Выбрать главу

Павел уздыхнуў. Бурмакоў і Віця з трывогай паглядзелі на яго.

— Задумаўся,— вінавата сказаў Павел.

— ...касманаўты! — раптам захрыпеў дынамік прамой сувязі з Зямлёй, і ўжо выразна пачулася: — Надзвычайныя абставіны прымусілі выклікаць вас не па графіку.

Касманаўты пераглянуліся. Нечарговая перадача магла азначаць хутчэй за ўсё бяду.

— …Нам удалося ўстанавіць, што Марс уваходзіць у густую метэарытную зону. Адсутнасць шчыльнай атмасферы вакол Марса стварае для вас сур’ёзную небяспеку. Метэарыты ў большасці сваёй дасягнуць паверхні планеты. Раім неадкладна пакінуць раён Марса. Пацвердзіце прыём.

Бурмакоў адразу ж напісаў адказ, перадаў яго ў машыну, якая павінна была закадзіраваць радыёсігнал і кароткімі імпульсамі праз пэўныя прамежкі часу пасылаць на Зямлю, пакуль прыёмныя станцыі не пацвердзяць, што паведамленне прынята.

— Зямля чакае, што мы скажам,— нейкім урачыстым голасам гаварыў Бурмакоў.— На касмічных караблях такая традыцыя: важныя рашэнні прымаюцца пасля абмеркавання. Першы пачынае маладзейшы. Давай, Віця. Хачу папярэдзіць, што калі хто з нас захоча, мы адразу ж вернемся на Зямлю. I нас ніхто не папракне. Мы зрабілі нямала.

— У нас ёсць яшчэ час,— Віця ўстаў.— Мы павінны яшчэ хоць раз пабыць на Марсе.

— Правільна,— Павел стаў побач з Віцем.

— Згодзен! — абняў іх Бурмакоў.— Але мне хочацца папярэдзіць. Гэта небяспечна.

— Нам не прывыкаць рызыкаваць, — адказаў Павел. — Астаемся.

VII

I зноў Марс паказаўся з нечаканага боку. На гэты раз Бурмакоў наткнуўся на горы. Пад ракетай паплылі дзікія вяршыні. Цясніны перасякалі іх уздоўж і ўпоперак, зверху да нізу.

— Глядзі, Віця,— паказаў Бурмакоў,— гэтыя горы на шмат мільёнаў гадоў старэйшыя за наш Урал.

Тут усё мела сваё вымярэнне, і Віця не здзівіўся лічбам, якія назваў акадэмік. Але горы не выклікалі ў яго захаплення. Скалістыя, бязлесыя… На іх, мусіць, няма нічога жывога, як і ў тых пясках, што засыпалі амаль усю паверхню Марса.

— Мне здаецца, што тут мы знойдзем тую істоту, якая ўцякла ад нас уночы.

— Чаму вы так упэўнены? — спытаўся Віця.— Яна жыве недзе ў лесе.

— Ні ў лесе, ні ў вадзе яе няма. Інакш, вы абавязкова яе ўбачылі б. Яна павінна хавацца ў пячорах.

Ракета апусцілася на даволі зручную пляцоўку, у самым цэнтры гор. Усюдыход быў дасканалы. Ён не меў ні колаў, ні гусеніц. У яго былі ногі,— шаснаццаць пар ног, якія неслі ўсюдыход плаўна, без штуршкоў па любым рэльефе. Электроннае кіраванне, злучанае з лакатарнай сістэмай, улоўлівала няроўнасці мясцовасці і давала каманду нагам. Усюдыход мог і бегаць, і хадзіць, і поўзаць, і нават пералазіць праз невысокія перашкоды. Але каб выкарыстаць усюдыход тут, не было чаго і думаць. Скалы і горы былі крутыя, стромкія. Узяўшы альпінісцкія прылады, людзі палезлі ў бліжэйшую цясніну. Ісці было лёгка, куды лягчэй, чым у гарах Каўказа ці Ала-Тау. Мускулатура зямлян дазваляла скакаць на пяць-шэсць метраў, калі на дарозе траплялася перашкода.

Гадзіны праз паўтары зрабілі прывал. Наўкола тырчэлі толькі скалы, моцныя, голыя, як шкілеты.

— Можа, вернемся? — прапанаваў Віця.

— Вернемся? — вочы ў Бурмакова загарэліся. Яму ўспомнілася першае падарожжа на Месяц, гады маладосці, надзей, адкрыццяў. Ён верыў, што і тут іх чакае многа цікавага. I гэту веру акадэмік хацеў перадаць Віцю.— Вернемся, канешне. Але раней пабудзем на той вяршыні. Бачыш?

Гара, на якую паказаў акадэмік, панавала над усімі.

Яны падышлі ўжо блізка да яе, як раптам задрыжэла паветра, нібыта пачаў работу магутны кампрэсар. Бурмакоў і Віця прыціснуліся да скалы. А горы ўжо раўлі, грукацелі, грымелі. Імгненне, і вялізны вогненны шар, пакінуўшы за сабой шырокую паласу, апісаў дугу і ўпаў на раўніне. Небывалай сілы выбух скалануў горы.

Праз хвіліну ўсё сціхла. А людзі яшчэ доўга ляжалі і глядзелі, як павольна гаслі рознакаляровыя агні на яшчэ больш пацямнелым фіялетавым небе.

— Што гэта? — спалохана прашаптаў Віця.

— Здаецца, першая ластаўка, метэарыт. Самы час уцякаць. — Бурмакоў з жалем паглядзеў у той бок, дзе ўзвышалася гара.

— Не будзем марудзіць, — падхапіўся Віця. — Ужо нямнога засталося. Не ўпадзе ж яшчэ адзін метэарыт менавіта сюды.

— Малайчына! — пахваліў яго Бурмакоў.