Выбрать главу

— Не еш мяне, воўча! — просіцца веташок. — Я тваім вокам пільным стануся! Буду на зямлю пазіраць, а ты будзеш усё тое бачыць!

— А праглыні веташок! — радзіш мне, Траяне. — Хітры, увішны, станься магутным Дзівам ды будзь з намі трэцім!

— Дзіва зрабі! — адгукаешся і ты, Баяне. — Паглядзімо, спрытны, ці зусім у цябе няма чалавечага сэрца...Чалавечае сэрца? Было некалі... Аддаў яго Славуцічу, самаму лепшаму, самаму плыткаму, ды не зраўняўся з ім.

— Аддаў сваё сэрца цмоку! Бачым, што не сквапны...

Не хачу быці цмокам! Чуеце, не хачу! Не прасіце мяне стаць побач з вамі трэцім. Не змушайце мяне сваёй воляй...

— Не хочаш цмокам — не будзь! — лёгка кажаце згоду. — А Дзівам будзь! Несмяротным зробішся! Ці ж мала сем вякоў пражыць?

I яшчэ абяцаеце падараваць мне чары. Не будзе тады роўнага мне... А недаверліва пытаюся ў вас, за што ж звалілася багацце такое...

— За тое, што Жэлю адолеў! За тое, што Карну прагнаў!

Мабыць, зрабіўся Дзівам. I прыйшлі да мяне чары, і азірнуўся на мяне свет. I тады я ўспомніў пра Карну... Змагаўся з ёю. А ці прагнаў?

Не буду вас дзівіці. Нельга Карну прагнаць. Нельга перамагчы...

— Па-добраму пойдзем са мною! — усміхаецца мне дзяўчына, сінявокая, чарнабровая. Прыгожая. На Жыву падобная. На сваю родную сястру.

— Ты ж людзям суд судзіў, князям гарады дзяліў. I дапаможаш мне, і падкажаш!

Як прачынаецца мая чалавечая памяць. Хочацца сказаць, што каб суд які судзіць, трэба мець літасць у сэрцы. Ты ж, волі сваёй не хаваючы, збіраешся не дараваць, а толькі караць... Дык якім жа будзе твой суд... Але ж успамінаю, што і сам часам судзіў зусім не літасціва. Цяпер жа і сэрца сваё чалавечае згубіў, якое спачуваць магло, свет радаваць, дабрыню казаць.

— А пайду з табою! Смяяцца навучу, радавацца самой ды іншых радаваць! Забудзешся на сваю жорсткую прагу да кары...

I адказала прыгожая, гордая, адказала некаму, але ж не справядліваму мне:

— Вітаю цябе шчыра, Дняпро Славуціч! Як ведала, што будзе з табою цікава.

Мой Дняпро Славуціч... Калі і дзе ты сустракаў Карну? Як змагаўся з ёй? Мабыць, перамог. Каб жа ўведаць, што ёй цікава... А тая на мяне шчырым позіркам глядзіць, намеру свайго не хавае:

— Цікава мне бітва ратная, якой скоранька быці. Нячутка зямлёю іду, сабе найлепшы час выбіраю, а нейкіх позіркам праніклівым выхопліваю! Вось цябе выхапіла.

— Падманулася, прыгожая. Мой шлях яшчэ здоўжыцца. Так мне сонейка абяцала.

— Значыць, з табою доўга будзе цікава... Дык падкажы, літасцівы. Сышліся ў бойцы два браты. Родныя. Ганарыстыя. I кожны другім пагарджае, і кожны сабе перамогі просіць. Крыўдаў даўніх, дарэмных, не прабачае. Каму ж мне паспрыяць?

— А нікому! Змусіць замірыцца Перуна і Вялеса.

— Тады сястра мая Жыва мяне ўпрочкі прагоніць!

— Не жадаеш таго?

— Не пытайся пра такое. Каму ж гэта не хочацца па зямлі як болей пахадзіць...

Сляды за сабой пакідаць, з якіх жальба вялікая паўстае. Па-добраму з та­бою пайду. Буду радзіць. Буду нагадваць табе пра літасць. Хачу, каб забылася на сваю жорсткую прагу да кары.

— Карна, а калі Славуціч перамог цябе?

Засмяялася грамаўнічным роскатам, якой разгараецца самая лютая сеча:

— А хто ж гэта спадзяецца, што Славуціч хоць калі-небудзь мяне пераможа?

А ці доўга, а ці мала ішлі, ды зразумеў я, што тры сястры свет у руках трымаюць, яму дыхнуць без волі сваёй не дазваляюць. Першай Жыва неадступная ідзе. Дзе яна, старэйшая, пройдзе, там жыццё родзіць. Свет пачынаецца, трымціць трапяткім спадзяваннем на шчасце. Упарціцца, нягодзе не скараецца, змагаецца... Пакуль ты, малодшая сястра, не прыйдзеш. Гожая, ад таго яшчэ болей жорсткая. Да бітвы ратнай хуткая...

— Славуціч, — настойліва клічаш мяне чужым імем. — А якая яна, жорсткасць?

Вось чаго табе цікава са мною. Але як паказаць жорсткасць, калі ж ты ніколі не бачыла дабрыні? Не ведаю. Дык прымі просты адказ:

— Гэта кожны твой след... Як ёсць. Не дзівіся.

— Кожны след... Гэта нават сумна. А хто мне радасць абяцаў? — усміхаешся аднымі вуснамі.

А трэцяя вашая сястра, наймалодшая, у твае сляды трапна ступае. Ідзе-брыдзе, кіпцюрамі вострымі пабліскваючы. Як знаёмы з ёю добра, дык і сустракаць болей не хачу. Ды і з табою, Карна, ісці ўжо трошкі стаміўся...

— Слабы. А смяяцца навучыць, радавацца самой ды радаваць іншых?

Зноў усміхаешся вуснамі, а вочы халодныя.

— Абяцанні свае не праўдзіш. Глядзі, Славуціч, хоць я і жорсткая, але ж вясёлая. Сама смяяцца ўмею. А ўжо іншых радаваць... Глядзі на радасць маю, на прыгажосць маю!