Выбрать главу

З'ядаюць ціхі плёскат словы перуністыя, прагна скачуць маланкамі:

— Ды каму ты патрэбны? Хадзіў па свеце ды Жэлі баяўся, юда страхатлівы. Нейкія гарады парабіў, а каму і навошта? Згараць яны ў полымі нібы лучынкі! З чым застанешся? Прагна волі шукаў! Дык будзе табе воля! Будзе воля мая раз і назаўжды! А іншага ты няварты!

Не чапай волі маёй, перуністы ды ганарысты. Не цябе я слухаю! Не да цябе іду... А да хваль высокіх, сініх, што клічуць мяне ласкава. Просяць шчыра прыняць ды ім слугаваць. Буду слугаваць! Буду несці вашу песню ў сваім сэрцы... Моцна жадаю пабачыць нечуваныя цуды за тваёй вадою, Дняпро Славуціч!

— I чаго ты Дняпра Славуціча роднага так баяўся? — пытаецца ў мяне грымотны голас.

Маўчу табе. Цмокі не ведаюць страху, а і смяротны той смелы-смелы... Ці да скону толькі?

— Ці да скону свайго ты застанешся смелым? — пытаюцца ў мяне сінія хвалі грымотным голасам, як быццам ты, перуністы, пытаешся. — Няма цмоку скону...

Маўчу вам. Пра скон зусім не думаю. А мрояй светлай лячу да волі, да песні, да цуду. Да сіняй вады. Да цябе, мой родны Дняпро Славуціч!

Да хваль тваіх спеўных спяшаюся спорай хадою. Трывожуся. Спадзяюся... Ухаладзелыя аж занадта, ды патрываю тое я, цмока, злы цуда-юда... Можа, не зусім яшчэ пракляты. Залі, залі мой агонь, чарадзейная дняпроўская вада!

Кажаш ціха нешта даўно чутае ды рознымі галасамі:

— Чалавечае сэрца забраў, як смяротнага на бойку выклікаў. Не адчуваеш хіба, як б'ецца моцнае чалавечае сэрца?

— Цуда-юда той нябесным гневам створаны. Ацішыш палкі, агнёвы — і ён сам знікне, быццам не было зусім...

— Адно здагадацца трэба, як агнёвы ды вадою заліць...

— Пра чыю ж гэта страту ты цяпер плачаш? За каго пускаеш крыштальную слязу?

— За цябе, які насмеліўся падужацца з Карнай... Цяжкі твой лёс!

Моцна спалохаўшыся, клічу, клічу цябе, Дняпро Славуціч! Адгукаецца мне ласкава сіняя вада... Зусім не сіняя. Балючая... Злая...

Абдымаеш мяне, Пяруне. I як жа гэта патрапіў да цябе...

— Хлопча мой мілы, што ж ты нарабіў! Не жадаеш агню... Не горнешся да сечы... Спляжыў сваё жыццё, спапяліў сваю славу! Нават стацца нябесным гневам не здолеў! Ад мяне што сілы ўцякаеш!

— А як жа гэта патрапіў да цябе?

Маўчыць мне Пярун. Доўга маўчыць...

— Дык ці патрэбны ты, страхатлівы? Няварты! Пагарджаны! Заліся вадою зусім! Навошта свету такі...

А ты, мудры Траяне, з вяшчунным Баянам побач стаіш! Зусім не чарадзейны, такі просты... I мяне клічаш! Просіш стаць побач з вамі трэцім. Не хачу да вас... Не час мне яшчэ ўпрочкі пайсці... Яшчэ па зямлі не набе гаўся. Няхай сабе і ў воўчым абліччы!

Поўсць ад снегу белага атрасаючы, поўсць ад улеўных дажджоў ратуючы, пушчы цёмныя мінаючы, сляды глыбокія пакідаючы, з моцы ўсёй вам крычу, каб заставаліся самі сабою. Адны, без мяне!

— Ідзі да нас! Хітры, увішны, спрытны...

— А мне і самому добра!

Чаму ж не... Сонейка яснае мяне шчыра клікала, радасць светлую абяцала. Што з тае радасці? Не адгукнуўся яму... А сонейка абяцала мне цэлы век, слаўны, доўгі-доўгі! Клікала мяне прачула і ты, Жыва-жывіца, самая моцная сястрыца, бо што ж мацней за жыццё? Сястру тваю, Карну, як быццам зусім прагнаў. Няхай ведае злых цмокаў... А ты, Жывена, абяцала мне цэлы век! Пражыць цэлае жыццё з табою! Пражыць цэлае жыццё з сонцам!

— Пражыві цэлы век са мною! — гэта Траян гукае абяцальна.

— Цэлы век буду славіць цябе! — гэта Баян голас падае.

Цэлы век слухаць песню тваю — гэта доўга... Вушы мае чуйныя, ваўчыныя моцна стомяцца. Ды, можа, як абыдуся і без таго. Што яшчэ трэба, калі свеціць мне ноч ясным сонейкам... Сузіраю зямлю прыжмураным вокам нізкага веташка. Бягу лясамі, бягу палеткамі, скачу лёгка праз плыткія рэкі. Не так сабе хутка бягу! Ганю прэч цябе, худая аж кашчавая, жаласная, вечна слязьмі залітая... Выю радасна, гучна, вітальна. А ты ж як дужая ўцякаеш ад мяне!

Заганю цябе ў хамут! Заганю, каб маёй злой радасці моцна баялася...

— Ты злы?! — пытаецца ў мяне Жывена тваім голасам, Траяне. — Навош­та зрабіўся злым?

Я воўчы. Зрабіўся такім, як падманула мяне яснае сонейка. Зрабіўся такім, як пакінуў мяне Дняпро Славуціч. I нават Пярун аблічча сваё гняўлівае ад мя­не адвярнуў...

— А хіба лёгка тым, хто шлях мне перабягае? — сонцавым голасам прамаўляеш мне, Траяне.

Чаго гнявіцца... Чаго мне гнявіцца, калі стаў воўчым з волі сваёй. Дзіва сапраўднае ўчыніў! А як жа... Вушы воўчыя, што і дзе на свеце белым робіцца, чуйна слухаюць. Вочы воўчыя, што і дзе на свеце белым робіцца, сузіраюць пранікліва. Сэрца чалавечае... Сэрца чалавечае без літасці і спагады... Што мне лясы. Што мне палеткі. Што мне плыткія рэкі! Галаву ваўчыную ўгару — і носам цікаўна сіненькі веташок кратаю! I праглыну! Ці такі смачны, як прыгожы...