Мінула яшчэ два месяцы. Насталі Каляды — бадай, самае вясёлае зімовае свята. Сонца перастала паміраць, зноў павярнула на вясну. Пад маленькімі акенцамі полацкіх рамеснікаў і купцоў спыняліся хлопцы і дзяўчаты, спявалі калядныя песні, збіралі пачастункі. Не абмінулі яны і княскія харомы. Нават прывялі з сабой рагатую казу — апякунку будучага шчодрага ўраджаю. Праўда, саму казу напярэдадні свята прынеслі ў ахвяру богу жывёлы Вялесу, а замест яе па святліцы тупаў з маскаю на твары і ў вывернутым кажуху хлопец-зух. Ён смешна бадаўся з княскай прыслугай, пачціва кланяўся полацкаму ўладару і яго жонцы. А тым часам павадыры казы пад дуду-самаграйку спявалі:
Шчодра адарыў Рагвалод каляднікаў: поўны мех загадаў насыпаць прысмакаў, каб механоша ледзь падняў пачастункі. Князь ганарыўся і ніколі не забываўся, што імя яго — Рагвалод — азначае валадар рога. Рога дзівоснага, багатага, пэўна, якраз такога, пра які расказваецца ў казцы «З рога ўсяго многа».
Пайшлі далей шчаслівыя каляднікі, а ўночы княгіня нарадзіла дзяўчынку. I па дзедаўскім звычаі полацкі князь даў маленькай дачцы частку свайго імя і назваў яе — Рагнедай.
ВЯНКІ
«Нашто лепшы клад, калі ў дзецях лад», — кажа народная прымаўка.
Цешыцца полацкі ўладар, гледзячы на сваіх спадчыннікаў. А іх ужо трое: пасля дачушкі княгіня нарадзіла Рагвалоду двух сыноў — Усяслава і Брачыслава. Асілкамі растуць малыя княжычы. Зусім нядаўна, леташняй вясною, бегалі глядзець на крыгаход, пускалі да Дзвіны драўляныя караблікі. Вунь яны, плывуць па рэчцы Палаце насустрач вірам і злосным хвалям. Ды не абы-куды кіруюць — у мора аж Варажскае!
То было летась...
А сёлета ездзяць абодва княжычы вярхом на конях і просяць патрымацца за дзіду ці меч.
«Добрыя заменяць нас ваяры, — усміхаюцца бывалыя дружыннікі-настаўнікі, — не застанецца слаўная полацкая зямліца без абаронцаў!»
Гэтыя словы быццам мёд былі на Рагвалодаву душу.
Не засмучала бацьку і любімая дачка Рагнеда. Усяго ў яе хапала: і цацак дзівосных, і завушніц-бранзалетаў заморскіх, і тканых залатою ніткай убораў. Але князёўне не сядзіцца пад наглядам нянек у святліцы. Любіць яна выбегчы насустрач сонцу, ластаўкай зляцець са стромкага насыпу дзядзінца і назбіраць букет вясновых кветак, каб потым з іх сплесці сабе вянок на галаву.
Ну, а самае чаканае свята ўлетку — безумоўна, Купалле. Вогнішчы на пагорках, песні і скокі да самай заранкі, пошукі дзівоснай папараць-кветкі ў гушчары... А яшчэ полацкія хлопцы і дзяўчаты пускалі на рачныя хвалі сплеценыя з летніх красак прыгожыя вянкі. Сустрэнецца вянок хлапчыны з вянком дзяўчыны — значыць, быць вяселлю!
Толькі Рагнедзін вянок чамусьці ўсё прыбівае да берага... Трынаццаць гадкоў князёўне. Яшчэ ўчора яна была дзяўчынкай, а сёння распусцілася нявестай-кветкай. Русакосая, вочы — як валошкі ў жыце, а постаццю зграбная, нібыта чарацінка. Уздыхаюць ды сохнуць па ёй маладыя дружыннікі.
ТРЫ БРАТЫ — ТРЫ ДАРОГІ
Кіеўскі князь Святаслаў, сын Ігараў, пасля перамогі над грэкамі вяртаўся з малою дружынай у Кіеў. Ён плыў на ладдзях па Дняпры. I ў гэты час напаў знянацку на кіян печанежскі князь Кура. Здарылася гэта вясной 972 года. Забіў жорсткі печанег Святаслава, зрабіў з яго чэрапа кубак і потым, святкуючы перамогу, піў віно з таго кубка.
Засталіся ўладарыць сыны Святаслава. Старэйшы сын Яраполк — у Кіеве, сярэдні Уладзімір — у Ноўгарадзе, а малодшы Алег — у драўлянскай зямлі. Яраполк і Алег былі ад адной маці. Уладзіміра ж нарадзіла паланянка Малуша, якая была служанкай у Святаслававай маці — княгіні Вольгі.
Праз некалькі гадоў пасля бацькавай смерці сталі браты паміж сабой варагаваць. Яраполк паверыў злым дарадцам і пайшоў вайной на Алега. Ратуючыся ўцёкамі, Алег упаў з моста ў глыбокі роў і загінуў. Пачуўшы пра братаву смерць, Уладзімір уцёк з Ноўгарада да варагаў. Сабраў там дружыну і разам з дзядзькам сваім Дабрынем зноў здабыў сабе Ноўгарад, забіў там Яраполкавых пасаднікаў.
Яшчэ больш знелюбілі адзін аднаго браты, сталі збіраць сабе новыя раці з марамі пра перамогу.
Дачуўся Яраполк, што ў полацкага князя Рагвалода вырасла дачка, нібыта кветка. I ўжо — на выданні. А за ёй стаіць сіла вялікая: полацкая і тураўская дружыны, здатныя адолець любога ворага.