Яму можна было паверыць. Бурмакоў — адзін з тых трох касманаўтаў, якія пабывалі ў доўгіх экспедыцыях на Месяцы.
IV
Тыдзень прамільгнуў, нібы адзін дзень. З’ездзіць у Мінск, як Павел намерваўся раней, не ўдалося. Увесь час занялі ўрачэбныя абследаванні. Аблытаны густой сеткай правадоў, Павел гадзінамі то ляжаў нерухома, то займаўся гімнастычнымі практыкаваннямі, то сядзеў за сталом і рабіў складаныя матэматычныя разлікі. Яго паводзіны і стан рэгістраваліся прыборамі і ўрэшце, відаць, задаволілі ўрачоў, бо аднойчы яны сказалі:
— Годны!
Цяпер Павел мог ужо лічыць сябе членам экспедыцыі. Заставалася яшчэ толькі сустрэцца з кіраўнікамі Касмічнага цэнтра. Напярэдадні той сустрэчы адбылася, нарэшце, важная размова з Бурмаковым. Сцяпан Васільевіч пазнаёміў Паўла з маршрутам, які намецілі для іх падарожжа.
У той час калі прымалася рашэнне аб новай далёкай касмічнай экспедыцыі, меркавалі дасягнуць Марса, не робячы пасадкі на планеце. Вядомыя тады рэактыўныя рухавікі не мелі яшчэ патрэбнай магутнасці для гэтага. Карабель, сеўшы на Марс, не змог бы адарвацца ад яго паверхні, каб вярнуцца назад. Хуткасць тагачаснага ракетаплана не ўзнімалася вышэй за пятнаццаць кіламетраў у секунду.
— Патраціўшы амаль тры гады, — гаварыў Бурмакоў Паўлу, — мы маглі б наведаць Марс або Венеру. Яны суседзі нашай Зямлі, хоць знаходзяцца ад яе на адлегласці сорак — шэсцьдзесят мільёнаў кіламетраў. Аднак паглядзіце, што будзе, калі мы паспрабуем дасягнуць іншых планет Сонечнай сістэмы. Да Юпітэра прыйдзецца з такой хуткасцю дабірацца некалькі год, а да Плутона — паўстагоддзя. I гэтулькі ж назад. Розум чалавека не хацеў мірыцца з амаль зямнымі тэмпамі руху ў космасе. Вучоныя прапаноўвалі ідэі, распрацоўвалі праекты касмічных караблёў, хуткасць якіх адпавядала б бясконцым адлегласцям Сусвету. Паводле адных тэорый, касмічны карабель трэба аснасціць ветразем дыяметрам у некалькі соцень метраў. Ціск сонечнага святла «надзімаў» бы гэты ветразь. Зроблены з лёгкага і трывалага палатна, ён павінен быў раскрывацца пасля таго, як карабель з дапамогай ракетных рухавікоў выведзен ужо на патрэбны курс. Другія — прапаноўвалі выкарыстоўваць атамную энергію. Але каэфіцыент карыснага дзеяння тагачасных атамных рухавікоў быў адносна невялікі. Не ўдавалася поўнасцю выкарыстаць энергію, якая атрымліваецца ў выніку распаду атама. Такія рухавікі не маглі задаволіць нас у вялікім падарожжы, скажам, да бліжэйшых зорак: і хуткасць не тая, і паліва спатрэбіцца надзвычай многа. Таму самымі перспектыўнымі трэба лічыць фатонныя ракеты…
— I наш карабель будзе мець такі рухавік? — загарэўся Павел.
— На жаль, не. Згодна закону прыроды, у кожным граме рэчыва захоўваецца патэнцыяльны запас энергіі, роўны 28 мільёнам кілават-гадзін. У адным граме — шэсць гадзін работы Брацкай гідраэлектрастанцыі! Калі б мы змаглі гэту энергію здабыць, яна памагла б стварыць рэактыўны струмень, гіганцкі на магутнасці і такі ж хуткі, як святло. Тады і хуткасць ракетнага карабля ў касмічнай прасторы можна давесці амаль да светлавой. Але чалавек пакуль што не ўмее атрымліваць гэтай так званай поўнай энергіі, звязанай з масай спакою.
— А пошукі вядуцца?
— Бясспрэчна. I хоць вынікі іх пакуль нязначныя, затое сам прынцып навёў нас на цікавую думку. Вы ведаеце, што работы ў галіне вялікіх энергій здаўна цікавяць мяне. У вольны час паміж палётамі я многа займаўся імі. Мяне захапіла магчымасць пабудаваць рухавік, які мог бы забяспечыць хуткасць у дзесяткі і сотні тысяч кіламетраў у гадзіну. Фатонная ракета — справа будучыні. А што яшчэ, акрамя святла, мае такую хуткасць распаўсюджвання?
— Сілы цягацення, гравітацыі,— падказаў Павел.
— I радыёхвалі,— дадаў Бурмакоў,— электрамагнітныя ваганні высокай частаты. Калі іх ператварыць у механічную энергію і надаць ім патрэбнае накіраванне, што проста зрабіць з ультракароткімі хвалямі, то можца стварыць нават цягавую сілу. Яна будзе невялікая, але ў космасе і не трэба вялікай. Там карабель не мае вагі і, каб разагнаць яго, патрэбна зусім нязначнае намаганне. А энергію для радыёгенератара дадуць атамная электрастанцыя і сонечныя батарэі. Вось так будзе аснашчаны і наш з вамі карабель. Ядзерныя рухавікі дазволяць нам падлятаць да планет, астэроідаў, не зважаючы на іх магутнае прыцягненне.
Ідэя была настолькі простая, што Павел не адразу паверыў.
— Неверагодна,— сказаў ён.
— А між іншым, факт,— у тон яму адказаў Бурмакоў.— Вы помніце апошні штучны спадарожнік Венеры? Дык вось, увесь шлях ад знешняга пояса зямной атмасферы да сваёй зададзенай арбіты — больш за сорак мільёнаў кіламетраў — ён ляцеў з дапамогай такога рухавіка. Гэта было яго выпрабаваннем.