То быў апошні дзень жыцця С. В. Ён усё паўтараў:
— Вось і здзейснілася мая мара: я пабачыў чужы свет.
Мне зрабілася трохі не па сабе. Нейкая апатыя адчувалася ў яго словах. Каб перабіць яго невясёлыя думкі, я спытаў:
— Чаму вы, Сцяпан Васільевіч, здагадаліся, што я там, на той пляцоўцы, мог знайсці нешта цікавае?
Ён пагладзіў мяне па галаве, зусім як калісьці на Зямлі, і сказаў:
— Тая пляцоўка нагадала мне ведаеш што? Баальбекскую веранду. Я падумаў: там былі іншыя істоты, пазней. Яны маглі што-небудзь пакінуць пасля сябе. Як бачыш, я не памыліўся. Тут нехта быў. Таму цяжка сказаць, што мы знайшлі на Плутоне плутонавае, а што чужое. Але і адно і другое гаворыць аб жыцці.
Я зноў спытаўся:
— А што вы ўбачылі, Сцяпан Васільевіч, на экране?
Ён стомлена заплюшчыў вочы, пасядзеў так моўчкі некалькі хвілін і пачаў расказваць. Я запісаў расказ на магнітную плёнку і цяпер прыводжу яго поўнасцю. П. К. кажа, што тут цяжка адрозніць фантазію С. В. ад сапраўднасці. А я дык упэўнены: С. В. усё гэта не выдумаў.
«3 дапамогай электронных вылічальных машын мне ўдалося расшыфраваць тэкст сігналаў, якія вылучаюць знойдзеныя Віцем перадатчыкі. Даруйце, што я не паспеў запісаць код, які памог мне прачытаць сігналы. Пазней вы зразумееце, чаму я не зрабіў гэта. Але я паспрабую вам расказаць сваімі словамі.
На адлегласці адзінаццаці мільёнаў светавых год ад Зямлі (сто дзесяць трыльёнаў кіламетраў) знаходзіцца сузор’е Індзейца. Астраномы Зямлі даўно заўважылі, што зорка Эпсілон з гэтага сузор’я падобна да Сонца і што вакол яе верцяцца планеты. Помніце, калі Павел Канстанцінавіч прыняў адтуль невядомыя радыёвыпраменьванні, то ў многіх вучоных узнікла думка: а ці не разумныя істоты паслалі іх да нас? Тады гэта была толькі смелая здагадка. Цяпер я сцвярджаю, што гэта так. Планеты вакол Эпсілона населены высокаарганізаванымі істотамі.
У сваім развіцці людзі сістэмы Эпсілона намнога апярэдзілі нас, зямлян. Яны навучыліся ператвараць рэчыва ў поўную энергію, здолелі пабудаваць выдатныя касмічныя караблі, а потым нават па-свойму пераўтварыць планетную сістэму Эпсілона. На жаль, мне не ўдалося зразумець, ці наш Плутон — гэта адна з іхніх планет, некалі ператвораная ў своеасаблівы касмічны карабель, ці гэта яны пабывалі на Плутоне, і тут мы знайшлі іх сляды.
Вы — маладыя. Вы яшчэ даведаецеся пра тое, пра што не змог даведацца я. Шукайце новыя сляды невядомых касманаўтаў, і вы зразумееце таямніцу Плутона, даведаецеся, якая катастрофа абрушылася на гэту планету».
А праз гадзіну С. В. апрануў скафандр і выйшаў адзін на Плутон, забараніўшы ісці за ім.
У тэлеэкран мы бачылі, як ён стаяў на суседнім узвышшы, доўга глядзеў на неба і тады пайшоў. Спачатку хутка, потым цішэй, аж пакуль не захістаўся. Калі я дабег, С. В. быў ужо мёртвы. У руцэ ён трымаў мікраплёнку. Яна аказалася яго загадам-завяшчаннем.
Выконваючы волю нябожчыка, мы пахавалі яго на Плутоне ў пячоры, побач з кубам. А самі вяртаемся на Зямлю. Але С. В. нібы з намі. Гэта паводле яго праграмы аўтаматы кіруюць нашым караблём. Гэта яго разлікі, зробленыя ад нас крадком, памаглі нам пазбегнуць непрыемных касмічных сустрэч з вялікімі планетамі і астэроіднымі паясамі.
Нядаўна радыё з Зямлі паведаміла, што на Плутон адпраўлена новая экспедыцыя. Сярод яе экіпажу і Валя. Яны спяшаліся нам на дапамогу, бо мы доўга не падавалі аб сабе весткі. Што ж, я рады, П. К. таксама, хоць ён крыху засмуціўся быў спачатку. Неўзабаве мы ўбачымся. Тут, у космасе. Трэба ім перадаць тое, што мы ўжо ведаем, хай будзе ім лягчэй. А мы? Вернемся на Зямлю. А потым…
Сцяпан Васільевіч Бурмакоў марыў пабываць на планетах, населеных разумнымі істотамі. Мы з П. К. пакляліся зрабіць гэта за яго. Адпачыўшы, мы накіруемся зноў у космас!