Выбрать главу

— А рукі трымайце вось на гэтых кнопках,— папрасіў адзін з аператараў.

«Навошта?» — запытаўся позіркам Павел.

— Такім чынам правяраецца ваша здольнасць быць уважлівым у час перагрузак. Левую кнопку націскайце, калі вось на гэтым табло пачнуць успыхваць чырвоныя агеньчыкі,— аператар паказаў на лямпачкі, умацаваныя перад самымі Паўлавымі вачыма.— А правую, наадварот, адпускайце, калі адчуеце сябе дрэнна. Толькі не саромейцеся, прыборы самі нам раскажуць, што з вамі адбываецца.

У зале пагасла святло, каромысла кранулася з месца.

Запальваліся чырвоныя агеньчыкі, Павел націскаў левую кнопку, адказваў на пытанні, а самому ўспаміналася маленства.

…Старэйшыя хлапчукі з іх дзіцячага дома, калі падмёрзла суседняе балота, прыцягнулі аднекуль звычайнае кола ад калёс і доўгую жэрдку. Некалькі хвілін, — і калаўрот быў гатовы. Ён, Паўлік, аж закачанеў, пакуль дачакаўся чаргі. Яго пасадзілі на санкі, прымацаваныя да канца жэрдкі. Яму было і весела і страшна, калі санкі павольна зрушыліся з месца. А неўзабаве ўжо ўсё навокал злілося ў адну паласу, да горла падступіў камяк. Каб не закрычаць — сябры не даравалі б баязлівасці — ён заплюшчыў вочы і што было сілы ўчапіўся за жэрдку. Калі яго ссадзілі, ён пераможна ўсміхнуўся і, хістаючыся, паплёўся да гурбы снегу. Снег быў мяккі і халодны. Крыху паляжаўшы на ім, Паўлік паплёўся дадому. Пасля ён доўга баяўся падыходзіць да калаўрота.

— Як вы? — пачуў Павел голас аператара.

Ён хацеў адказаць, што яму добра, і раптам адчуў, што ягонае цела пачынае дзервянець. Але ён ўсё ж адказаў:

— Нармальна!

Яшчэ праз імгненне цела зрабілася, нібы свінцовае, а грудзі сціснула так, быццам на іх наступіў слон, спачатку адной нагой, потым другой… Да слыху данеслася «шэсць жы». У затуманеных мазгах мільганула: «Ого! Я важу ўжо чатырыста пяцьдзесят кілаграмаў». Ён хацеў зрушыць правую руку з выратавальнай кнопкі і не мог. Рука здавалася цяжкай каменнай глыбай. I тут усё закруцілася, заскакала, паляцела ў розныя бакі. Мільгалі рознакаляровыя агеньчыкі-сігналы, нешта трывожнае грымелі навушнікі, кабіна правальвалася ўніз. Павел чакаў, калі, нарэшце, ён стукнецца аб сценку або столь…

«Спуск!» — неяк падсвядома мільганула ў галаве. Павел з палёгкай уздыхнуў і вінавата зірнуў на аператараў, урачоў, асістэнтаў. Але тыя і не думалі кпіць. Наадварот, у іх вачах было здзіўленне: з першага разу такую перагрузку вытрымае далёка не кожны.

— Ну і сэрца! — сказаў урач, паказваючы Паўлу кардыяграму, на якой былі роўныя рысачкі, амаль такія ж, як і перад трэніроўкай.— Малайчына.

Адкуль урачу было ведаць пра той калаўрот.

Заняткі на цэнтрыфузе неўзабаве скончыліся. Праз некаторы час Павел навучыўся ўжо вытрымліваць даволі доўга дванаццаціразовую перагрузку. Вестыбулярны апарат касманаўта прывык да раптоўных змен вагі і становішча цела.

Уперадзе Паўла чакала куды больш сур’ёзнае выпрабаванне. Аднойчы яго прывезлі ў памяшканне, дзе знаходзіўся макет кабіны касмічнага карабля.

На зямлі ў чалавека прывычны распарадак жыцця. Ён знаходзіцца сярод сяброў і знаёмых. А ў бязмежных далячынях космасу? Адзін, або з невялікай групкай такіх жа, як і ён, адарваных ад роднай зямлі на доўгія-доўгія месяцы, касманаўт увесь час будзе знаходзіцца пад уражаннем сваёй аддаленасці. Яно будзе прыгнятаць яго псіхіку з кожным днём усё мацней і мацней. Якую волю павінен мець ён, каб вытрымаць і перамагчы!

Выпрабаванне гэтай волі і чакала Паўла ў макеце-кабіне. Спачатку ён правёў у ёй некалькі гадзін, потым — суткі, пасля — тыдзень. Адзін, не маючы ніякай работы, не чуючы ніводнага гуку. Як гэта цяжка — сядзець і нічога не рабіць, нават ведаючы, што ты трэніруешся і праз пэўны час зноў будзеш сярод людзей.

Асабліва даўся ў знакі Паўлу тыдзень адзіноцтва. Тры крокі туды, тры — назад. Крэсла. Ложак. Маленькі стол, у шуфлядках якога толькі пакеты з ежай. Ён меў час успомніць не адзін раз усё сваё жыццё, прааналізаваць усе свае ўчынкі. Адно ён не дазваляў сабе — думаць пра Валю, а думкі пра яе якраз і не давалі спакою. Павел звыкся толькі на пятыя суткі. Памагла фізіка. Без паперы і алоўка, ён пачаў вылічваць рух у космасе драбнейшых атамных часцінак, якія набылі хуткасць вялікіх энергій. Гэта была тытанічная праца. Колькі разоў Павел, забыўшыся, мацаў па кішэнях, шукаючы аловак і паперу і, не знаходзячы, ад роспачы скрыгатаў зубамі. Ён баяўся, што забудзе толькі што вылічаную складаную формулу.

Кончыўся тыдзень. Медыкі не знайшлі ў псіхіцы ніякіх шкодных адхіленняў. Паўлу дазволілі адпачыць.

Ён вярнуўся ў свой катэдж і сеў за пісьмовы стол, каб узнавіць разлікі, зробленыя ў кабіне-макеце, але раптам адчуў стому. Не хацелася ні пісаць, ні чытаць, і ён пайшоў у лес.