Выбрать главу

Яно, ласкавае, мілае, чалавечым голасам мне тады сказала:

— А перабяжы мне шлях! Разаб'еш чужую халодную славу, а моцна збярэш сваю, легендавую, звонкую. Усю сваю славу... Век твой будзе вялікім. I доўгім-доўгім!

Бліснула спакушальна ясным промнем... Пра што яшчэ марыць, як здарыцца заступіць самому трысветламу! Як само найяскравае цябе з лёгкім паклонам вітае... Памятае гэтыя словы гуллівая дзвінская вада, дачулася і строгая, дняпроўская... А пасля ўведалі і малыя, і вялікія рэкі, як перабягаў шлях... Памыляўся, вагаўся, баяўся... Смяяўся з мяне ты, Дняпро Славуціч, уладар усіх светлых імклівых рэк, казаў, што не быць мне вялікім князем. Дарэмна раздаю гарады! Што чары вялікія сабраў, а волі чалавечай у іх не знайшоў. Не здабыў...

Дарэмна смяяўся з мяне. Здабыў чалавечую волю. I тады, Дняпро Славуціч, ты патрапіў у мой шалом... А можа, гэта прыснілася мне... I зблытаўся мой доўгі сон з чароўнай явай.

Проста перакуліўся ў хамут, як у вір з галавою. Навошта? А чаго не зробіш, здабываючы волю... На волю праз хамут! Воля... Чары... Надзея. Лапы з таго хуткія, воўчыя, вочы іскрыста-агнёвыя, а сэрца... Сэрца чалавечае. Праз цемру бягу, людзей не сустракаю, скарбаў не чакаю, на здані зусім не зважаю. Імхі дрыгвяністыя пад нагамі, мяккія, нават пяшчотныя. Веташок. Масток. Звонкі дубовы лісток, які так адчайна трымцеў, каб мне вяшчунна прамовіць... Валунок. Пясок-пясочак... Не пачуў яго, хрумсткага, пад нагамі. Не, пад лапамі. У мяне ж воўчыя лапы...

I ты, Жэля, якая даўно спадзявалася на сустрэчу па гэты бок хамута...

— А ты ж мой чаканы! А ты ж мой жаданы! — прывітала мяне, усміхнуўшыся чырвонымі заплаканымі вачыма. — Ідзі да мяне! Iдзi...

Ураз супыніўся, адчуўшы, як пляжыць цябе невыносны жаль. Як моцна хочацца табе спачування і спагады... Як глуха і адчайна стукае маё сэрца. Не пайшоў. Ты паплыла да мяне нячуткай хадою. I спалохаўся тады, што атуліш мяне слязьмі, што дарэшты забярэш усю радасць... Адхінуўся, схамянуўся. Спытаў, чаго ж хочаш...

— А пусці мяне ў людскі свет, — папрасіла ласкава ды абяцала. — Я ворагаў тваіх дакрануся, а сяброў ані зачаплю... Цябе, слабога і смяротнага, зраблю слаўным!

— Не пушчу, Жэля! Занадта ты жалобная... Увесь свет слязьмі зальеш! Ды не сваімі, а чалавечымі...

— А чым жа дрэнныя салёныя чалавечыя слёзы? — запытала, уздыхнуўшы чакальна. — Як плача нехта, то не падманвае, не здраднічае... Шчырым робіцца, хоць ты з яго дзівіся!

— А я з такога дзівіцца не буду! — прамовіў ёй цвёрда.

Пачула мой адказ і засмяялася глуха, надрыўна. Як быццам заплакала. Не, усё ж засмяялася, а з нечага так шкадобна стала... Цёмна, няветла.

— Ды што я ў цябе прашуся. Хоць і зыркі, хоць і палымяны, але ж смяротны... Сама ў людскі свет патраплю! Смяротнага лёгка змагу!

I пацягнулася да мяне жалезнымі кіпцюрамі... Гэта не дзіва, як у цябе такія чорныя, бліскучыя, доўгія... Ведама, жальба пакідае глыбокія драпіны, як ні круціся. Дык што паробіш? Кінуўся бегчы з усіх ваўчыных ног, а ты, Жэля, за мною лёгкай лебядзінай хадою плывеш, а ні на крок не адстаеш! Адно дзе ступіш, там жоўты пясочак пляжыцца на цёмнае балота... Зусім змакае ад слёз.

Ці многа, ці мала бег, а сталі ценька дрыжэць моцныя лапы. А Жэля ўжо ні глядзіць нават, адно чакае ганарыста, калі зусім супынюся. Не здолею вечна бегчы, а ёй спяшацца няма куды. Няма смуткоўнай скону, бо няма стомы... Не выпусціць мяне з хамута!

Цяжкага, прыкрага, бо сам на сябе ўздзеў... Але чамусьці думаецца зусім не пра тое. Успамінаюцца мне сінія вочы Дняпра Славуціча. Мроіцца, што ён, слава-слаўны, скруціў бы той хамут у хамут... I здаецца, быццам ведаю, што гэта я сам учыню такое.

Узгадаў празрыстую радасць, якая сэрца цешыць прачулай песняй. Спадзявальнай, чалавечай. I як зыкамі вясёлымі плёхаюць хвалі, самі за гуслямі звонкімі гоняцца. А гуслі-перагуды... Не, гэта гусляр праніклівы самую шчырую радасць сабраў як быццам з усяго свету... Ад таго я зрабіўся ў сем разоў за сябе дужэйшым! Чаўны ды ладдзі незлічоныя цягну, яктыя бязважкія лісцінкі, берагі высокія выгінаю, а і зусім не зважаю, як з рэхам ламлю зімовыя крыгі. Прасторамі разбягаюся, мінаю вёскі, мінаю вёрсты! Збіраю зімы, збіраю ле­ты... Хлопчыка малога за руку трымаю, а ён ужо такі дарослы! Панёс маю сінечу ў сваім сэрцы... Да мора далёкага. Да спраў слаўных!

— Гэй ты, Жэля жалобная! Пойдзем са мною ў свет вялікі. Смяяцца навучу, радавацца самой ды іншых радаваць! Забудзешся на чырвоныя слё­зы...