Сваю першую ноч у касмічным гарадку Павел, як і напярэдадні ў Мінску, спаў кепска — трывожныя думкі лезлі ў галаву. А пазней ён засыпаў ужо, ледзь крануўшыся падушкі. I тыдзень, як і прадказваў Бурмакоў, прамільгнуў, бы адны суткі.
Апутаны правадамі з рознымі датчыкамі, Павел гадзінамі то ляжаў нерухома, то, наадварот, выконваў спецыяльныя практыкаванні, даючы незвычайную нагрузку мышцам і сэрцу, то сядзеў за сталом і рабіў складаныя разлікі. Яго паводзіны і стан рэгістраваліся складанымі прыборамі, вынайдзенымі ў апошні час і здольнымі за параўнаўча кароткі тэрмін вызначыць якасці арганізма. Нарэшце Павел, відаць, задаволіў патрабаванні прыдзірлівых дактароў, бо аднойчы, калі ён рашыў ужо, што даследаванням яго асобы не будзе канца, яны сказалі:
— Годны!
Пасля гэтага, калі не здарыцца нічога непрадбачанага, Павел мог лічыць сябе членам экіпажа «Набата».
Задаволены, Павел вярнуўся ў катэдж. Наперадзе быў упершыню за колькі часу вольны вечар: рабі што хочаш, займайся чым хочаш. Павел сеў у крэсла, адкінуўся на спінку. Можна было пазваніць Валі. Аднак, падумаўшы, рашыў, што заўтра ўсё роўна прыбудзе ў Мінск. Дык хай гэта будзе для яе сюрпрызам, які, можа, згладзіць другі сюрпрыз, не надта вясёлы — вестку пра хуткі адлёт. Павел паўляжаў, як у самалётным сядзенні, і дзівіўся з сябе. Аднекуль насунулася вяласць, стома, нешта падобнае на апатыю. Відаць, гэта была звычайная рэакцыя нервовай сістэмы на працяглую аддачу энергіі. Але розум не хацеў мірыцца з тым, што ён — вельмі дужы, вынослівы чалавек — так хутка здаўся. Перасільваючы сябе, Павел падняўся і выйшаў на вуліцу.
Бралася на вечар. Усё вакол пакрывалася ледзь улоўнай смугой — ці то насоўваўся туман, ці то змяркалася. Лес заціхаў, цямнеў. Павел блукаў доўга, аж пакуль не загулі ногі. 3 задавальненнем дыхаў халаднаватым, настоеным на смале і травах начным паветрам. Вярнуўся дадому, калі ўжо да світання заставалася гадзіны дзве-тры.
Ён не адразу запаліў святло, а нейкі час пастаяў каля адчыненага акна. На захадзе, там, дзе села сонца, усё яшчэ свяцілася бледная палоска, быццам неба ў гэту кароткую летнюю ноч зусім не збіралася цямнець, захоўвала масток паміж учарашнім і новым днём. I сонца неўзабаве ўзыдзе. Такі закон. Тут, на Зямлі. Бо для яго, касманаўта Гушчы, надыходзіць час, калі сонца не будзе ні заходзіць, ні ўсходзіць...
Незнаёмы раней смутак устрывожыў сэрца. Яшчэ не пакінуўшы Зямлю, Павел неспадзявана для сябе перажываў ужо блізкае расстанне з ёю. А што будзе там, у прасторы? Ён зачыніў акно. Спаць не хацелася, і Павел пачаў шукаць, чым бы заняцца, каб у галаву не лезла лішняе. Але ў гэты момант у дзверы пастукалі. Можна было, не кранаючыся з месца, аддаць загад аўтамату, і той адчыніў бы дзверы перад познім госцем. Ды Павел быў рады чалавеку і паспяшаўся ў прыхожую.
— ЗаходзьцеІ
Гэта быў Бурмакоў.
— Не наракайце, што я няўчасна,— пачаў ён апраўдвацца, пераступіўшы парог.— Але па сабе ведаю, вам сёння не да сну. Ды і пабачыцца хочацца. Заўтра буду вельмі заняты...
— Дужа вам рады,— Павел і сапраўды лепшага наведвальніка і не чакаў.— Вы праходзьце, праходзьце, прашу вас.
— Увогуле, калі не пярэчыце,— сказаў Бурмакоў,— дык я па вас. Не, не, мае таксама не спяць. Паедзем да мяне, тое-сёе абмяркуем. Гэта блізка. Сёння якраз зацверджаны канчаткова маршрут, выказаны новыя прапановы аб складзе экспедыцыі.
— Я гатовы,— і Паўлава сэрца, якое не рэагавала на самыя вялікія нагрузкі, раптам зачасціла.
Бурмакоў жыў таксама ў лесе, з сям’ёй, у катэджы, падобным на Паўлаў, толькі большым, двухпавярховым. Рабочы кабінет быў пад самай столлю і меў асобны выхад.
— Спачатку справы, а потым пазнаёмлю са сваімі,— паказваючы на кабіну ліфта побач з лесвіцай, усміхнуўся: — Напэўна, гэта адзіны від тэхнічнага прагрэсу, які я не хачу прызнаваць, калі, вядома, не надта высока ўзбірацца. I то час шкадую, а не ногі.
Яны падняліся ў прасторны ўтульны хол. Сцяпан Васільевіч падвёў Паўла да стала, заваленага паперамі, чарцяжамі, схемамі.
— Разбірайцеся, калі адужаеце. Я зараз.
Павел зірнуў і падумаў, што ў такім хаосе і сам гаспадар, відаць, канцоў не знойдзе, і не стаў капацца, бо не ўяўляў, што шукаць. А кабінет яму спадабаўся. Сапраўдны кабінет вучонага-непаседы, касмічнага бадзягі.
На сценах было шмат карцін і фатаграфій, у большасці на касмічныя тэмы. На іх можна было прасачыць усю гісторыю айчыннай касманаўтыкі — ад першых караблёў класа «Восток» і «Союз» да пазнейшых арбітальных станцый і планеталётаў. Не было толькі здымкаў самага апошняга карабля, «Набата». Напэўна, ён з’явіцца тут тады, калі Сцяпан Васільевіч сам пабывае на ім у прасторы.
Большасць гэтых караблёў Павел бачыў у натуры, астатнія ў малюнках, чарцяжах, так што нічога новага фатаграфіі яму не сказалі. А вось здымкі Бурмакова зацікавілі. Іх было нямнога. У кабіне касмічнага карабля. У час выхаду ў адкрыты космас. На Месяцы. Праз скафандр і гермашлем многа не разгледзіш. I Павел паспрабаваў уявіць сабе Сцяпана Васільевіча ў тых незвычайных умовах. Высокі, моцны, хударлявы, ён на фоне пустынных месячных пейзажаў выглядаў сапраўдным волатам. Ды, зрэшты, так яно і было. Чалавек, які вольна ходзіць па чужой планеце, не можа не быць велічным, магутным, разумным. А Бурмакоў пражыў на Месяцы толькі ў час апошняга палёту тры тыдні. Але ён не быў там экскурсантам. У глыбокім кратэры Мора дажджоў знайшоў рэчыва, якое пасля апрацоўкі стала выдатным палівам для рухавікоў «Набата». Менавіта таму і магчыма гэта экспедыцыя на Марс.
Пакуль Павел аглядаўся, гаспадар збегаў на другую палавіну, папярэдзіў жонку, што прыйдзе не адзін. Вярнуўшыся, сеў побач з госцем.
— Спачатку я крыху раскажу, а потым, калі будуць, адкажу на вашы пытанні, Павел Канстанцінавіч,— ён памаўчаў, суровеючы на вачах, нібы ў думках перанёсся ўжо ў рубку «Набата». Загаварыў, аднак, мякка, добразычліва: — Вы, канешне, ведаеце, што мы пойдзем да Марса. Старт адбудзецца ў лістападзе, каб недзе ў красавіку апынуцца на арбіце Марса. У гэты час адлегласць да планеты ад Зямлі будзе найкарацейшая. Нам належыць вывучыць мясцовасць у раёне, пазначаным на картах Марса як возера Сонца. Больш канкрэтны план вызначым у час аблёту планеты і пасля высадкі разведвальнай ракеты з людзьмі.
Павел слухаў і дзівіўся будзённасці гэтай размовы. Справа ішла пра падарожжа за мільёны кіламетраў, пра зусім іншы, незямны свет, а Бурмакоў і ён сам успрымаюць гэта як нешта звычайнае, быццам караблі ў далёкі космас стартуюць кожны дзень. «Ну, Сцяпан Васільевіч,— думаў Павел,— дзелавіты таму, бо неяк прадбачыць, што іх можа чакаць. А ён, Павел, адкуль у яго спакой? А можа, чалавек заўсёды хвалюецца толькі да пэўнай мяжы і, калі яму робіцца будучае ясным, галава пачынае працаваць у іншым напрамку — як справіцца з пастаўленай задачай? I тады ўласная асоба адступае на другі план».
— Спачатку,— працягваў Бурмакоў,— намячалася, што ў экіпажы будзе два чалавекі. Аднак зусім нядаўна высветлілася, што дапаможная тэхніка, дэсантныя сродкі будуць больш магутныя. Ды і «Набат» можа ўзяць на борт больш людзей. Вырашана ў бліжэйшыя гады пабудаваць яшчэ некалькі караблёў такога класа, з тым, каб накіраваць іх ужо да больш далёкіх планет. Ім спатрэбяцца экіпажы ўмелых, вопытных пілотаў, штурманаў, бортінжынераў, і касцяк гэтых касманаўтаў складуць тыя, хто пабудзе ў прасторы. Але такіх пакуль недастаткова. Ёсць прапанова вучыць моладзь, з цяперашніх курсантаў касмаклубаў. Такім чынам, можа стацца, што з намі адправіцца стажор.
— Ого! — Павел не ўтрымаўся ад воклічу.— Чалавек пачынае размаўляць з космасам на роўных!
— Хопіць нам быць пачаткоўцамі,— суровы твар Бурмакова прасвятлеў, разгладзіліся маршчынкі, у вачах успыхнулі задорныя агеньчыкі.
Упершыню Павел пачуў пра Бурмакова, калі вучыўся ў шостым класе. Натуральна, адважны заваёўнік космасу, пра якога шмат пісалі газеты, перадавалі тэлевізійныя станцыі, радыё, за подзвігамі якога сачыла ўся Зямля, яму, хлопчыку, у той час здаваўся сталым, калі не сказаць, пажылым чалавекам. Гэта першае дзіцячае ўражанне захавалася і потым. 3 хлапчука ён, Павел, ператварыўся ў дваццацівасьмігадовага мужчыну — таго ж узросту, у якім Бурмакоў упершыню стартаваў у космас, а ўсё роўна глядзеў на яго, як на старэйшага і мудрэйшага, як на бацьку. А зараз, пазіраючы на памаладзелага раптам Сцяпана Васільевіча, падумаў, што яму яшчэ далёка да старасці. Каб не рыжаватая бародка-клінок, выглядаў бы Бурмакоў побач з ім братам.