У фінальных спаборніцтвах удзельнічала дваццаць хлопчыкаў ва ўзросце да пятнаццаці год. Моцныя, рослыя, яны паказвалі выдатныя вынікі. Гэта і выклікала такое бурнае захапленне на трыбунах.
Асаблівы поспех выпаў на долю юнака ў чырвонай майцы чэмпіёна. Ён лёгка прабег паўтары тысячы метраў, заняўшы першае месца, а праз чвэрць гадзіны пераскочыў планку на вышыні два метры і дваццаць сантыметраў. Не паспелі сціхнуць апладысменты, як фотаэлектронны суддзя зычным голасам абвясціў, што ўзята новая вышыня. У суме дзесяці відаў праграмы юнак устанавіў рэкорд рэспублікі.
Паводле звычаю, пераможца ўзняўся на п’едэстал пашаны і пакланіўся ўсім чатыром трыбунам. Спецыяльныя праекцыйныя ліхтары павялічылі адлюстраванне яго фігуры ў некалькі разоў, і Павел пазнаў чэміпіёна. Гэта быў Валін брат, васьмікласнік Віця Асадчы. Павел ведаў, што Віця таленавіты матэматык. Але што ён цудоўны спартсмен — гэта было прыемнае адкрыццё.
Пасля спаборніцтваў Віця сустрэў Паўла і Валю. Дамоў вярталіся ўтраіх.
Ад ранішняга дажджу не засталося і следу. Вечар быў цёплы, ціхі, напоўнены духмяным пахам ранніх кветак, якія ўжо цвілі на клумбах. Узбуджаны Віця весела ўсіпамінаў пра розныя выпадкі, што здарыліся ў час спаборніцтва. Павел і Валя, занятыя сваімі думкамі, зрэдку падтаквалі.
Нарэшце Валя спытала:
— Паўлік, раскажы, навошта спатрэбілася табе сёння чытаць старыя газеты?
II
Яны спыніліся ля Валінага дома. Павел прыхіліўся да дрэва, зірнуў угару. Скрозь густую крону таполі амаль не было відаць неба. Нарэшце скрозь галінкі прабіўся дрыготкі блакітны праменьчык — вестка нейкага далёкага свету. Зорка… Падумалася, — а можа гэта адтуль прыляталі тыя, хто пакінуў неразгаданыя сляды на нашай зямлі?
— Ну! — Валя дакранулася да Паўлавай рукі. — Ты чуў, пра што я пыталася?
Дзівачка! Хіба ён можа не чуць, калі яна гаворыць? Чуў. Але цяжка расказваць, калі табе самому яшчэ многае няясна і гэтая няяснасць хвалюе цябе.
— Проста не ведаю, з чаго пачаць, гэта вельмі доўга.
— А нам няма куды спяшацца, — Віця сеў на лаўку.
— Дзецям спаць пара! — незадаволена прабурчэла Валя.
— Во яшчэ, — Віця ямчэй умасціўся на лаўцы.
Павел падміргнуў Валі, маўляў, блазнюк, не разумее. Але яму Віця цяпер не перашкаджаў. Няхай паслухае.
Павел быў чалавекам з той фантазіяй, якая памагае абагульняць з’явы, бачыць факты больш поўна і глыбока і, урэшце, прыводзіць да навуковых адкрыццяў. Таму яго нават у звычайных умовах не маглі не зацікавіць гіпотэзы аб касмічных гасцях Зямлі. А цяпер у яго паявілася яшчэ і зацікаўленасць касманаўта.
Валіна пытанне нават прынесла Паўлу палёгку. Нарэшце ён зможа падзяліцца сваімі хай яшчэ неакрэсленымі думкамі.
— Можа, гэта гучыць недарэчна ў наш час, але мы, людзі, якія навучыліся будаваць найскладанейшыя машыны, пазналі шматлікія таямніцы прыроды, не можам растлумачыць зусім простых з’яў… Гэтыя з’явы здаваліся яшчэ больш незразумелымі людзям пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Вось і прыдумалі амаль фантастычныя гіпотэзы пра гасцей з космасу. Гіпотэзы гэтыя былі смелыя да неверагоднасці і грунтаваліся больш на здагадках, чым на навуковых аксіёмах. Канешне, крытыкаваць іх было лёгка, бо яны проста не вытрымлівалі крытыкі. Гэта і дало магчымасць хутка іх пахаваць. А мне яны нечым спадабаліся. Вось паслухайце і скажыце, як вы разумееце?
У гарах Антылівана знаходзіцца цудоўная Баальбекская веранда. Хутчэй, гэта не веранда, а пляцоўка ў некалькі квадратных кіламетраў. Яна забрукавана вялізнымі каменнымі гладка апрацаванымі плітамі. Само па сабе гэта не дзіўна. Старажытныя егіпцяне без дапамогі вежавых кранаў будавалі піраміду Хеопса, якая да гэтага часу лічыцца адным з сямі цудаў свету. Але Баальбек здзіўляе. Ён будаваўся многа раней, і калі ў пірамідах пліты важаць па дзве-тры тоны, то там — да дзвюх тысяч тон кожная.
Ніводзін гісторык не сказаў пакуль што, калі іменна пабудавана Баальбекская веранда і з якой мэтай. Людзі ведаюць яе з таго часу, як помняць сябе. I тут напрошваюцца пытанні: ці маглі будаваць нашы старажытныя продкі такое тэхнічна дасканалае цуда, ды і навошта? Нашы продкі, якія, як вядома, былі людзі практычныя, самі наўрад ці будавалі б такую махіну, бо патрэбы ў ёй не было. Дык падумайце, ці нельга зрабіць іншы вывад? А што, калі гэта была стартавая пляцоўка для касмічнага карабля, які прыляцеў на нашу Зямлю?