Выбрать главу

— Дзесяць. А колькі іх будзе, такіх маўклівых дзён…

Нам, мабыць, лепш, чым тым, хто застаўся на Зямлі. Мы ведаем, што жывыя, што ў нас усё добра і што Зямля існуе без нас. Яна будзе існаваць і тады, калі нашы радыёсігналы не адолеюць прасторы, не змогуць дасягнуць Зямлі.

— Мы вернемся! — гэта сказаў у мікрафон П. К., размаўляючы з Валяй.

Праз некалькі хвілін скрозь шум і трэск прагучаў ледзь чутны адказ:

— Буду чакаць. Чуеш?

П. К. прыкметна павесялеў. А нам цэлы дзень пасля тлумачыў, быццам яму ўдалося запісаць незнаёмы сігнал. Дзівак. Можна падумаць, што я не бачыў Валінага каляровага фотапартрэта, які заўсёды стаіць у яго на рабочым стале.

5 снежня. Сёння было весела. Раніцай скрозь сон я чуў, што С. В. абяцаў П. К. выклікаць Зямлю, каб перадаць цікавую навіну. Перадачы мы вядзем строга абмежавана — кожная патрабуе столькі энергіі, колькі хопіць для нашых рухавікоў, каб даляцець да Месяца. Значыць, навіна была важная. Я хуценька выбег у хадавую рубку.

П. К., не адрываючыся, глядзеў у акуляр тэлескопа і гаварыў:

— Выразна бачу цвёрдую паверхню. Нібы цыклон нейкай неймавернай сілы разагнаў шматслойныя аблокі і адкрыў нам мацярык Венеры. Вунь вада. Апарат! Плёнку!

Справа ў тым, што мы не збіраліся рабіць візуальных назіранняў і таму адключылі сінхронную з тэлескопам фотаўстаноўку.

Імгненна быў зроблены здымак. П. К. аддаў плёнку С. В.

Камандзір доўга вывучаў яе і, нарэшце, сказаў:

— Падобна на тое. Але…

— Што але? — пакрыўдзіўся П. К. і забраў плёнку. — Тут добра відно.

— Віця, — папрасіў мяне С. В., — падай мне, калі ласка, светафільтр для павелічальніка.

Праз павелічальнік, узброены светафільтрам, мы сапраўды ўбачылі магутнае завіхрэнне, дынамічна схопленае аб’ектывам фотаапарата. Але тое, што на плёнцы для вока, узброенага толькі лупай, уяўлялася паверхняй, аказалася яшчэ адным пластам хмар, цёмна-шэрых, навальнічных.

П. К. сумеўся і адышоў ад стала. Увесь дзень ён адчуваў сябе ніякавата, бо мы часам кпілі з яго. I калі яго-такі дапяклі, сказаў:

— Я сам бачыў. Апарат не паспеў. Упэўнены, што мы памыліліся, выбіраючы маршрут! На Венеры ёсць жыццё. Буду вельмі шкадаваць, што не я ўбачу яго першы.

Чаму не адправіліся мы на Венеру?

11 снежня. Выраз «Дайце светафільтр» прыжыўся. Ужываем яго ўсе, нават П. К., калі хто з нас выказвае нешта неверагоднае.

II

«Набат» ляцеў да Марса. Жыццё касманаўтаў пасля першых дзён, неўладкаваных ад навізны абстаноўкі і пачуццяў, пайшло нарэшце размерана і нармальна.

Венера засталася далёка ў баку ад трасы карабля, і касманаўты перасталі глядзець на яе. Труба галоўнага тэлескопа «Набата» цяпер нацэлена на чырванаваты круглячок, што ўжо ярка засвяціўся ў цэнтры чорнай бездані неба.

Па-рознаму чакалі касманаўты сустрэчы з Марсам. Павел лічыў гэтую планету мёртвай, без прыкмет высокаарганізаванага жыцця, Бурмакоў схіляўся да думкі, што там нават існуюць разумныя істоты. Можа таму Павел амаль зусім не глядзеў у тэлескоп. Навошта, калі ўсё паспее пабачыць сваімі вачыма. Бурмакоў жа, што б ён ні рабіў, не-не дый зазірне ў акуляр: а ці няма там чаго новага?

Новага не было. Марс рос, павялічваўся і па-ранейшаму заставаўся далёкі, хаваючы дэталі свайго ландшафту.

Але так не магло доўга быць. Яны павінны былі нарэшце нешта заўважыць. I, як ні дзіўна, першы заўважыў Віця. Абыякавы спачатку да зорак, ён стаў неўзабаве гарачым прыхільнікам Бурмакова і часам замяняў яго ля тэлескопа. Да гэтага часу ніяк не ўдавалася разгадаць характар тых з’яў на марсіянскіх мацерыках, якія называюць каналамі.

— Бачу! Хутчэй фатаграфуйце! — закрычаў Віця.

Бурмакоў прыпаў да акуляра, намацаў рычажок пераключэння і націснуў яго. Тэлевізійны экран, злучаны з тэлескопнымі лінзамі, засвяціўся. Павольна, нібы на фотапаперы, што ляжыць у праявіцелі, на ім пачалі выступаць абрысы нейкага кутка марсіянскай паверхні. Ніхто яшчэ ніколі не бачыў Марса так блізка, не любаваўся яго пейзажам, падобным і не падобным на зямны, з адлегласці ў мільён кіламетраў, павялічаным у дваццаць тысяч разоў.

На экране, які стаў жоўта-чырвоным, прамой лініяй пралягла вузенькая шараватая стужка. Нешта такое яны назіралі ўжо не аднойчы. Але, пільна ўгледзеўшыся, Павел зразумеў, што ўразіла Віцю і ўсхвалявала Бурмакова. На шэрай стужцы з’яўляліся і знікалі драбнюткія іскрачкі. Так магла пабліскваць толькі вада на сонцы.

— Ця-чэ, — раздзельна прамовіў Павел.

— Вось вам першы доказ. Дзе ёсць вада, там павінна быць жыццё.

У знак згоды Павел нахіліў галаву. Бурмакоў меў падставы. Марс мог быць падобны на Зямлю.

Вытокі ўбачанага канала пачыналіся недзе ў палярнай зоне, а сам ён канчаўся блізка ад экватара. Мо гэта было не зусім так. Але, агледзеўшы ўсё паўшар’е, яны больш нічога не знайшлі. Тым не менш, настрой касманаўтаў быў урачысты.