Выбрать главу

Не, у такім стане Бурмакоў заснуць не мог. Ён устаў, паправіў коўдру на Віцевым ложку, хоць было цёпла, і ўключыў тэлескоп.

У тэлескопе попельным святлом свяцілася шэрая маса Плутона. I Бурмакоў раптам адчуў, што яму хочацца паверыць у Віцеў і Паўлаў жарт.

VI

— Усё! — Бурмакоў выпусціў з рук штурвал і разняў белыя ад напружання пальцы.

Надрыўны гул ядзерных рухавікоў, які пранікаў нават скрозь шматслойную гукаізаляцыйную абшыўку карабельнага корпуса, аціх, пакінуўшы ў вушах несціханы звон.

— Плутон ля нашых ног! — узрадаваўся Бурмакоў.

Віця падхапіўся, каб падбегчы да выхаду. Зрабіў адзін крок і, нібы наткнуўшыся на нябачную перашкоду, упаў на падлогу. Павел ледзь паспеў перахапіць яго. Хлопчык разгублена зірнуў сабе пад ногі.

— Гасцінны Плутон, — працягваў тым жа тонам Бурмакоў, — хоча напомніць людзям, што яны забыліся на прыцягненне. Як дакладваюць прыборы, яно тут у два разы большае, чым на нашай роднай планеце. А калі ўлічыць, што мы за час палёту адвыклі наогул, каб нас абмяжоўвалі сілы гравітацыі, то на першым часе давядзецца цяжка. Добра яшчэ, што, прыцягненне аказалася меншым, чым мы чакалі.

Сутулячыся, аднак без намагання, Бурмакоў падышоў да акна. Побач сталі, цяжка дыхаючы, Віця і Павел. «Набат» апусціўся на невялікую пляцоўку, што прымасцілася сярод скал. Яны грувасціліся злева, справа, спераду, ззаду, хаваючыся за блізкім краявідам.

— Э-ге, — сцяў губы Павел, — усюдыход можна было пакінуць на Марсе або пераплавіць у дзюзах.

— Ёсць ракета, — падказаў Віця.

— I няма паліва, — дакончыў Бурмакоў.

— Зусім? — здзівіўся Віця, пазіраючы то на Паўла, то на Бурмакова. — А як жа мы?

Павел адвярнуўся да пульта, нібы яго раптам зацікавілі паказанні манометра ўнутранага ціску…

— Засталося мала. Толькі на нашы ўнутраныя патрэбы — ацяпленне, асвятленне, прыгатаванне ежы, рэгенерацыю паветра, вады… — ён націснуў клавішы лічыльнай машыны і выцягнуў карту-адказ. — Яго нам хопіць на паўгода.

— Планета з такой шчыльнай матэрыяй дасць нам паліва значна раней, — сказаў Павел.

— I тады мы знойдзем месца, дзе спатрэбіцца ўсюдыход! — Бурмакоў быў сур’ёзны, але ўпэўнены, і гэтая ўпэўненасць надавала бадзёрасці астатнім.

Віця запытаў:

— Калі мы зможам выйсці?

— Думаю, праз гадзіну, не раней. Трэба зрабіць аналізы. Так, Сцяпан Васільевіч? — звярнуўся Павел да Бурмакова.

— Выйдзем, калі ўмовы будуць спрыяльныя, — пацвердзіў Бурмакоў. — Але ўжо цяпер мы можам з поўнай упэўненасцю сказаць, што чацвёртая са знешніх планет не падобна на сваіх братоў. Калі тыя складаюцца галоўным чынам з газаў, то Плутон, як і планеты «зямной групы», утварыўся, відаць, з камяністага, шчыльнага рэчыва.

Прыборы нічога небяспечнага не паказалі. Навокал карабля была беспаветраная прастора са звычайнай касмічнай колькасцю радыёактыўных часцінак, ад уздзеяння якіх людзей надзейна маглі ахоўваць скафандры. А страшэнны холад — мінус дзвесце дваццаць градусаў — быў ім не навіной. 3 ім яны ўжо сустракаліся раней.

Бы сярэдневяковыя рыцары ў кальчугах і шчытах, яны накіраваліся да выхаду. Бурмакоў штурхнуў накрыўку люка. Яна ўздрыгнула, але не падалася. Бурмакоў націснуў плячом, чырванеючы ад натугі. Накрыўка раптам адскочыла, адкрываючы выхад. Бурмакоў ледзь не паляцеў у люк. Зірнуўшы ўніз, паведаміў:

— Метры чатыры да паверхні. Асцярожна трэба.

— Сцяпан Васільевіч, — сказаў Павел, — тут першы пайду я.

— Добра. Пойдзем разам. Віця застанецца ля карабля. Не крывіся, Віця. Можаш крыху пахадзіць, але далёка не адыходзь. Мы яшчэ не ведаем, што нас тут чакае.

— Значыць, верыце ў нашы фантазіі хоць крышку? — ажывіўся Віця.

— Цяпер ужо не. Але табе трэба прывыкнуць да вялікай вагі.

Віця паслухаўся і моўчкі сачыў, як, з цяжкасцю адрываючы ногі, шаркаючы і пылячы, Бурмакоў і Павел адыходзілі ад карабля ўсё далей і далей. Неўзабаве яны ўжо зніклі з вачэй.

Пражэктар павольна і метадычна апісваў жоўтыя кругі вакол «Набата». Абломкі скал успыхвалі іскрынкамі.

Віця набраў пад нагамі дробнага пяску. Пясок быў шэры, цвёрды. Віця паднёс яго да мікрафона і пацёр у далонях. Хрумсту не было. Беспаветраная прастора гукавых хваляў не распаўсюджвала.

Упершыню Віця быў адзін, і не ў караблі за трывалымі сценамі і з надзейнымі разумнымі машынамі, а на чужой планеце, акружаны густым змрокам, у якім невядома што таілася. Фантастычныя скалы, невыразна акрэсленыя нават на святлейшым ад сонца баку, здаваліся таямнічымі, населенымі невядомымі істотамі, страшнымі і магутнымі. Віця асмеліўся і накіраваўся да бліжэйшай гары. Ад стомы пачалі падгінацца калені, стала цяжка дыхаць. Тады Віця прысеў на камень, выпрастаў ногі. Але невядомая сіла ціснула на плечы, на сэрца, сціскала лёгкія. Віця павялічыў падачу кісларода, агледзеўся. Выхопліваючы з цемры адзін малюнак за другім, набліжаўся пражэктарны прамень. Калі ён апынуўся побач, Віця скамандаваў: «Стоп!» Прамень ірвануўся і спыніўся.