Выбрать главу

Павел з хваляваннем глядзеў у акно. Усё яму было новае: і бязважкасць, адчутая не на трэніровачных снарадах, і чорнае, з россыпам незлічоных зорак, неба, і глухая цішыня інерцыйнага палёту, якая нібы пранікала з маўклівай прасторы. Недзе там, у напрамку Вадалея, павінна знаходзіцца лішняя зорачка — арбітальная станцыя, каля ўнутранага прычала якой, быццам акіянскі лайнер, спушчаны са стапеляў, ашвартаваўся, гатовы да выпрабаванняў, планеталёт «Набат».

Спрактыкаваныя Паўлавы вочы хутка выявілі на небе зорку-станцыю. Яна, здавалася, адзіная жыла ў мёртвым і халодным Сусвеце, прыветна памігваючы сігнальнымі агеньчыкамі. Неўзабаве зорка пачала расці, ператвараючыся ў вялікае яркае кола, у сярэдзіне якога, прымацаваны дзесяткам патрубкаў-спіц, вісеў цыгарападобны «Набат». Павел ведаў, што былі розныя праекты карабля. Адны прапаноўвалі, улічваючы старт з беспаветранага касмадрома, зрабіць яго круглым, падобным на саму арбітальную станцыю, другія — захаваць традыцыйную форму даўняй ракеты, каб у выпадку пасадкі на планеце з атмасферай карабель лягчэй пераадолеў яе супраціўленне. «Набат» зрабілі падобным на падводную лодку — без рубкі, з вострым носам і абрубленай кармой. I, Павел з задавальненнем адзначыў гэта, «Набат» быў нават прыгажэйшым за падлодку, бо адчувалася ў яго серабрыстым корпусе нейкая падкрэслена незямная імклівасць, нацэленасць на скачок.

Тым часам арбітальная станцыя засланіла сабой паўнеба, павольна насоўваючыся на ракетаплан. Паўлу ўявілася, што падлятаюць яны не да штучнага збудавання, а да нейкага астэроіда — вокны-ілюмінатары, выступы-ўваходы на цёмна-шэрым корпусе здалёк былі падобныя на шматлікія кратэры. I нарэшце адбылася стыкоўка, мяккая, без штуршка.

Пасажыраў запрасілі ў вакзал. Павел моцна трымаўся за парэнчы і думаў, што акрамя вывучэння карабля ён мусіць прывучыць сябе і да бязважкасці. Азірнуўся на таварышаў. Бурмакоў крочыў лёгка, упэўнена — як на Зямлі. Віця з цікавасцю круціў галавой па баках, аднак у кожным яго руху адчувалася скаванасць, насцярожанасць. Павел пасміхнуўся: напэўна, і ён сам выглядае не лепш, і закрочыў хутчэй.

Знутры арбітальная станцыя выглядала яшчэ больш унушальна. Гэта было сапраўды грандыёзнае збудаванне — завод, верф, горад... Любое з гэтых вызначэнняў падыходзіла, але ні адно не перадавала дакладна сутнасці. У шматлікіх памяшканнях станцыі размясціліся майстэрні, лабараторыі, жылыя каюты і нават невялікі сад, у якім нібы спалучалася прыемнае з карысным — дрэвы, расліны не толькі цешылі жыхароў станцыі, а і з’яўляліся доследным матэрыялам.

Павел, вядома, шмат чытаў і чуў пра арбітальную станцыю. Гэта было, паводле агульнай думкі, збудаванне веку, першае дасканалае ажыццяўленне праектаў, якія нарадзіліся яшчэ ў мінулым стагоддзі. Аднак толькі апынуўшыся тут, Павел зразумеў па-сапраўднаму, якой вышыні дасягнула чалавечая думка, якімі магчымасцямі валодае сучасная навука і тэхніка.

Станцыя мела паўкіламетра ў дыяметры і была падобна больш на маленькую планету, чым на штучны спадарожнік. Знаходзячыся ад Зямлі ледзь не за сорак тысяч кіламетраў, яна тым не меней не выглядала нечым адасобленым, уяўлялася Паўлу неад’емнай часткай роднай планеты, як працягам яе, мастком у прастору.

У доўгіх, шырокіх і светлых калідорах, не заціхаючы, пульсавала рытмічнае, працоўнае жыццё. Насустрач Паўлу рухаліся людзі, засяроджаныя, занятыя, прывыклыя да сустрэч з навічкамі; снавалі электракары. Як на звычайнай вуліцы, на заводзе. Падобна, тут цанілі час.

Павел дагнаў таварышаў.

Бурмакоў паглядзеў на яго, быццам правяраў уражанне, змоўніцкі падміргнуў:

— Здорава!

— Не тое слова, Сцяпан Васільевіч,— адказаў Павел,— фантастычна!

— А ці не здаецца вам, Павел Канстанцінавіч, што мы наогул ступілі ў паласу, дзе ўсё будзе фантастычным? — У Віцевых вачах палала захапленне.— Арбітальная станцыя, «Набат», Марс!..

— Так, Віктор,— Бурмакоў спыніўся каля акна, за якім віднеўся борт іх карабля, злучанага закрытым калідорам са станцыяй.— Хопіць чалавеку трымацца за ручку Маці-Зямлі, настала пара паглядзець, а што там за родным парогам!

Павел слухаў і думаў, што стрыманасць Бурмакова, напэўна, выпрацавалася на працягу доўгіх гадоў цяжкай службы касманаўта, а на самай справе ён летуценнік, не меншы за Віцю. Ды хто ведае, можа, менавіта такія людзі і дабіваюцца нечага ў жыцці. Сам Павел саромеўся ўзнёсласці, не мог раскрывацца нават перад сябрамі. Аднак у іншых гэту якасць любіў, паважаў. I Бурмакоў, здольны захапляцца і марыць, як юнак, у гэту хвіліну стаў яму яшчэ бліжэй, даражэй.

— А дзе мы жыць будзем? — спытаў Віця. Хлопца паліла нецярпенне, яму хацелася дзейнічаць.

— Вось тут,— Сцяпан Васільевіч паказаў на дзверы, непадалёк ад якіх яны стаялі.— Калі не будзе пярэчанняў, у адным пакоі. Нам быць разам, можа, месяцы і месяцы, пара прывыкаць, прыцірацца адзін да аднаго.

Калі ўладкаваліся, Бурмакоў павёў Паўла і Віцю на карабель. Унутраная сценка станцыі ў тым месцы, дзе швартаваўся планеталёт, была празрыстая, і яны ўбачылі свой «Набат» зусім побач. I застылі, ашаломленыя. Вось ён, велічны, строгі прыгажун, іх прытулак у бязмежным космасе!

Бурмакоў бываў тут раней. Але і ён зараз, паглядаючы на сваіх малодшых таварышаў, таксама зноў адчуў, што палёт, пра які марыў, можа, з першага выхаду ў прастору, ужо не толькі план, а сама рэальнасць. I ў гэтым палёце ў невядомае Павел і Віця будуць яго адзінымі саратнікамі. Узрушаны Сцяпан Васільевіч абняў іх за плечы, прытуліў да сябе.

Нехта ўсё-такі падгледзеў гэту хвіліну, сфатаграфаваў касманаўтаў. Пазней, пасля старту «Набата», здымак надрукуюць газеты, пакажуць тэлевізійныя праграмы. Аднак самі героі кадра нават не заўважылі фатографа. У думках яны былі ўжо на борце карабля, дзе чакала іх сур’ёзная і адказная праца.

Хутка Гушча зразумеў, што дваццаць чатыры гадзіны — не так ужо многа для сутак. Трэба было не толькі вывучаць карабель, а і крытычна прыглядацца да кожнага вузла, прыбора, механізма, уяўляючы іх у дзеянні — у палёце, у час выхаду на чужой планеце. Абсталяванне ж у большасці было унікальнае. Бурмакову часта даводзілася напамінаць Паўлу, што дзень скончыўся і пара крыху адпачыць, каб і заўтра мець сілы працаваць з яснай галавой.

Гушча ўпарціўся, казаў, што арбітальная станцыя гэта не Зямля, што ў бязважкасці суткі даўжэйшыя.

Бурмакоў, сам не менш заклапочаны і стомлены, смяяўся:

— Станцыя, Павел Канстанцінавіч, што зямная ваколіца. Знайду вам планету, дзе суткі сапраўды працягнуцца гадзін на сорак. От там і папрацуеце.

Як ні дзіўна, падобныя жарты супакойвалі Гушчу, і ён, для прыліку пабурчаўшы, адпраўляўся спаць. А назаўтра з яшчэ большай настойлівасцю браўся за працу, часам толькі дзівячыся, як гэта ў яго хапае сіл, каб лазіць па доўгіх карабельных трапах, калі кожны неасцярожны крок пагражае падкінуць цябе пад столь, гадзінамі корпацца ў схемах і машынах, запамінаць, дзе і што знаходзіцца.

А дні беглі, як тыя секундныя стрэлкі на хранометры, няўмольна накручваючы хвіліны і гадзіны, набліжаючы заканчэнне вызначанага для асвойвання карабля часу. I карабель, складаны, дасканалы, ужо больш не палохаў, а рабіўся зразумелым, блізкім, сваім.

Нарэшце настала і тая хвіліна, калі галоўны эксперт дзяржаўнай камісіі сказаў, што прэтэнзій да першага экіпажа «Набата» не мае — ён можа адпраўляцца ў экспедыцыю.

I карабель быў гатовы да адлёту.

VII

Касманаўты атрымалі кароткі перадстартавы адпачынак. Можна было адаспацца, нагуляцца ўпершыню за колькі тыдняў. Аднак нікому з іх не хацелася марна траціць апошнія зямныя дні. 3 раніцы яны адпраўляліся з Касмічнага гарадка ў Маскву — гулялі па вуліцах, сядзелі ў прыціхлых асенніх скверах, хадзілі ў тэатры. Але і гэтым дням надышоў канец. Настала пара збірацца ў дарогу.

Апошні дзень на Зямлі касманаўты прысвяцілі развітанню з Масквой. Ад Краснай плошчы яны прайшлі цераз увесь горад да Пантэона Уладзіміра Ільіча Леніна і затым вярнуліся ў Музей касманаўтыкі. Тыя, хто пакідаў Зямлю, заўсёды аддавалі пашану сваім папярэднікам, жыццё якіх стала легендай, гісторыяй.