Выбрать главу

Камень, на якім Віця сядзеў, быў круглы, нібы палявы валун, і порысты, як вапняк. Такі ж выгляд мелі і скалы. Віця здагадаўся, што поры зрабілі касмічныя часцінкі і метэарыты. Ён успомніў апавяданні Бурмакова пра Месяц, які таксама не быў ахутан атмасферай, і таму нават драбнейшыя касмічныя целы дасягалі яго паверхні, паступова разбураючы яе.

Віця зірнуў на неба. Белыя, блакітныя, жоўтыя, зялёныя, чырвоныя зоркі віселі нерухома. Аднекуль адтуль, з глыбінь Галактык, спаборнічаючы ў хуткасці і сіле, гіганцкім веерам разлятаюцца мірыяды карпускул. Штодня адна або некалькі з іх сустракаюць на сваім шляху Плутон. Яны імкнуцца вырвацца з яго палону і абрушваюцца на гэтыя каменні і скалы з усёй сілай інерцыі, што накапілася ў іх на працягу мільёнаў год вандравання ў космасе, крышаць усё, што трапляецца на шляху і, зняможаныя, гінуць. А на якім-небудзь камені застаецца вось такая маленькая шчарбінка. Віця нават калупнуў яе геалагічнай сякерай. Камень не паддаваўся.

Паміж скал замільгалі ліхтарыкі. Віця паспяшыў назад, каб сустрэць Бурмакова і Паўла ля карабля. Яны падышлі, згорбленыя пад цяжарам заплечных мяшкоў, маўклівыя, стомленыя. Нават у дэзінфекцыйнай камеры, вызваліўшыся ад няўклюдных скафандраў, яны маўчалі. Неахвотна паеўшы, яны ляглі адпачываць пад антыгравітацыйныя каўпакі, якіх не выкарыстоўвалі аж з моманту старту з Зямлі.

Сілы да людзей вярнуліся даволі хутка: пад каўпакамі яны не адчувалі плутонавага прыцягнення. Дый бавіцца не было калі. На асцылаграфічных экранах аўтаматычных лабараторый замільгалі электронныя промні, вычэрчваючы рознакаляровыя крывыя. Мінеральныя злучэнні, узоры якіх Бурмакоў і Павел прынеслі з сабой, аказаліся падобныя да зямных. Толькі іх малекулы былі больш складаныя, невядомыя на Зямлі. Таму нават аўтаматы, якія, здавалася, ведалі ўсё, не змаглі даць адказу, ці можна стварыць такое малекулярнае злучэнне ў зямных умовах.

— Вось вам першая загадка, — Бурмакоў недаверліва круціў у пальцах запісаныя адказы асцылографаў.

— 3 аднаго боку — сцверджанне адзінства матэрыі, з другога — немагчымасць растлумачыць яе паходжанне, — закончыў ягоную думку Павел.

— Туманна, Павел Канстанцінавіч, — усміхнуўся Бурмакоў. — Так Віця нічога не зразумее. Бачыце, у чым справа. Гэтыя мінералы ўтварыліся не ў межах Сонечнай сістэмы, бо інакш мы маглі б сінтэзаваць іх. Значыць, яны маюць іншае паходжанне, касмічнае. Але малекулы іх складаюцца з атамаў, падобных да тых, што ёсць у элементах, характэрных для Сонечнай сістэмы. Значыць і ў нас, і на планетах іншых зоркавых сістэм ёсць рэчывы, у аснове якіх ляжыць адна і тая ж матэрыя.

— I вы гаворыце так спакойна? — ад хвалявання Віця аж замахаў рукамі.

— Адзінства матэрыі — даўно вядомая рэч.

— Ды не, Сцяпан Васільевіч, не матэрыя. Выходзіць, Плутон сапраўдны залётны?

— Я ў гэтым не ўпэўнены настолькі, каб сцвярджаць катэгарычна. Магло здарыцца, што тут былі нейкія своеасаблівыя ўмовы ў той час, калі адбывалася ўтварэнне планеты. Дзякуючы ім паявіліся невядомыя нам раней малекулярныя злучэнні. Так, Павел Канстанцінавіч?

— Згодзен з вамі, Сцяпан Васільевіч. У нас няма асаблівых падстаў лічыць Плутон залётным чужынцам, — адказаў Павел.

VII

Плутонавы дзень змяніўся ноччу. Але навокал па-ранейшаму было змрочна.

Людзі абследавалі планету. Яны пераадолелі ўжо горны хрыбет і выйшлі да шырокай даліны. Покрыў яе мякчэйшы і паддаваўся ўдару сякеркі. Даліна вяла некуды далёка на сотні кіламетраў, як сведчылі інфрачырвоныя лакатары. Самы раз пусціць усюдыход. Павел двойчы гаварыў Бурмакову, што нядрэнна было б даць сабе сякую-такую палёгку. Бурмакоў рабіў выгляд, быццам не разумее яго. Паліва, а значыць, і жыцця на караблі заставалася ўжо толькі на пяць месяцаў — 150 зямных, або каля 24 мясцовых сутак. I ён не адважваўся скараціць гэты і без таго кароткі тэрмін, бо не ведаў, ці прынясе паездка на ўсюдыходзе карысць. Трэба было раней вырашыць праблему з палівам.

Бурмакоў быў старэйшы, больш цярплівы. Нават, калі б аставаліся лічаныя хвіліны жыцця, ён наўрад ці адчаяўся б. Ён шукаў бы выйсця да самага канца. Павел не меў такой вытрымкі і таму неўзабаве перайшоў да прамой атакі, настойваючы на неабходнасці выйсці на раўнінную частку і там пашукаць матэрыялы, якія паддаваліся б расшчапленню.