Выбрать главу

— Шмат загадак загадаў нам Марс. Помніце, якая думка выказана была ў свой час пра яго спадарожнікі Фобас і Дэймас? Што яны — штучныя. Вы думаеце, мне не хочацца, каб гэта была праўда? Я таксама хачу, каб штучныімі былі каналы і моры. Але як яно там на самай справе — хто ведае. Злётаем, пабачым і пра ўсё раскажам вам, Валянціна Аркадзьеўна. Верыце?

— Веру,— задумліва адказала Валя.— Хіба можна жыць без веры?

VI

Надышла восень. Аднойчы Павел прачнуўся і не пазнаў свайго жытла. Заўсёды светлы і прасторны пакой здаўся сутарэннем. Нават столь нібы апусцілася ніжэй. За акном былі цяжкія хмары. Паўзлі нізка, павольна, кладучы сумны цень на зямлю.

Павел устаў, але не адчуў звычайнай бадзёрасці: цела прывыкла ўжо да напружаных трэніровак, а ўперадзе зноў быў вольны дзень.

Нехаця Павел пачаў рабіць зарадку, абдумваючы, чым бы заняцца. Можна было б пабываць у Мінску. Ён з радасцю злятаў бы туды, але невядома, калі выязджаць на касмадром.

У дзверы пастукалі.

— Заходзьце…

Увайшоў Бурмакоў.

— Такое адчуванне, быццам цэлыя суткі праспаў,— паскардзіўся Павел.

Бурмакоў спачувальна паківаў галавой.

— Хутчэй бы ўжо далі якую работу, Сцяпан Васільевіч, а то зусім разлянуюся.

Бурмакоў хітравата прыжмурыўся.

— Праз гадзіну едзем на ракетадром.

— Ура-а-а! — закрычаў, убягаючы ў пакой, Віця. Відаць, ён пачуў, пра што тут гаварылі.

Бурмакоў злавіў Віцю, пасадзіў побач з сабой на канапу.

— Наш карабель пабудаваны. Сёння едзем яго прымаць.

— А гэта доўга? — не цярпелася Віцю.

— Бадай месяц.

— Месяц? — расчараваўся Віця.

— А ты як думаў? Вось убачыш, як і чым наш карабель абсталяваны — зразумееш. Нам усю тэхніку трэба не толькі праверыць і прыняць, — мы павінны вывучыць яе…

Хуткасны вышынны ракетаплан лёг на круты віраж. У вушах у Паўла закалола. Ракетаплан імкліва зніжаўся з трыццацікіламетровай вышыні. Прыціснутыя да спінак крэслаў, Павел і Віця шукалі вачыма зямлю. Там, схаваны аблокамі, ляжаў ракетадром. Які ён?

Мінуўшы хмары, ракетаплан панёсся да пасадачнай палады.

— Тут? — Віця спадзяваўся ўбачыць агромністы горад, велічныя ангары ракетапланаў, браніраваныя бункеры назіральнікаў. Але навокал было роўнае поле.

— Эх ты, рамантык…— Бурмакоў ласкава ўзяў Віцю за руку.— Самае галоўнае знаходзіцца пад зямлёй. I карабель там. У закрытым памяшканні з пастаяннай тэмпературай больш надзейна было весці зборку і мантаж, бо работа патрабуе вельмі высокай дакладнасці. Таму пабудавалі падземны ангар.

Але Віцю гэта не суцешыла. Адсюль у Сусвет адправіцца першы карабель, а хто ўбачыць яго ў гэтую ўрачыстую хвіліну?

Калі на пасадачнай пляцоўцы іх сустрэла вялікая група людзей, якія нямаведама адкуль з’явіліся, Бурмакоў падміргнуў Віцю:

— Ну як? Пустыня?

Машына павезла іх у стэп. Калі яна неўзабаве спынілася, густы бас Бурмакова прагучаў па-маладому звонка:

— Прыехалі!

У Паўла і ў Віці ад хвалявання знямелі ногі: недзе тут павінен быць карабель, які панясе іх у космас.

Зрабіўшы некалькі крокаў, яны спыніліся ля невялікага збудавання з залацістым шпілем.

— Сюды,— паказаў на ўваход начальнік касмадрома і запрасіў усіх зайсці ў ліфт. Секунда,— і кабіна ліфта апынулася ў агромністай зале, залітай спакойным святлом неонавых лямп.

Яго нельга было не заўважыць адразу. Прыгажун, велічны і строгі, ён, здавалася, чакае толькі каманды, каб зрабіць свой гіганцкі скачок у бязмежжа.

Павел і Віця стаялі, уражаныя відовішчам. Вось ён, іх карабель, прытулак на доўгія месяцы ў халодным няўтульным космасе.

Бурмакоў, які тут бываў раней, таксама, відаць, зразумеў, што палёт стаў не планам, а рэальнасцю, і з гэтай хвіліны няма, не будзе ў яго бліжэйшых сяброў, чым Павел і Віця. Усхваляваны Сцяпан Васільевіч падышоў да іх, стаў ззаду, не адводзячы вачэй ад карабля, які свяціўся халодным срэбрам.

Нехта з прысутных навёў на касманаўтаў фотаапарат. Пазней, пасля адлёту карабля, гэты здымак абляціць усе газеты свету.

— Пайшлі, таварышы, зоймемся справай,— зусім будзённа сказаў начальнік ракетадрома.

Хутка Павел зразумеў, што 24 гадзіны ў сутках — гэта зусім не многа. Яму прыходзілася не толькі вывучаць будову карабля, але і ставіцца да кожнага вузла крытычна, уяўляць яго ў палёце, у дзеянні. Калі Павел скардзіўся, што яму — малыя суткі, Бурмакоў жартаваў:

— Знойдзем вам планету, дзе суткі будуць — сорак гадзін, пацярпіце крышку.

Як ні дзіўна, такія жарты супакойвалі, і Павел яшчэ з большай упартасцю браўся за работу, часам толькі не разумеючы, адкуль бяруцца сілы ў Віці, каб нароўні з ім лазіць па трапах, правяраць схемы, корпацца ў злучэннях тысяч правадоў. Праўда, ад Віці не патрабавалася такіх ведаў, як ад яго, але хлопец быў поўны такой жа нецярплівасці, як і старэйшыя. I нават у рэдкія вольныя хвіліны адпачынку ён не мог маўчаць, засыпаючы і Паўла і Бурмакова безліччу пытанняў.