Выбрать главу

Бурмакоў уважліва выслухаў яго і нечакана звярнуўся да Віці:

— Ты помніш, што такое Плутон у міфах старажытных грэкаў?

— Плутон — брат Зеўса, бог падземнага царства, уладальнік…

— Пра тое, што Плутон валодаў душамі мёртвых, — спыніў яго Бурмакоў, — гаварыць пакуль што не будзем, ранавата. А вы, Павел Канстанцінавіч, звярніце ўвагу на такую ягоную якасць: «Бог падземнага царства». Дык давайце паспрабуем зазірнуць у гэта царства. На Зямлі таксама карысныя чалавеку матэрыялы рэдка ляжаць пад нагамі. Ну, а калі тут не пашанцуе, — пойдзем у даліну.

Людзі, у якіх была самая дасканалая тэхніка разведкі нетраў, з першых крокаў адчулі сябе бяззбройнымі. Прыборы не рэагавалі на тутэйшыя выкапні.

— Адно добра — не будзем цягаць іх з сабой, — Павел згроб у кучу магнітныя, электрычныя і радыёактыўныя шукальнікі, склаў іх зноў у мех.

— Навошта крыўдзіць разумныя прыборы? Яны нам паслужаць яшчэ. Гэта цяпер яны бяссільныя, бо нас акружаюць металы і мінералы, не падобныя на зямныя. А калі мы натрапім на элементы ў чыстым выглядзе?

Але міналі дні. Былі зрушаны вялікія скалы, прабіты штольні, і нічога, што магло б спатрэбіцца, касманаўты не знаходзілі. Здавалася, што прырода пашкадавала для Плутона разнастайнасці, утварыўшы яго толькі з крэмнію і сілікатаў.

Надышоў дзень, калі Павел асцярожна напомніў Бурмакову.

— Я пайду ў даліну. Адзін. Вазьму з сабой больш кіслароду, харчовых канцэнтратаў і пайду. Гадзін на сто.

Бурмакоў коратка адказаў:

— Заўтра.

Назаўтра Павел пайшоў. А Бурмакоў і Віця не спынялі работы. Сцяпан Васільевіч не верыў, што Паўлаў паход паможа ім рашыць галоўную задачу — знайсці паліва, і спяшаўся. Пасля выбуху, які раскалоў на дзве палавіны высачэзную гару, Бурмакоў нахіліўся над прыборамі. Стрэлкі магнітных вымяральнікаў дрыжэлі на нулі, лічыльнікі адзначалі толькі радыяцыю, створаную выбухам і касмічнымі часцінкамі. Нічога новага.

— Паспрабую пранесці іх уздоўж разрэзу, — сказаў Віцю Бурмакоў. — Навошта абодвум траціць сілы, пайду адзін.

Віця паглядзеў услед і, каб хоць чым заняцца, пачаў круціць інфрачырвоны лакатар.

Пераломленае адлюстраванне хаатычна раскіданых горных парод паволі плыло на экране. Яно было падобна на марскія хвалі, якія раз’юшана кідаюцца адна на адну. Віця падкруціў тумблер настройкі. Нешта чорнае, падобнае на лодку, прамільгнула сярод шэрых хваль. Але што гэта? Пэўна проста скала апынулася на шляху лакатарнага промня. Бо судна можа быць толькі на сапраўдным моры.

— Гм!

Віця азірнуўся і замёр ад здзіўлення. Бурмакоў, які падышоў да яго нячутна, пільна ўглядаўся ў экран. Вось яго рука пацягнулася да шкалы. Экран перастаў дрыжэць, чорная плямка, якая нібы толькі ўяўлялася Віцю, застыла і пачала расці, выплываючы на пярэдні план.

— Гэта нейкая скала, — растлумачыў Віця.

— Не думаю. Хадзем паглядзім. Тут блізка.

Ля падножжа гары ззяў уваход у пячору.

VIII

Гэта быў паход у невядомае, без пэўнага маршруту. Павел мог пайсці ўлева, мог павярнуць направа. Ён выбраў раўнінны рэльеф, які цягнуўся кіламетраў на трыста, як паказвалі інфрачырвоныя лакатары.

Ісці было лягчэй. Павел натрэніраваўся ўжо хадзіць у плутонавых умовах, дый дарога на гэты раз была роўная. Спачатку ён час ад часу даваў аб сабе вестку па радыё. Потым перашкоды пачалі перабіваць сігналы, а неўзабаве і зусім глушыць. Сувязь абарвалася. Павел яшчэ раз праверыў кірунак, адзначыў месца, дзе застаўся карабель і выключыў ліхтар. Трэба было эканоміць электраэнергію.

Павел спаў, проста на дарозе, не здымаючы скафандра, прымаў па трубках вадкую ежу. Ён злаваўся і на доўгую, прыцярушаную пылам дарогу, і на яркія зоркі, што сачылі за ім зверху, і на шэры змрой. Павел разумеў, што гэта ад стомы і адзіноты. Ён баяўся, што доўга так не вытрывае, але ўпарта ішоў наперад.

На што Павел спадзяваўся? Чаму выбраў гэтую даліну? Каб у яго спыталі пра гэта, ён адказаў бы: «Проста так». Але ён бы схлусіў перш за ўсё самому сабе. Недзе ў глыбіні душы таілася ўпэўненасць, што менавіта на гэтай планеце, чужой сонечнай сістэме, павінна было некалі быць жыццё. Дарэмна яго рэшткі шукаць у гарах, дзе Бурмакоў і Віця ўзрываюць скалы. Жыхары Плутона, калі яны былі, знаходзіліся толькі на раўнінах. Чаму? Законы адзінства жыцця. Рэчыва Плутона ўтворана з элементаў, што падпарадкоўваюцпа законам перыядычнай сістэмы Мендзелеева. Жывыя істоты, адрозніваючыся ад чалавека многімі знешнімі і ўнутранымі якасцямі, абавязкова былі падобны на яго ў галоўным, у развіцці розуму. А чалавек жа заўсёды імкнуўся ў даліны, дзе жыццё было лягчэйшае, больш зручнае.