Выбрать главу

Павел заўважыў прычэпленыя да іх карабля ракеты, што павінны былі вывесці «Набат» за атмасферу. Усхваляваны ўрачыстасцю, ён увайшоў у люк карабля, механічна, быццам рабіў гэта кожны дзень, праверыў паказанні прыбораў, апусціўся ў рубцы на сваё крэсла. I раптам адразу вярнулася яснасць думкі. Зямля і тое, што там засталося, сталі далёкімі, а тут жыццё ішло сваім парадкам. Павел націснуў кнопку, і празрысты ахоўны антыгравітацыйны каўпак, які павінен быў зменшыць уздзеянне сілы паскарэння, апусціўся над крэслам. Яго таварышы паспелі гэта зрабіць раней. Да старту заставалася трыццаць секунд. Павел зірнуў на экран тэлевізара, які паказваў падземную залу ракетадрома, дзе сабраліся ўсе хто праводзіў іх, хацеў знайсці Валю ў тым натоўпе, ды не паспеў. Пачуўся глухі рокат, на тэлеэкране замільгалі маланкі. Непрыемны цяжар прыціснуў Паўла да пружыністай паверхні крэсла. Калі ж на экране пасвятлела, поле ракетадрома выглядала на ім маленькай кропкай.

Бурмакоў вызваліўся з-пад ахоўнага каўпака, падышоў да пульта кіравання, паклікаў да сябе Паўла і Віцю. Шматлікія прыборы памігвалі чырвонымі, сінімі, зялёнымі цыферблатамі, гудзелі, спяваючы сваю бясконцую і толькі ім вядомую песню.

— Віця, — загадаў Бурмакоў, — адчыні бакавыя ілюмінатары.

Хлопчык павярнуў чорненькі рычажок, і яркае сонечнае святло хлынула ў рубку.

— Зямля! Глядзіце, Зямля! — закрычаў Віця, углядаючыся ў ілюмінатар.

Зямля, ахутаная туманам, сінела на чорным абрусе неба справа ад карабля. Недзе там, на невыразна бачным адсюль мацерыку Еўропы, знаходзілася Масква. Крыху далей — ракетадром, дзе яшчэ стаялі іх сябры, родныя, блізкія. Яны чакалі паведамлення з ракеты. Бурмакоў зірнуў на зямны гадзіннік, што вісеў побач з астранамічным. 3 моманту старту прайшло пятнаццаць хвілін. Карабель ужо выведзены на часовую арбіту вакол Зямлі. Пара даваць пра сябе вестку. Сцяпан Васільевіч уключыў тэлевізар прамой сувязі.

Матавы экран ажыў, прамільгнулі абрысы залы, ракетадрома і, нарэшце, на ім з’явіўся твар старшыні Касмічнага цэнтра.

— Віншую з удалым стартам! — прамовіў ён. — Як адчуваеце сябе?

— Нармальна, — лаканічна адказаў Бурмакоў. Астатняе за яго перадалі прыборы, якія адзначалі іх паводзіны пасля старту і ў першыя хвіліны пад’ёму.

Старшыня задаволена кіўнуў галавой. Экран паплыў, на ім буйным планам паявіліся твары тых, хто знаходзіўся ў зале. Гэта было традыцыйнае апошняе развітанне. Потым на экране зноў паказаўся старшыня. Узняўшы руку, ён урачыста сказаў:

— Вам час легчы на курс. Жадаем шчаслівага падарожжа і вяртання на Зямлю!

Нябачны аркестр зайграў Гімн Савецкага Саюза. Бурмакоў, Павел, Віця ўсталі, павярнулі твары да ілюмінатара, у якім была відаць Зямля.

ЧАСТКА ДРУГАЯ

І

3 дзённіка Віці Асадчага

25 лістапада. Іншы раз я забываю, што знаходжуся на касмічным караблі. Як добра прыдумалі яго вучоныя! Вось і цяпер я сяджу ў невялікім кабінеце-бібліятэцы. Гэта — утульная каюта з шафамі і паліцамі ўздоўж сцен, сапраўдным пісьмовым сталом. Сядзі і пішы (што і раблю), і ніхто табе не перашкаджае. Сцяпан Васільевіч адпачывае, а Павел Канстанцінавіч нясе вахту. Яны не цікаўныя, і я пішу крадком не таму, што хачу ад іх што-небудзь утаіць або зрабіць такое, чым яны будуць незадаволены. Не. Але яны так многа працуюць і так мала аддаюць увагі самім сабе, што мне неяк няёмка. А потым, яны раптам яшчэ падумаюць, што мне захацелася дадому, і пачнуць шкадаваць: навошта бралі з сабой дзіця. Карацей, я не хачу, каб гэтыя людзі, лепшых за якіх я яшчэ не сустракаў, падумалі пра мяне дрэнна. Таму хай мой дзённік будзе пакуль што для іх таямніцай. Ну, вось і ўсё. Асноўнае вырашана, можна запісваць свае ўражанні. Пачну з таго, як мы па тэлевізару развіталіся з Зямлёй. У мяне аж горкі камяк да горла падступіў. Добра, што стрымаўся і не заплакаў, было б сорамна. Але нічога, здаецца, ні С. В. ні П. К. не заўважылі гэтай маёй слабасці. Я лічу, што яе нельга дараваць касманаўту.

Я так быў заняўся сваімі перажываннямі, што ледзь не прапусціў момант, калі наш карабель лёг на курс да Марса. Было гэта вельмі звычайна. Спачатку здалося, што рукі і ногі нібы свінцом наліліся, а потым у ілюмінатары я заўважыў, што Зямля паплыла ўбок.

С. В. узяў мяне за чуб, як быццам я малы, і сказаў:

— Дзесяць хвілін невялічкага паскарэння.