Выбрать главу

Прамая траса карабля была пракладзена так, што па дарозе да Плутона яны павінны былі прайсці на адлегласці каля мільёна кіламетраў ад уяўляемай паверхні Юпітэра. Павел папрасіў зрабіць «невялікі» абход у сорак мільёнаў кіламетраў, каб пабываць блізка ля Сатурна, але Бурмакоў катэгарычна забараніў.

— Досыць з мяне і тых метэарытаў,— адказаў ён,— адно сатурнава кальцо, напэўна, сабрала іх столькі, колькі ўсе астатнія планеты.

Павел згадзіўся.

«Набат» імчаўся з падвойным паскарэннем. Яго хуткасць кожную секунду павялічвалася і неўзабаве дасягнула астранамічнай лічбы — блізка мільёна кіламетраў у гадзіну. Упершыню за час палёту астранаўты адчулі, што такое працяглая перагрузка. Ад яе было цяжка дыхаць, рухацца, хацелася спаць. А вахты штодня рабіліся цікавейшыя.

Бліскучы дыск Юпітэра, што нагадваў спачатку размаляваную сервізную талерку, не змяшчаўся ўжо ў ілюмінатары. I чым больш ён рос, тым больш мяняўся ягоны шар. Аміякавая і метанавая атмасфера гіганцкай планеты, успыхваючы цьмяным полымем і патухаючы, пульсавала.

— Здалёк даволі бяскрыўдная і нават прыгожая планета,— глянуўшы ў тэлескоп, задумліва сказаў Бурмакоў.— Баюся, што мы блізка ад яе ідзём.

— Мільён кіламетраў. Гэта блізка? — здзівіўся Віця.

— Не забывай, што ў аб’ёме Юпітэра месціцца тысяча трыста зямных шароў. I хоць сярэдняя шчыльнасць яго раўняецца 1,34, ён мае вялікую сілу прыцягнення. Уяві сабе на імгненне, што чалавек у сваім звычайным касцюме ступіў на паверхню Юпітэра. Ведаеш, што з такім смельчаком здарыцца? Яго сплюшчыць, як блін. Вось які Юпітэр.

Апасенні Бурмакова мелі падставу. Не прайшло і двух дзён пасля гэтай размовы, як хуткасць карабля раптам пачала зніжацца. Рухавікі нібы працавалі на тармажэнне. Яшчэ праз дзень прыборы адзначылі адхіленне ад курса. Юпітэр, як кажуць, злаваўся. Ягоныя шчупальцы-пратуберанцы высоўваліся на дзесяткі тысяч кіламетраў, нібы цэлячыся ўхапіць карабель з дзёрзкімі людзьмі, якія асмеліліся завітаць у яго ўладанні. Потым гэтыя шчупальцы знікалі, пакідаючы воблачкі. Прыборы-пасткі, што бесперастанна аналізавалі склад касмічнага рэчыва, пачалі ўлоўліваць атрутныя сумесі, характэрныя для атмасферы Юпітэра.

Каб адолець гэтыя капрызы, прыйшлося пусціць атамныя рухавікі на самую поўную магутнасць. Становішча паступова пачало выпраўляцца, стрэлка, якая сачыла за паскарэннем, зрушыла з нуля. Астранаўты ўздыхнулі лягчэй, але раптам здарылася непрадбачанае: прарвала залатаны пластыр на дзюзе, прабітай метэарытам. «Набат» амаль страціў кіраванне і клаўся на арбіту-эліпсоід, якая з часам павінна была закончыцца недзе з другога боку Юпітэра якраз у цэнтры. Гэта за некалькі секунд вылічылі электронныя машыны.

— Колькі ў нас засталося часу? — Бурмакоў быў на дзіва спакойны.

Нескладаны разлік машыны зрабілі імгненна. Павел падаў камандзіру стужку.

— Ого! Цэлы тыдзень. Ну, скажам, шэсць, нават пяць дзён. За гэты час мы павінны адрамантаваць або замяніць дзюзу. Тады мы яшчэ здолеем паспрачацца з нашым сярдзітым богам.

— На хаду дзюзу не заменіш, — усміхнуўся Павел.

— Але іншага выйсця няма.

— Ёсць, трэба зноў пакласці пластыр. На гэта спатрэбіцца менш часу. 3 усімі адключэннямі і ачысткамі — сорак-пяцьдзесят гадзін.

— А што гарантуе ад новага разрыву?

— У нас будзе ў запасе некалькі сутак, і мы можам не ўключаць адрамантаваную дзюзу на поўную магутнасць.

Бурмакоў згадзіўся не адразу. Тройчы задаваў ён работу машынам, пакуль прыняў рашэнне.

III

3 дзённіка Віці Асадчага

31 сакавіка, паводле зямнога вылічэння. А ў нас пераблыталіся ўсе дні. Неяк не шанцуе нам пасля Марса. Прырода нібы помсціць, што мы зазірнулі ў адну з яе самых глыбокіх таямніц. Мы, канешне, даб’емся мэты, не адступім. Але бачу, як гэта цяжка. Быў паранены П. К. і напружана працаваў С. В. І калі, нарэшце, можна было б адпачыць — новая бяда. Яна лягла на плечы С. В. і П. К., які — няхай не падманвае нас — і так не ачуняў яшчэ. Я стараюся памагаць чым магу, аднак мне мала што даручаюць. Дзівакі, прыдумваюць розныя прычыны, абы толькі зрабіць мне палёгку. Быццам я сапраўды такі ўжо малы. А пра сябе не дбаюць. Я сёння наўмысля прагледзеў кінастужкі, зробленыя незадоўга да нашага вылету. I магу прама сказаць, што С. В. і П. К. выглядаюць цяпер на дзесяць гадоў старэй. А як яны схуднелі — проста скура ды косці. Каторую ноч ужо не спяць, асабліва С. В. Ды што зробіш. Становішча наша вельмі небяспечнае. Мы бадай ці вырвемся з абдымкаў Юпітэра. Мне пра гэта не гавораць, утойваюць, быццам я сам не разумею. Хай думаюць, што я нічога не ведаю, калі ім лягчэй ад гэтага.