Выбрать главу

Гэтая думка мела хісткую аснову — яна была ў пэўнай меры правільнай толькі для арганічных форм жыцця. Але, спыніўшыся на ёй, Павел стараўся не думаць пра іншае. Кажуць, для вучонага — важна інтуіцыя, якая дазваляе адкінуць лішняе. Дык вось, цяпер Паўла вяла інтуіцыя.

Ён даўно ўжо не адпачываў. Падгіналіся ногі, кружылася ў галаве. Сон у мулкім скафандры стаў найвялікшай асалодай. Павел пасвяціў ліхтарыкам, шукаючы, дзе б прылегчы, і заўважыў нейкі выступ збоку дарогі. Не раздумваючы, ён сеў на яго, сілком прымусіў сябе выпіць пажыўны раствор і, выпрастаўшы ногі, заснуў глыбокім спакойным сном.

Прачнуўся ён ад голаду. Хацеў быў па прывычцы зрабіць гімнастычную зарадку, але ўспомніў, дзе знаходзіцца, і спахмурнеў. Устаючы, паклаў рукі на сваё каменнае ложа і падскочыў ад нечаканасці. Пальцы намацалі кант гладкага, быццам паліраванага прамавугольніка. Павел умомант змёў з яго рукою пыл, уключыў святло. Правільнай формы паралелепіпед свяціў чорным халодным бляскам. Не падумаўшы нават аб тым, як мог апынуцца тут прадмет выключна правільнай геаметрычнай формы, Павел пачаў шукаць хоць якія-небудзь адмеціны, што абавязкова павінны былі пакінуць на ім стагоддзі, і не знаходзіў. Паралелепіпед быў нібы зроблены ўчора.

Некалькі секунд Павел глядзеў на яго і раптам заскакаў на месцы: «Людзі, людзі! — крычаў ён. — Знайшоў, знайшоў!»

На адным з кантаў паралелепіпеда ён заўважыў рысачкі-паглыбленні. Яны злучаліся, перасякаліся, утвараючы нешта падобнае на зашыфраваны надпіс. Чым больш глядзеў Павел, тым больш упэўніваўся, што паяўленне іх не магло быць выпадковым. Яны зроблены нейчай разумнай рукой. Чыёй? У Паўла не было ні часу, ні магчымасці раздумваць над гэтым, а тым больш адгадаць іх паходжанне. Ён сфатаграфаваў надпіс, паралелепіпед. Усе спробы здабыць хоць кавалачак рэчыва, з якога ён быў зроблены, не ўдаліся.

Не адышоўшыся і кіламетра ад сваёй знаходкі, Павел трапіў у руіны. Назву ім ён даў, не задумваючыся, бо ўсё навокал было падобна на руіны сапраўднага горада з вуліцамі і плошчамі. А можа, гэта толькі разыгралася фантазія чалавека, які хацеў бачыць горад? Павел блукаў сярод руін, выкопваў каменні, апускаўся ў нейкія ямы і фатаграфаваў, фатаграфаваў бясконца.

Апамятаўся ён толькі тады, калі аварыйная электронная ўстаноўка напомніла, што запасаў кіслароду і харчавання застаецца на сто гадзін. Трэба было вяртацца. Прыкра, бо яго не пакідала адчуванне таго, што нешта важнае знаходзіцца недзе побач, ледзь не пад нагамі. І Павел рашыў, што пяцьдзесят гадзін яму хопіць на тое, каб вярнуцца да карабля.

Яму пашанцавала. Адзін з атамных выбухаў, якія памагалі ў раскопках, агаліў цэлыя каменныя пліты, паміж якіх былі бачны шчыліны. Ачышчаючы напластаванні, Павел патраціў амаль усе атамныя зарады. Але знаходка была вартая таго. Пліты напэўна былі падлогай у нейкім будынку, а можа і дахам. Порыстыя, вышчарбленыя, яны паддаваліся ўдарам кіркі. Павел прадзёўб паглыбленне з такім разлікам, каб выбух выкінуў пліту ўгару, уставіў апошні зарад і адбегся за сцяну. Выбухам пліту адкінула далёка ўбок. На яе месцы чарнела пустата.

Замацаваўшы трос механічнай лябёдкі, Павел скочыў у адтуліну. На глыбіні дваццаці метраў ногі сталі на цвёрдую глебу. Павел запаліў ліхтарык.

Наўрад ці гэта было сутарэнне, хутчэй за ўсё гэта быў адзін з паверхаў шматпавярховага будынка, бо такія ж пліты, як і над галавой, ляжалі пад Паўлавымі нагамі, а па баках, на сценах, было нешта падобнае на дзверы або вокны.

Час зрабіў сваё. Там, дзе знаходзілася, напэўна, некалі мэбля, ляжалі груды друзу. Сфатаграфаваўшы ўсё, Павел з кожнай груды адсыпаў пацярухі ў кішэні заплечнага мяшка.

Выбраўшыся на паверхню, Павел зменшыў падачу кіслароду, выпіў двайную норму вадкага абеду і заспяшаўся да карабля.

Ён стаміўся хутчэй, чым чакаў. Але спыняцца не было калі, і Павел ішоў. Ён страціў уяўленне аб часе. Знікла з неба зорачка, якая называлася тут сонцам, а ён, безуважны да ўсяго, ішоў і ішоў.

Надышло імгненне, калі ён, знясілены, асунуўся ў мяккі пыл. Стомленае цела аслабела, вейкі заплюшчыліся самі сабой. Павел не зразумеў пасля, што гэта: кароткі сон ці непрытомнасць. Ды гэта не мела значэння. Трэба было ісці, не спыняцца, каб данесці вестку. А так добра ляжаць. Ён паляжыць яшчэ толькі крышку і тады пойдзе. Ён зусім не спіць, хоць вейкі нібы наліліся свінцом. I гэта зусім не летуценні.

Павел сеў. Навокал было светла, як удзень на Зямлі. Яркае сонца сляпіла вочы. Павел уключыў светавую ахову. Сонца, што вісела ў тым баку, дзе быў іх «Набат», стрэліла маланкай і расплылося.