Выбрать главу

— Сцяпан Васільевіч, дазвольце лепш я, — папрасіў Павел.

— Не. Мы не ведаем яшчэ, што нас там чакае. Таму мой абавязак высадзіцца першым. Да таго ж,— сумна ўсміхнуўся Бурмакоў,— космас — мой дом.

Павел зразумеў яго: усё ранейшае жыццё Бурмакова давала яму права на гэта.

— Мае дарагія, — камандзір абняў Паўла і Віцю, — вы пабываеце таксама на Марсе, калі там умовы падыходзяць для нас. I вы пабываеце яшчэ шмат дзе. Ці няпраўда?

— Калі адправіцеся? — спытаў Павел.

— Роўна ў восем па маскоўскаму часу. Так і перададзім на Зямлю.

Адпраўляючыся ўпершыню на Марс, Бурмакоў не збіраўся праводзіць шырокія даследаванні. У яго задачу ўваходзіла сабраць звесткі аб атмасферы, узяць пробы паветра, глебы, раслін, калі яны трапяцца, вызначыць радыяцыю і адразу ж вяртацца на карабель.

Павел і Віця вельмі трывожыліся за свайго камандзіра, нават больш, чым ён сам. А можа ён, старэйшы і вопытнейшы, лепш умеў утойваць свае пачуцці?

Перш чым увайсці ў герметычную камеру, якая вяла да выхаду, Бурмакоў, ужо ў касмічным касцюме — лёгкім, пластычным і надзвычай трывалым, сказаў:

— Давайце па старому нашаму звычаю пасядзім перад дарогай.

На хвіліну селі. Потым падняліся. Бурмакоў накінуў на галаву гермашлем. Маленькі радыёперадатчык, уманціраваны ў шлем, працаваў на агульнай хвалі з карабельнай рацыяй. Гэта было зроблена для таго, каб экіпаж мог увесь час падтрымліваць з ім сувязь.

Пачуўшы голас Бурмакова, крыху зменены мікрафонам і дынамікам і таму нейкі чужаваты і далёкі, Віця заморгаў вейкамі.

— Не гаруйце, хлопцы, — бадзёра гаварыў камандзір.— Сачыце за мной і помніце, што ў наступны раз — ваша чарга.

— Праўда? — ажывіўся Віця.

— Праўда! — падняў руку на развітанне Бурмакоў і знік у дэзакамеры.

Павел з Віцем паспяшылі ў рубку. Некалькі хвілін магутныя кампрэсары адпампоўвалі паветра з пераходнай камеры. Потым карабель здрыгануўся, а за ілюмінатарам, пакідаючы дымны след, мільганула маленькая ракета. Скрозь шум і трэск данесліся ледзь чутныя словы:

— Я ў палёце.

III

Ракета ішла з хуткасцю звычайнага рэактыўнага самалёта. Ды гэта і быў самалёт, толькі своеасаблівай канструкцыі, прыстасаваны да невялікіх пералётаў у беспаветранай прасторы. Запасаў паліва хапала на некалькі дзесяткаў тысяч кіламетраў.

Калі ракета выйшла на вольны палёт і перагрузка зменшылася да мінімуму, Бурмакоў агледзеўся. Кабіна пілота з трывалых празрыстых пластыкаў дазваляла бачыць усё, што робіцца навокал. Марс быў наперадзе, і, здавалася, яго ўвогнутая чаша з кожным імгненнем усё больш і больш абкружае ракету. Толькі зверху віднелася крыху фіялетавае неба. Там, злева, блізка ад краю планеты, поўным попельна-серабрыстым кругам выдзяляўся на небе Фобас. Бурмакоў глянуў на прыборы: сорак тысяч кіламетраў. Даў яшчэ заданне прыборам, і яны паведамілі, што ракета можа сустрэцца з Фобасам менш як праз гадзіну. Мільганула думка: праз нейкіх шэсцьдзесят хвілін адна з самых цікавых здагадак будзе разгадана. Гэта было так спакусліва, што Бурмакоў аж схаваў рукі за спіну, каб часам не ўхапіцца за штурвал і не скіраваць ракету да спадарожніка. У космасе ніхто не можа паддавацца спакусе, бо ў яго руках не толькі сваё жыццё, а і надзеі ўсяго чалавецтва…

— Сцяпан Васільевіч, Сцяпан Васільевіч, што з вамі, што з вамі?..

Бурмакоў не адразу ўцяміў, чаму яго выклікае занепакоены Павел.

Даўно пара было б даць вестку аб сабе, а ён захапіўся марамі, як юнак. Сябры, відаць, пачулі, як ён уздыхае.

— Прабачце,— адказаў ён,— летуценні апанавалі. Вось глядзіце прычыну.— На тэлевізійным экране карабля з’явілася тая ж карціна, якую бачыў ён сам.— Злева Фобас. Ледзь не спакусіў.

— Разумеем,— здагадаўся Павел.— Фобас амаль побач.— I не вытрымаўшы, сказаў: — А раптам ён пустацелы?

Вочы Бурмакова бліснулі з-пад акуляраў гермашлема, і ў дынаміку прахрыпела збянтэжанае: «гхм».

Аднак часу на жарты ўжо не было. Раікета імчалася са звышгукавой хуткасцю, і на экране ўсё больш выразна віднелася пустыня. Ні ўзвышша, ні лагчынкі, ні ракі. Толькі пясок.

— Зона вялікіх пустынь. Пункт для высадкі не вельмі ўдалы, — заўважыў Павел.

— Што ж, пачнем знаёмства з малога. I не будзем рабіць прагнозы. Такі, здаецца, ваш дэвіз?

Хутка экран пачало зацягваць туманам.

— Вышыня тысяча кіламетраў,— паведаміў Бурмакоў па радыё.

Яшчэ праз паўтары гадзіны лёту Бурмакоў перадаў:

— Іду на пасадку.

У рэпрадуктары адразу пачуліся ўсхваляваныя воклічы Паўла і Віці. Яны патрабавалі паведамленняў, уражанняў. Бурмакоў адказваў коратка: «Пасля, пасля» і ліхаманкава ўглядаўся ўніз, ледзь паспяваючы наводзіць аб’ектывы аўтаматычных кінаапаратаў.