«ТЫ — НЕ АДЗІН ТУТ!..»
Адна ў Гарыславы ўцеха — гэта дзеці. Дачушкі-шчабятушкі і сыночкі, як грыбочкі, — так ласкава называла іх сама княгіня. Хапае нянек у харомах. Але яна адна выхоўвае сваіх крывінак. Кожны дзень расказвае ім казкі ці паданні пра сівую мінуўшчыну, літары пісьмовыя паказвае, што для славян прыдумалі браты Кірыла і Мяфодзій. Вельмі часта ходзяць яны і на бераг Лыбедзі. Усе разам, нават Яраслава бяруць з сабою, хоць ён ад нараджэння хворы на ногі і зусім не можа хадзіць. Дзеці гуляюць, а Гарыслава глядзіць на рачную нястрымную плынь і ўсё пра штосьці думае. Доўга, нібы скамянелая, стаіць і не варушыцца, пакуль да яе не прытуліцца першынец Ізяслаў: «Мама, раскажы яшчэ пра Полацк!..»
Восем гадкоў стукнула княжычу. Статны расце вой. Толькі надта ўжо ціхмяны і задумлівы. Праўда, як зірне блакітнымі вачыма, быццам пырсне прыгаршчамі вадзіцы дзвінскай. Зашчыміць на сэрцы ў Гарыславы: якраз такія вочы былі і ў яго дзеда Рагвалода...
Міналі дні. Паміж прыслугаю пайшлі чуткі, что князь Уладзімір зноў надумаўся жаніцца. Гэтым разам з грэцкаю прынцэсай Ганнай. Доўга не заяўляўся ён у ціхае Прадславіна. I вось аднойчы, вяртаючыся са звярыных ловаў, заскочыў, каб пагалубіць сваіх дзетак. Прыехаў з гасцінцамі ды падарункамі, а яны чамусьці не спяшаюцца ў бацькавы абдоймы, туляцца палахлівымі птушанятамі да маці.
Добра пасля здабычлівых ловаў пасядзець у цёплай святліцы, выпіць віна ці мёду, адпачыць на мяккім ложы. Застаўся князь у жончыных пакоях начаваць. Хмельнаму ды стомленаму, соладка яму спіцца. А ў Гарыславы сэрца аж дрыжыць ад болю і пякучай крыўды. Прад вачыма, як наяве, паўсталі родныя твары забітых бацькі, маці, братоў малых... Забойца ж іхні — побач з ёю, Гарыславай. Даўно наспеў час адплаціць яму за здзекі!
Княгіня ціхутка ўстала з пасцелі, дастала з мужавага пояса нож і нахілілася над Уладзімірам...
I якраз у гэтае імгненне князь прачнуўся. Убачыўшы нож, схапіўся за жончыну руку. Сказала яму Гарыслава:
— Ты бацьку майго забіў, зямлю яго паланіў, а цяпер не любіш мяне разам з дзецьмі!..
Князь загадаў Гарыславе апрануцца так, нібы да шлюбу, сесці на белай пасцелі і чакаць, калі ён прыйдзе яе забіць.
Гарыслава зрабіла ўсё, як ён загадаў. Потым пабудзіла старэйшага сына Ізяслава, дала яму ў рукі аголены меч і папрасіла:
— Калі прыйдзе бацька, ступі яму насустрач: «Бацька, ты — не адзін тут!» Ізяслаў так і зрабіў. Уладзімір, калі ўбачыў у сынавай руцэ меч, сказаў:
— А хто ведаў, што ты тут? I апусціў свой меч.
ВЫГНАННІКІ
Назаўтра Уладзімір склікаў баяр і ваяводаў, расказаў ім, што здарылася ўночы. I папрасіў рады, што рабіць з Гарыславай. Здзівіліся баяры-ваяводы адвазе малога княжыча. I так парадзілі свайму князю: «Не забівай яе дзеля гэтага дзіцяці. Аднаві лепей бацькаўшчыну ёй і пашлі туды разам з сынам ».
Спадабаліся Уладзіміру такія словы. Загадаў ён забраць у Гарыславы дзяцей, акрамя старэйшага сына, Ізяслава. Пасля паслаў майстроў, каб яны збудавалі ў глухой мясціне на Полаччыне гарадок. Майстры аблюбавалі мясціну ў вярхоўях ракі Свіслачы. Цэлае лета звінелі там пілы і гахалі сякеры, а нявольнікі насыпалі абарончыя валы. Да зімы на выспе сярод балоцістага абшару вырасла паселішча. Кіеўскі князь назваў яго Ізяслаўлем. У гонар старэйшага сына. I калі як след усталявалася зіма, замерзлі рэкі, Уладзімір даў знаць, што Ізяславу і Гарыславе трэба пакінуць Прадславіна.
Слугі пагрузілі на сані скарб, яшчэ на адны сані пасадзілі маці з сынам і, не даўшы ім развітацца з астатнімі дзецьмі, рушылі ў няблізкую дарогу. З маўклівага шэрага неба церусіўся снег. Сняжынкі падалі і раставалі на шчоках у Гарыславы.
— Мама, ты плачаш? — раптам спытаўся дрыготкім голасам Ізяслаў і моцна-моцна прытуліўся да матулі.
— Не, сынок, — адказала яму Гарыслава, — то не слёзы, а расталыя сняжынкі...
I адвярнула ад сына твар.
Стары дружыннік з сівой барадою горасна ўздыхаў і з усёй сілы цягнуў да сябе лейцы, стрымліваючы коней. Сані імкліва несліся з гары да бялюткага рэчышча Дняпра.
АНАСТАСІЯ
Заснаваны па загаду князя Уладзіміра і названы так у гонар старэйшага сына, Ізяслаўль быў памежным вайсковым умацаваннем. Пабудавалі яго на даволі высокай гары каля балоцістай рэчкі, што ўпадае ў раку Свіслач. Непадалёку пачыналася зямля непадуладных кіеўскаму князю балцкіх плямёнаў. Каб бараніцца ад іх набегаў, у крэпасці неслі варту дружыннікі. З часам пачалі сяліцца тут і рамеснікі.
Гарыслава з сынам жылі пад пільным наглядам. Праўда, яны спадзяваліся, што пра іх забудуцца ў Кіеве. Але аднойчы, восенню 988 года, у іхні глухі куток нечакана завітаў сам Дабрыня. Разам з ім быў апрануты ў чорную сутану святар з крыжам на грудзях.