Выбрать главу

Пасля напружаных дзён касманаўты цяпер збіраліся часцей. Хацелася адпачыць, а можа, проста гэта была туга па Зямлі. Яны ляцелі наперад і думалі аб тым часе, калі вернуцца дадому. Ці хутка будзе гэта?

У той вечар яны, як звычайна, сядзелі ў бібліятэцы. На кінаэкране дэманстраваўся канцэрт. I, відаць, у гэты момант не аднаму Віцю ўспомнілася Радзіма. Ён не вытрымаў і сказаў пра гэта.

Бурмакоў перавёў на экран адлюстраваыне той часткі неба, дзе знаходзілася Зямля. Маленькая блакітная зорачка, да якой імкнуліся іх думы, нічым не адрознівалася ад іншых зорак. Людзі моўчкі глядзелі на экран, і кожны за гэтай далёкай бліскучай зорачкай бачыў нешта сваё, дарагое і незабыўнае.

Віця адчуў сябе вінаватым, што ў яго таварышаў сапсаваўся настрой, і папрасіў:

— Цікава было б зірнуць на Плутон.

Бурмакоў шчоўкнуў кнопкамі. Экран хліпнуў і засвяціўся новым кутком Сусвету. Няяркі, невялікі Плутон паказаўся з далёкага зоркавага россыпу.

— Ён амаль з намі побач,— сказаў Бурмакоў.

— Няўжо ён новы ў Сонечнай сістэме? — спытаўся Віця, радуючыся, што і Павел і Бурмакоў раптам ажывіліся.

— Гэта табе лепш Павел Канстанцінавіч раскажа, я і сам не надта разбіраюся ў такіх астранамічных таямніцах.

— Сцяпан Васільевіч,— шчыра сказаў Павел.— Мы ж па вашых падручніках вучыліся і нічога асабліва новага я не скажу. У канцы мінулага стагоддзя самай далёкай, апошняй планетай у сонечнай сістэме лічыўся Нептун. Аднак ужо тады астраномы заўважылі, што тэарэтычная арбіта яго не адпавядае сапраўднай. Прыйшлі да вываду, што на Нептун дзейнічае нейкая іншая невядомая планета. Але якая? I дзе яна? Да гэтага часу матэматыкі ўмелі, ведаючы арбіту і масу планеты, вызначыць тыя ўздзеянні, якія яна можа рабіць на суседнія. У гэтым жа выпадку трэба было рашаць задачу з адваротнай умовай. Пошукі пачаліся ў 1878 годзе. Астраномы назіралі ў тэлескопы, матэматыкі рабілі разлікі, стараючыся адгадаць магчымую арбіту невядомага нябеснага цела.

— Але міналі доўгія гады,— Павел перавёў тэлескоп на Нептун,— а гэтая планета па-ранейшаму заставалася крайняй з вядомых чалавеку планет Сонечнай сістэмы. Толькі ў 1930 годзе на фотаздымках месца, якое вылічылі матэматыкі, была заўважана невядомая зорка. Неўзабаве пацвердзілася, што адкрыта новая планета. Яе назвалі Плутон — па традыцыі далі імя міфічнага бога. Некалькі дзесяцігоддзяў прайшло з таго часу, а людзі вельмі мала ведаюць пра гэтую планету, да якой мы цяпер набліжаемся. У 1950 годзе было праведзена вымярэнне дыяметра Плутона. Ён складае 0,46 зямнога дыяметра, або 5870 кіламетраў. Такім чынам, Плутон — невялікая планета. Ён крыху большы за Меркурый і меншы за Марс. Тым больш дзіўна, што, паводле вылічэння, яго маса роўна зямной. Гэта значыць, што сярэдняя шчыльнасць Плутона надзвычай высокая — каля 50 грамаў на кубічны сантыметр, а гэта ў шэсць разоў шчыльней за жалеза.

— Праўда, нашы звесткі аб Плутоне даволі прыблізныя,— Павел памаўчаў, пільна ўглядаючыся ў экран тэлескопа, на якім зноў блішчэў Плутон.— Мы ведаем, што ён знаходзіцца на сярэдняй адлегласці ад Сонца, роўнай сарака астранамічным адзінкам, або шасці мільярдам кіламетраў. Гэта апошняя арбіта планет Сонечнай сістэмы. Бляск Плутона мяняецца, што можна растлумачыць вярчэннем яго вакол восі. Суткі на ім па сваёй працягласці роўны 6 зямным дням 9 гадзінам 21 мінуце і 30 секундам. Гэта так званыя аб’ектыўныя дадзеныя. Аналіз іх паказвае, што Плутон не падобен на астатнія вялікія планеты Сонечнай сістэмы. Па-першае, плоскасць яго арбіты нахілена да плоскасцей арбіт іншых планет пад вялікім вуглом — 17 градусаў, а гэта не ўласціва ўсім іншым планетам Сонечнай сістэмы. Па-другое, суткі на планетах-гігантах роўны 10—15 гадзінам, а на Плутоне, як я гаварыў ужо, яны ў многа разоў большыя. У Плутона вялікая маса. Ён складаецца з надзвычай шчыльнага рэчыва, таму, магчыма, нам будзе там цяжэй хадзіць. Але не гэта галоўнае. Першае, што мы зробім, апусціўшыся на Плутон,— гэта паглядзім на ягонае неба. Яно павінна выглядаць аднастайнай чорнай безданню, усеянай зоркамі. Сузор’і там такія ж, як і на Зямлі. Сонца здаецца яркай зоркай. Яно дае Плутону цяпла ў дзве з паловай тысячы разоў менш, чым Зямлі, і тым не менш асвятляе яго паверхню ў дзвесце разоў больш моцна, чым Зямлю поўны Месяц. Без тэлескопа мы ўбачым адтуль яшчэ толькі надзвычай яркі Нептун, а таксама Сатурн, Уран і, магчыма, Юпітэр. Атмасферы на Плутоне, відавочна, няма, ва ўсякім выпадку, калі і ёсць, то яна павінна быць у дзесяць разоў радзейшая, чым на Зямлі.