Выбрать главу

Па небе гулялі сполахі. Прыборы, што вызначалі радыёактыўнасць асяроддзя, трывожна гудзелі, і іх стрэлкі набліжаліся да чырвонай рыскі. Бурмакоў раз-пораз заклапочана паглядаў на індыкатары і міжволі спяшаўся. Напэўна, яны трапілі ледзь не ў самы эпіцэнтр касмічнага атамнага выбуху, які толькі што адбыўся на іх вачах. Бурмакоў падумваў ужо, ці не лепей вярнуцца, калі радыяцыя пачала слабець… Касцюмы маглі пакуль абараніць людзей ад шкодных выпраменьванняў. А потым?

Зблізу гара не здавалася такой высокай. Да вяршыні заставалася метраў дваццаць, але з таго боку, адкуль яны прыйшлі, нельга было падступіцца. Каменны схіл быў гладкі, нібы адпаліраваны. Яны паволі пайшлі вакол гары. Бурмакоў узлез на невялічкі выступ, зірнуў туды, дзе ўпаў метэарыт. Там была агромністая яма.

— Вось, напэўна, такім быў Тунгускі метэарыт, пра які склалі столькі фантастычных тэорый,— задумліва сказаў акадэмік.— Вось яна — веліч прыроды, магутная і нязведаная сіла Сусвету. Ці не гэтыя ўспышкі мы часам бачым на Марсе з Зямлі?

Яны прастаялі колькі часу ў задуменні.

— Ну, пойдзем да ракеты,— сказаў Бурмакоў, а самога нібы нешта пацягнула далей. I паправіўшы зручны заплечны мяшок, ён не вытрымаў: — Толькі абыдзем яшчэ гару з таго боку, тут нямнога.

— Віця!… — закрычаў раптам акадэмік і з усяе сілы затрос хлопчыка за плечы.— Віця!..

Напалоханы Віця глядзеў то на Бурмакова, то на гару. На вяршыні гары стаяла нейкая металічная постаць.

— Падобна на помнік, — сказаў Віця, прыцэліўшыся кінаапаратам.

— Каму? Чый? — штохвіліны зрываючыся, падаючы, Бурмакоў папоўз угору.

Гэта напэўна быў помнік. Але незвычайны, незразумелы. 3 бліскучага светла-жоўтага пастамента, які канчаўся недзе глыбока ў каменным грунце, імкнулася ў вышыню ні то постаць, ні то дрэва з мноствам галінак і лісточкаў.

Нешта знаёмае раптам прамільгнула ў гэтай постаці, калі Бурмакоў, разгублены і збянтэжаны, абышоў яе. Галактыка! Так, гэта макет нашай Галактыкі. А вось яшчэ... Унізе на пліце з невядомага металу — схема сонечнай сістэмы. Толькі чаго ёй не хапае? Бурмакоў аж прыхіліўся да скалы, бо ў яго задрыжэлі ногі. На схеме было восем планет і два сонцы. Адно — наша, другое — на месцы Юпітэра.

Два сонцы — неверагодна, але, бадай, зразумела. Нездарма ж выказваюцца гіпотэзы, што на паверхні Юпітэра і да гэтага часу тэмпература складае сотні тысяч градусаў, а ў яго бяздонных нетрах пад фантастычным ціскам у мільёны атмасфер адбываюцца ядзерныя працэсы. Гэта можа быць, бо Юпітэр астывае. Але, здаецца, у схеме нечага не хапае. Так, так... Першым ад Сонца ідзе Меркурый, потым Венера, вось Зямля, далей Марс, за ім Юпітэр… Не, паміж імі планета. Ага, гэта, напэўна, міфічны Фаэтон, а тут гарыць Юпітэр, там Сатурн у кальцы, Уран, Нептун. Дзевяць… Няўжо?..

— Віця! Пералічы ўсе планеты Сонечнай сістэмы! — закрычаў акадэмік.

Здзіўлены хлопчык назваў іх.

— А дзе Плутон? — задыхаючыся, перапытаў Бурмакоў.

— Пасля Нептуна.

— Няма, няма, кажу табе! — крычаў Бурмакоў, забыўшыся, што Віця не бачыць схемы і не разумее яго.

Напалоханы Віця папрасіў:

— Апусціце трос, я ўзлезу да вас.

— Га?..— зразумеў нарэшце Бурмакоў.— Давай хутчэй. А то, напэўна, думаеш, што з глузду з’ехаў стары. Ёсць ад чаго…

— Лю-юдзі? — прашаптаў, узлезшы, Віця.— Калі?

— Каб жа я ведаў! —. Бурмакоў ужо адчуў у сабе здольнасць аналізаваць факты, глядзець на іх халоднымі вачыма даследчыка.

Тыя, хто ставіў помнік, улічылі ўсё, ці бадай што ўсё. Прайшло, напэўна, многа-многа часу, а ён стаяў, як сведчанне бязмежнай сілы розуму, пасылаючы нашчадкам вестку з далёкага мінулага. Ні час, ні іншыя нягоды не адолелі яго. Ён толькі глыбей урастаў у сваё каменнае ложа, робячыся больш устойлівым і магутным. 3 чаго ён зроблены? Бурмакову не ўдалося здабыць ніводнага кавалачка гэтага рэчыва.

— Самае крыўднае, Віця, што мы з табой не ведаем, калі быў пастаўлены помнік. Ясна толькі адно: пасля тых невядомых касманаўтаў сонечная сістэма перажыла адну з самых страшных трагедый. Ушчэнт разляцеўся Фаэтон.

— Зато паявіўся Плутон,— заўважыў Віця.

— Загадкава. Калі? Адкуль?

Гэтае пытанне не давала спакою Бурмакову і ў ракеце. Нават паспешлівыя ўцёкі ад Марса ў больш бяспечную касмічную прастору, якія не дазволілі знайсці адказ на столькі пытанняў, ён успрыняў без асаблівага адчаю. Адна думка завалодала ім, і ён павінен быў давесці яе да канца.

У гэты вечар радыёстанцыя «Набата» зрабіла нечарговую перадачу. На Зямлю было адпраўлена паведамленне з фотаздымкамі помніка.

Неўзабаве Зямля пацвердзіла, што сігналы прыйяты, і прасіла чакаць паведамлення Касмічнага цэнтра.

«Набат» пры мінімальным паскарэнні пачаў апісваць цыклічную крывую вакол зададзенага пастаяннага пункту, не аддаляючыся і не набліжаючыся да Зямлі.