Выбрать главу

А Полацк — дымам пусціў. Нават ніводнай страхі не пакінуў.

Яшчэ праз некалькі дзён баявыя трубы наймітаў, ап'янелых ад людской крыві і нарабаванага дабра, зараўлі з новай сілай: «На Кіеў!..»

Зламаную нясплаканым горам Рагнеду служкі Уладзіміравы сілком пасадзілі ў ладдзю. Азіраючы зларадна чорныя папялішчы, Дабрыня махнуў паліцай-шастапёрам, і войска рушыла.

БЛУДАВА ЗДРАДА

Пра далейшыя падзеі падаюцца такія звесткі ў «Аповесці мінулых гадоў».

Прыйшоў Уладзімір з войскам да Кіева. I не было ў Яраполка сілы, каб выступіць супраць ворагаў. Зачыніўся ён за добра ўмацаванымі сценамі разам з ваяводам Блудам. Наўгародцы ж і шматлікія найміты акапаліся паміж Дарагожычам і Капічам. Затым Уладзімір паслаў патаемна ганцоў да Блуда з такімі словамі:

— Будзь мне сябрам! Калі заб'ю Яраполка, стану цябе шанаваць, як бацьку. I шмат дабра ты будзеш мець ад мяне. Бо не я, а Яраполк першы ўзняў руку на брата...

Адказаў Блуд пасланцам Уладзіміравым:

— Хачу з табой жыць у міры і згодзе! Сядзеў Блуд у Кіеве разам з Яраполкам, а сам прасіў наўгародцаў хутчэй ісці прыступам на горад, каб у гэты час загубіць свайго ўладара. Інакш ён забіць Яраполка не мог — баяўся дружыннікаў. Потым пусціўся Блуд на хітрыкі — сказаў Яраполку:

— Кіяне хочуць нам здрадзіць і просяць патаемна Уладзіміра хутчэй ісці прыступам. Трэба ўцякаць нам з горада!

Паверыў Яраполк ваяводу, уцёк з непрыступнага Кіева. I зачыніўся ў горадзе Радне, што ў вусці ракі Росі. Здабыўшы Кіеў, Уладзімір аблажыў Яраполка ў Радне. Пачаўся там страшны голад, бо аж да нашых дзён збераглася прымаўка: «Голадна, як у Радне».

Сказаў хітры Блуд Яраполку:

— Не выстаяць нам у Радне. Лепш памірыся з братам сваім Уладзімірам.

Пагадзіўся кіеўскі князь:

— Няхай будзе так!

Паслаў Блуд ганцоў да Уладзіміра:

— Збылося тваё пажаданне — прывяду Яраполка. Рыхтуйся яго забіць.

Засеў Уладзімір з дружынай у харомах бацькі свайго Святаслава. А Блуд тым часам раіў далей Яраполку:

— Пайдзі да брата і скажы яму: «Прыму ад цябе ўсё, што мне дасі».

Сабраўся ісці Яраполк, а ваявода Варажка, які сватам ездзіў у Полацк, сказаў:

— Не хадзі, княжа, да Уладзіміра, бо ён цябе заб'е. Уцякайма лепш да печанегаў і прывядзём адтуль моцнае войска.

Не паслухаў Яраполк Варажку, прыйшоў да Уладзіміра. I калі ён заходзіў у церам, узнялі на яго мячы два варагі. А паганы Блуд зачыніў дзверы і не пусціў на дапамогу свайму князю верных воінаў. Так загінуў Яраполк.

Убачыўшы, што князя забілі, ваявода Варажка ўцёк да печанегаў і потым шмат ваяваў з Уладзімірам.

ГАРЫСЛАВА

Па старадаўнім звычаі, калі дзяўчыну бралі замуж, ёй давалі новае імя. Уладзімір назваў Рагнеду Гарыславай, што азначала — славутая, пазначаная славай. Аднак пасяліў ён гордую палачанку не ў кіеўскіх харомах, а паблізу ад сталіцы, на беразе ціхай рэчкі Лыбедзі. Пазней гэтае паселішча людзі ў гонар Рагнедзінай дачкі Прадславы назавуць — Прадславіна. Ну, а першага з дзетак полацкая князёўна нарадзіла сына Ізяслава. Потым на свет з'явіліся сыны Яраслаў, Мсціслаў, Усевалад і акрамя згаданай ужо намі Прадславы дачушка Мсціслава. Не забылася, памятала Рагнеда-Гарыслава пра свой высечаны пад корань полацкі род. Нездарма назвала так дачок: першую — у гонар бабулі Прадславы, матулі князя Рагвалода, а другую — у знак таго, што адпомсціцца полацкая слава, знішчаная бязлітаснай Уладзіміравай рукой.

Сам пераможац не часта наведваўся ў Прадславіна. Цяпер яму хапала клопатаў, бо ён уладарыў і ў Кіеве, і ў Ноўгарадзе, і ў заваяваным Полацку. Часцей за ўсё Уладзімір весяліўся з дружынай, меў некалькі новых жонак, бо хадзіў тады яшчэ язычнікам, пакланяўся драўляным ідалам, якіх паставіў на дняпроўскім беразе. А калі зрэдку і завітваў паглядзець, як гадуюцца сыны і дочкі, дык адводзіў убок вочы ад Рагнедзінага дакорлівага позірку. Адчуваў Уладзімір: не даравала яму сілаю ўзятая жонка за смерць сваёй сям'і, за полацкія папялішчы. Не скарылася перад ім Гарыслава, па-ранейшаму яна — мужная князёўна Рагнеда.

Пабыўшы дзень-другі з дзецьмі, кіеўскі князь спяшаўся пакінуць ціхае Прадславіна, дзе нібыта ў палоне жыла Рагвалодава дачка.