Віця ўвесь час быў побач з камандзірам. Яны ўдвух устанаўлівалі мезанатар, потым моўчкі чакалі, пакуль асядзе нябачны пыл, што, напэўна, узняла іх мітусня.
Блакітны праменьчык бліснуў у вечнай цемры пячоры, якую на гэты раз не асвятляў карабельны пражэктар. Нібы празрыстая пара заклубілася ў месцы яго сутыкнення з чорнай паверхняй куба, мікрафоны ўлавілі лёгкае шыпенне. Бурмакоў асцярожна правёў промнік уніз, павольна апісаў ім кола. Работа была скончана, калі толькі яна дала што-небудзь. Выключылі мезанатар, запалілі ліхтарыкі. У пячоры пасвятлела, але людзі не адважваліся зрушыць з месца. Потым Віця не вытрымаў, падбег да сцяны і ўдарыў па абпілаванаму месцу. Круг хіснуўся, павярнуўся і вываліўся ў пячору. Віцева рука бесперашкодна прасунулася ў пустату.
— Сцяпан Васільевіч! Сцяпан Васільевіч! Там, там… нічога не відно.
Ён забыўся, што трымае ў руцэ ліхтарык і можа ім асвятліць куб знутры. А Бурмакоў не рухаўся з месца і не здагадваўся падказаць яму гэта зрабіць
Выразаць праход было ўжо зусім простай справай. Сценкі куба аказаліся тонкія, не больш паўсантыметра. Бурмакоў не памыліўся ў сваіх меркаваннях: тут быў склад. Прыкладна, сотня невялікіх, даўжынёй з паўметра і дыяметрам дзесяць сантыметраў цыліндрыкаў ляжалі, складзеныя ля задняй сценкі.
— Якое іх прызначэнне? — пакруціў Бурмакоў цыліндрык. — Цікава.
— Ага, — Віця схапіў адзін з іх і вынес у штольню. — Ён не вельмі цяжкі.
Успыхнуў пражэктар. На яркім святле цыліндрык здаваўся карычневы. Віця пайшоў да выхаду са штольні, каб лепш разгледзець знаходку.
— Глядзіце, — закрычаў ён, — вось шчыліна, напэўна адкручваецца.
Бурмакоў адкрыў цыліндрык, які ляжаў бліжэй да яго. У ім было пуста.
— Яны пустыя, — расчараванне гучала ў голасе Бурмакова.
Упэўнены ў гэтым, ён ужо смялей адкручваў крышку другога цыліндрыка. Адзін, другі абарот… Ярка-сіняя маса папаўзла з цыліндрыка, на вачах мяняючы свой колер, павялічваючыся ў памерах.
Бурмакоў тузануў Віцю за плячо, падмінаючы пад сябе.
Вызваліўшыся з цыліндра, залацісты шар на імгненне павіс над паверхняй, пагрозліва патрэскваючы і выцягваючыся. Слізгануўшы па адкінутай назе Бурмакова, шар вылецеў са штольні і там, на прасторьц заззяў асляпляльным сонцам. Усё гэта працягвалася менш хвіліны. Калі Бурмакоў і Віця апамяталіся, навокал было ўжо так цёмна, што прамень пражэктара ў дзвесце тысяч ват здаваўся цьмяным святлом газавай лямпы.
Што ў яго прапалены скафандр, Бурмакоў заўважыў не адразу, бо пад скафандрам быў яшчэ звычайны касмічны касцюм. Ён раптам адчуў, што мерзне нага. Зірнуў і жахнуўся. Лічыльнік аднак не паказаў небяспечнай радыяцыі, і Бурмакоў крыху супакоіўся. Тым не менш, нічога не кажучы Віцю, ён схадзіў на карабель і зрабіў сабе ўкол супрацьрадыяцыйнай вакцыны.
X
Яны абшукалі ў кубе ўсе закуткі, перакапалі пячору, Бурмакоў нават быў упэўнены, што побач павінна быць нешта яшчэ. Не маглі ж тыя, хто хаваў тут цыліндры з кандэнсаванай энергіяй ці для нейкіх транзітных касманаўтаў, ці для сваіх патрэб, не пакінуць хоць выпадкова, што-кольвек яшчэ. Такое, што расказала б пра іх больш, памагло раскрыць прызначэнне гэтай магутнай энергіі.
Аднак, акрамя цыліндраў, больг нічога яны не знайшлі. Колішнія невядомыя жыхары Плутона, відаць, былі эканомныя і не раскідваліся сваімі рэчамі. А можа, час замёў сляды. Нягледзячы на знаходку, Бурмакоў і Віця вярталіся да «Набата» незадаволеныя. Непакоіў і лёс Паўла, які ўжо дванаццатыя суткі не падаваў аб сабе весткі. Яны нават збочылі ў кірунку той дарогі, па якой ён пайшоў. Ішлі моўчкі, не верачы, што сустрэнуць яго. Бурмакоў прыкідваў ужо, як наладзіць усюдыход, калі неспадзявана пачуліся кароткія сігналы-выклікі. Гэта быў Павел, але працавала чамусьці толькі аўтаматычная станцыя-пеленгатар. Яны пайшлі хутчэй і ўжо ля карабельнага пад’ёмніка сутыкнуліся з Паўлам.
Аброслы барадой, змарнелы, Павел, не мігаючы, глядзеў на сваіх таварышаў.
Яго працяглы позірк мог здацца вар’яцкім, каб у ім не гарэла само жыццё. Яно нібы праменілася скрозь пластыкавае шкло скафандра.
— Ён знайшоў нешта, — шапнуў Віця Бурмакову, падключаючы да Паўлавага скафандра запасны кіслародны балончык.
Павел напэўна пачуў шэпт. Яго губы ўздрыгнулі, бязгучна заварушыліся. Ён паказаў пальцам на кінаапараты, што віселі ля пояса.
— Праявіць? — спытаўся Віця, падтрымліваючы яго за плечы.
Нешта падобнае на «угу» вырвалася з Паўлавых губ, і ён паволі пачаў асядаць, трацячы прытомнасць.
Яго падхапілі на рукі, унеслі ў дэзакамеру. Пасля доўгіх працэдур непрытомнага Паўла напаілі пажыўным растворам, зрабілі ўколы і паклалі на ложак пад антыгравітацыйны каўпак. Тады заняліся кінакамерамі.