Выбрать главу

На ўзвышшы, на ўскраіне Вялікай Масквы, паўстагоддзя таму назад быў узведзены незвычайны будынак. Ён зусім не нагадваў касмічны карабель, як магло падумацца, і не было ў ім традыцыйнай нацэленасці ўвысь. Творцы музея пастараліся даць контурам будынка непрывычныя рысы. Хаос, адсутнасць строгіх геаметрычных форм — вось што кідалася ў вочы пры першым позірку. У гэтым было нешта незямное, яно непакоіла думку, трывожыла, кудысьці клікала. I ўнутры, хаця самі залы выглядалі строга, мелі звычайныя сцены, бачылася шмат элементаў касмічнага — афармленне, экспанаты, фатаграфіі, скульптуры.

Бурмакоў падвёў таварышаў да залы Гагарына. Яго скульптура стаяла на абломку базальтавай скалы побач з макетам першага касмічнага карабля «Восток» у натуральную велічыню.

Прыціхлыя, засмучаныя, спыніліся касманаўты перад гэтым помнікам бессмяротнаму подзвігу, зусім не думаючы пра тое, што, можа, хутка і іх імёны будуць таксама высечаны золатам на сцяне гэтага музея. Яны проста схіляліся перад тым, хто быў першым.

Гагарын цікавіў Паўла перш за ўсё як чалавек. Што ён думаў, калі садзіўся ў кабіну, калі апынуўся на нябачнай да таго часу вышыні, што думаў, ідучы на пасадку, адказваючы на прывітанні і віншаванні.

I больш за ўсё Паўла ўсхвалявалі словы, напісаныя Юрыем Аляксеевічам перад стартам. Яны былі ўвекавечаны на граніце. Павел падышоў бліжэй, каб прачытаць заяву першага касманаўта. I адчуў, што побач застылі Сцяпан Васільевіч і Віця.

Праводзіны «Набата» былі незвычайныя — адначасова на арбітальнай станцыі і на Зямлі. Вялізныя аб’ёмныя тэлеэкраны, устаноўленыя ў залах для ўрачыстых выпадкаў, стваралі эфект прысутнасці. I той, хто знаходзіўся на Зямлі, адчуваў сябе нібы побач з касманаўтамі, меў магчымасць нават перакінуцца з імі словам-другім. Аднак у размовах, бадай, неабходнасці зараз не было. Касманаўты напярэдадні развіталіся з роднымі, сябрамі, блізкімі, знаёмымі. I цяпер заставалася толькі так званая афіцыйная частка.

Рэпрадуктары абвясцілі, што настала пятнаццатая гадзіна. Кіраўнік палёту пажадаў экіпажу «Набата» шчаслівага падарожжа і паспяховага вяртання на Зямлю.

Касманаўты аддзяліліся ад натоўпу жыхароў арбітальнай станцыі, па традыцыі падняліся на спецыяльна пастаўленую трыбуну, хвіліну прабылі там, быццам настройваючыся на новую для сябе справу, і, памахаўшы зямлянам высока ўзнятымі рукамі, рушылі па трапе на карабель — першы Бурмакоў, за ім Асадчы і апошні — Гушча.

Усхваляваны Павел механічна, быццам гэта быў не сам адлёт, а трэніроўка, зачыніў за сабой дзверы, хоць неабходнасці ў гэтым не было — за ўсім сачылі аўтаматы, праверыў герметычнасць і пайшоў у рубку. На штурманскім пульце засвяцілася карта Сонечнай сістэмы. I тады да Паўла раптам вярнулася яснасць думкі. Зямля і тое, што там засталося, аддалілася, новыя клопаты захапілі яго.

На тэлеэкране Павел бачыў, як паступова адплывае «Набат» ад свайго прычала, як пагрозліва насоўваецца на карабель чорнае зорнае неба, бясконцае, няўтульнае. Потым экран пагас. У навакольную цішыню ўварваўся гул рухавікоў. Паўла прыціснула да пругкага сядзення. Палёт пачаўся.

Толькі праз шэсць гадзін змоўклі рухавікі. Цела вызвалілася ад гнятлівага цяжару, і Павел адкінуў ахоўны каўпак, асцярожна ўстаў. Бурмакоў з усмешкай назіраў за яго няўпэўненымі крокамі — нават шматдзённае знаходжанне на арбітальнай станцыі не прывучыла Паўла да бязважкасці. А Віця адчуваў сябе выдатна і ўжо круціўся ля цэнтральнага пульта, дзе мігцелі рознакаляровымі агеньчыкамі цыферблаты шматлікіх прыбораў, шапацелі лічыльнікі, дрыжалі стрэлкі вымяральнікаў.

Бурмакоў адчыніў заслонкі на бакавых ілюмінатарах. У яркім сонечным святле карабельныя свяцільнікі пазмрачнелі, і аўтаматы адразу выключылі іх.

Віця падбег да ілюмінатара, глянуў і ўсклікнуў:

— Зямля! Зямля! — голас яго раптам перарваўся, асеў, відаць, і юнак зразумеў да канца, што расстанне надоўга адбылося.

А Зямля, ахутаная аблокамі, галубела ў чорнай бездані неба справа ад «Набата». Недзе там, на невыразна бачным адсюль мацерыку Еўропы, знаходзіліся Масква, ракетадром. Ужо даўно разышліся ўсе, хто праводзіў першы міжпланетны карабель. Толькі дзяжурныя ў Цэнтры палёту засталіся на сваіх месцах — яны будуць сачыць за «Набатам» увесь час, нават і тады, калі сігналы з яго будуць паступаць на Зямлю з вялікім спазненнем.

Сцяпан Васільевіч уключыў экран прамой сувязі з Цэнтрам кіравання палётам. Ён збіраўся перагаварыць з дзяжурным, але на экране ўзнік твар Старшыні Цэнтра.

— Віншую з удалым стартам! — сказаў Старшыня, пільна ўглядаючыся ў Бурмакова. На сваім экране ён бачыў не толькі яго, а і астатніх касманаўтаў — усю рубку. А пажадаўшы, мог паглядзець любы важны карабельны адсек. Тэлесувязь унутры «Набата» выходзіла на галоўны перадатчык на Зямлю.— Ведаю, усё нармальна,— стан касманаўтаў кантралявалі спецыяльныя датчыкі.— Так яно і мае быць! — Старшыня задаволена кіўнуў галавой.

Тэлекамера паплыла ўбок, на экране паказаліся рабочыя пульты Цэнтра, аператары перад імі. Кожны на імгненне адрываўся ад сваёй працы, узнімаў руку. Так развітваліся з караблямі, якія пакідалі калязямную арбіту, аддаючы даніну апошняй урачыстай хвіліне. Далей сеансы тэлесувязі будуць чыста дзелавымІ, рабочымі. Потым на экране зноў з’явіўся Старшыня, на гэты раз ва ўвесь рост.

— Жадаем шчаслівага падарожжа,— ён сказаў гэта цёпла, усхвалявана і глядзеў не мігаючы, быццам хацеў запомніць кожную рысачку на тварах касманаўтаў.

— Дзякуем,— адказаў Бурмакоў.

Экран пагас.

Сцяпан Васільевіч пастаяў перад ім хвіліну і тады павярнуўся да Паўла і Віці:

— Будзем працаваць, сябры!

На карме карабля заспявалі песню рухавікі. Павел адчуў, як нібы пацвярдзела пад нагамі падлога, як памацнелі мускулы, як больш упэўненымі сталі рухі цела.

Частка другая

3 ДЗЁННІКА ВІЦІ АСАДЧАГА

25 лістапада. Часам забываю, што знаходжуся не на Зямлі, а на караблі ў космасе. Як тут хораша, як усё да дробязей прадумана! Вось зараз я сяджу ў невялікай каюце — бібліятэцы. Утульнае памяшканне, абсталяванае як трэба: стол, крэслы, уздоўж сцен кніжныя паліцы і шафы (праўда, больш кніг у запісу). Можна чытаць, пісаць (што я і раблю зараз), і ніхто ніколі не перашкодзіць без твайго дазволу.

Сцяпан Васільевіч і Павел Канстанцінавіч не здагадваюцца пра мой дзённік. Не кажу ім не таму, што хачу нешта ўтаіць ад іх. Не, гэта такія людзі, якім я ніколі не змагу схлусіць. А не расказваю пра дзённік таму, каб раптам не падумалі, што мне ўжо захацелася дадому, і не пачалі шкадаваць, што ўзялі з сабой. Маглі ж выбраць і каго іншага. А я вельмі баюся, каб пра мяне не падумалі блага. На караблі ў маіх старэйшых таварышаў клопатаў і без таго хапае. Так што мой дзённік, у якім я пастараюся быць шчырым і аб’ектыўным, застанецца пакуль маёй невялікай таямніцай.

Ну вось і прадмова ёсць. Цяпер можна запісваць галоўнае, уражанні, падзеі. Гэта я абяцаў аднакласнікам. Праўда, мы ўжо закончылі школу і рабяты падаліся хто куды. Ды гэта не бяда, мы дамовіліся, што кожны год у дзень выпуску будзем збірацца, хто б дзе ні быў. (Цікава, як гэта «збяруся» я наступным летам? Пашлю, напэўна, прывітанне з Марса. А што? Я — на фоне марсіянскіх пяскоў! Арыгінальна!) От на такой сустрэчы некалі я і прачытаю свой дзённік.

Пачну з таго, як развіталіся з Зямлёй. Гэта быў такі момант, што ў мяне нават камяк да горла падступіў. Здавалася, яшчэ імгненне, і я заплачу. Добра, што ўтрымаўся. Было б надта сорамна. Спадзяюся, што С. В. і П. К. не заўважылі гэтай маёй слабасці. Лічу, што сапраўднаму касманаўту яе дараваць нельга, і абяцаю быць надалей вытрыманым, суровым. Як С. В. і П. К. Упэўнены, што і ім было нявесела. У С. В. сям’я, У П. К. — мая сястрыца. Выпадкова падслухаў, як ён казаў Валі, што будзе сумаваць па ёй. Пажаніліся б яны ўжо, ці што. Але нешта я збочыў, дзённік усё-такі мой, а не С. В. ці П. К.