. Вынікі былі зусім не такія, як ён спадзяваўся. Станцыі адзначалі, што выпраменьванні ўсіх крыніц характарызуюцца адной пастаяннай велічынёй. Не было толькі паўторных даных на адну з іх — якраз тую, што выбухнула. ХутчэЙ за ўсё яе наогул не варта было браць у разлік. Павел схіляўся да думкі, што яна чамусьці выйшла са строю раней, чым на яе наткнуўся Бурмакоў. Ды чаго не бывае, і Гушча разам з іншымі запраграміраваў для разлікаў ЭВМ і задачу, у якой менавіта гэта крыніца была ў даны момант найбольш моцная. Але гэта быў толькі адзін з зыходных пунктаў задачы — машына, грунтуючыся на факт, быццам арбіта штучнага спадарожніка Плутона праходзіць непасрэдна над гэтым маяком, вызначыць параметры і цяперашнія каардынаты яго ў прасторы. Заданне было не простае нават для магутнай ЭВМ «Набата». Павел, складаючы праграму, не ведаў многіх даных і таму не вельмі верыў у поспех. 3 такім настроем ён і прыйшоў у рубку.
Віця бадзёрыўся, хаця ўжо амаль зямныя суткі неадлучна дзяжурыў каля пульта сувязі. Павел паглядзеў на яго стомлены асунуты твар і нічога не сказаў. Адсылай — не адсылай адпачываць, не пойдзе. Ды ён і сам бы на яго месцы не пайшоў.
— Што Зямля? — спытаў Павел, хаця і без таго было ясна: адказ не паступіў.
— Як у калодзежы, Павел Канстанцінавіч,— паскардзіўся хлопец.— Адна зорачка над галавой і тая далёка.
— Надта мудрагеліста, дружок,— паківаў галавой Гушча.— Не кумекаю, што да чаго.
— Хачу сказаць, Павел Канстанцінавіч,— сумеўся Віця,— што нам адно — спадзявацца на Зямлю.
— Зарапартаваўся, Віцяй, зарапартаваўся,— Павел ускудлачыў юнаку валасы, і раптам яго рука застыла на хлапечай галаве.— А гэта ж думка!
Віця залыпаў пачырванелымі вачамі.
— Так, так,— павесялеў Павел.— Ты сам не ведаеш, як трапна сказана: «калодзеж». Маякі могуць глушыць, адводзіць убок сігналы, але пасля выбуху вакол планеты, напэўна, сёе-тое засталося. Так што будзем здымацца. А пакуль арыентуйся толькі на стацыянарны спадарожнік.
I сапраўды яшчэ да старту касманаўтам удалося злавіць вестачку з Касмічнага цэнтра. Яе, падобна, паўтаралі не адзін раз, не спадзеючыся на трывалую сувязь. Не ўсё было прынята дакладна. Сігналы ішлі слабыя, часам невыразныя, з пропускамі. Параўнаўшы два паведамленні, прынятыя ў розны час, Павел збольшага зразумеў, што зямныя медыкі пакуль не могуць назваць прычыну хваробы Бурмакова, але дапускаюць, што яна выклікана выпраменьваннямі маяка-крыніцы, і будуць шукаць спосабы лячэння. А самага галоўнага — ці небяспечны стан Бурмакова для жыцця — не было. Усё па-ранейшаму заставалася на плячах яго, Гушчы.
Старт прайшоў добра. Цяжкі карабель пасля нядоўгага змагання разарваў ланцугі Плутона і, набіраючы хуткасць, вырваўся ў прастору. Але Павел не спяшаўся, ён чакаў, калі ЭВМ пацвердзіць ці абвергне яго здагадку, і «Набат» апісваў па спіралі кругі вакол планеты, паступова аддаляючыся і аддаляючыся. Касманаўты без жалю пакідалі Плутон, змрочны, негасцінны, чужы.
ІІІ
3 ДЗЁННІКА ВІЦІ АСАДЧАГА
12 студзеня. ЭВМ рашыла пастаўленую П. К. задачу і выдала каардынаты ўяўнага штучнага спадарожніка Плутона. Па касмічных маштабах адлегласць да яго выглядала невялікай — адна шостая астранамічнай адзінкі. «Набат» ужо меў даволі значную хуткасць, і недзе праз тыдзень мы маглі б выйсці туды. Але колькі ні вывучалі вызначаны раён прасторы, ніякім спадарожнікам і не пахла. Ні там, ні паблізу.
Мне самому было горка расставацца з прыгожай выдумкай П. К. Але факты лбом не зрушыш. Заставалася пагадзіцца з ранейшым поглядам С. В., што на марсіянскай схеме быў пазначаны не спадарожнік, а зоркалёт, таксама чужы Плутону. Я нагадаў пра яго П. К., дадаўшы:
— Зоркалёт, мусіць, ужо ў сваёй галактыцы.
П. К. дзіўна паглядзеў на мяне. Ён наогул апошнія дні як не ў сабе. Вельмі многа навалілася на яго. I трывога за капітана, і адказнасць за «Набат», і да ўсяго — крушэнне гіпотэзы. П. К. можна зразумець. Палёт на Плутон, які ён прапанаваў каля Марса, да той марсіянскай знаходкі мала што дабавіў. Крыўдна.
14 студзеня. П. К. паводзіць сябе бездапаможна, бяздзейна. I на Плутон не спрабуе яшчэ раз высадзіцца, што хоць неяк апраўдала б нашу тут затрымку, і на зваротны курс не кладзе «Набат». Мне ён нічога з гэтага поваду не гаворыць, мусіць, сам не ведае, на што спадзяецца. Хіба можна план, думку падмяніць аднымі разлікамі, якімі ён займаецца ледзь не круглыя суткі — і на вахце, і потым. Ад ЭВМ не адыходзіць.
Учора на маім дзяжурстве паступіла лазераграма. Сувязь з Зямлёй яшчэ ненадзейная, апошнім часам мы не атрымалі ніводнага поўнага тэксту. I гэта не было выключэннем. 3 Касмічнага цэнтра перадалі: «...крыніц-выпраменнікаў не выяўлена...» Я нічога не зразумеў. Паказаў П. К. і спытаў:
— Яшчэ недзе маякі аб’явіліся?
— Я прасіў праверыць Марс,— паціснуў плячамі П. К.
— 3 Плутонам не разабраліся, а на Марс азіраемся,— я абурыўся. Зрэшты, нехта ж павінен мець ясную галаву. П. К. хоць і замяніў капітана, аднак капітанскага, рашучага ў ім мала.— 3 Сцяпанам Васільевічам што будзе, пакуль мы тут гойсаем?
— Гэтага я не ведаю, Віця,— сумна адказаў П. К.
— Што мы чакаем, Павел Канстанцінавіч? — трэба было паставіць кропкі над «і».
П. К. зноў паціснуў плячамі. Я ведаў, што ў яго гэта азначала нежаданне працягваць размову. Ды я быў настойлівы.
— Сцяпан Васільевіч у небяспечным стане...
— Сцяпан Васільевіч, апрытомнеўшы, асудзіць нас, калі мы здымемся дачасна.
Пагаварылі, называецца. Як глухія. Няўжо П. К. лічыць мяне недаросткам? Мне ж хутка васемнаццаць!
17 студзеня. Атрымалі яшчэ дзве тэлеграмы з Цэнтра. Сувязь быццам бы аднаўляецца, скажэнняў менш. На Зямлі непакояцца за С. В., просяць новыя даныя пра яго стан і чамусьці ні словам не ўспамінаюць аб нашым вяртанні. Змова за маёй спіной? Хай сабе, абы ўсё было добра.
П. К. прачытаў прысланыя тэлеграмы і ўпершыню за колькі часу ўздыхнуў з палёгкай (праўда, раней ён наогул не ўздыхаў, хадзіў як у масцы). А потым раптам спытаў у мяне, паказаўшы на тэлеграмы:
— Што ты думаеш пра гэта?
Я прамаўчаў. Сапраўды, што я мог думаць?
— Не зважай, Віцяй, на мой настрой. Ранейшы. У мяне галава кругам ішла, а ты малайчына, трымаўся. А цяпер у тумане вакол нас з’явіўся пробліск.
Я здзіўлена падняў вочы. Хаця сённяшні П. К. мне падабаўся болей.
— Звярні ўвагу,— казаў ён,— нас не прыспешваюць з вяртаннем. Значыць, стан Сцяпана Васільевіча не крытычны. Думаю, ён у своеасаблівым анабіёзе, выкліканым выбуховым выпраменьваннем. Спецыялісты гэтага не адхіляюць.
П. К. быў надта гаваркі. Прыгнечанасць апошніх дзён раптам змянілася ўзбуджанасцю.
— Я табе казаў, Віцяй, што капітан не дазволіў бы адысці адсюль, не праверыўшы ўсе меркаванні да канца.
— Дык, здаецца, вы ўсё праверылі...
П. К. бліснуў вачамі і паклікаў робата:
— Вундэркінд, ты гатовы?
Вундэркінд цяпер заўсёды быў з намі. I зараз ён стаяў з правага боку ад пульта кіравання — ці то драмаў, калі гэта можна пра яго сказаць, ці то слухаў нашу размову. Пачуўшы пытанне П. К., ён, не мяняючы позы, выдаў доўгую чараду лічбаў. Мне аж млосна стала ад адной думкі, што іх трэба запомніць. А П. К. паспеў запісаць, нешта дадаў і ўвёў у ЭВМ.