Шчодра адарыўшы княжыча і яго маці, Дабрыня сказаў:
— Князь Уладзімір прыняў новую веру, загадаў пасекчы і кінуць у Дняпро ўсіх драўляных куміраў, якіх раней шанаваў за багоў. А яшчэ князь пабраўся з грэцкай прынцэсай Ганнай. Цяпер у яго толькі адна жонка. Ты ж, Гарыслава, таксама вольная пайсці за новага мужа. Ён прыехаў сюды, вось, стаіць побач са мною...
I Дабрыня паказаў на зухаватага плячыстага баярына, які, нахабна пасміхваючыся, пазіраў на нявольніцу-княгіню, хоць сам быў невядомага ці, як даўней казалі, худога роду.
— Уладаркай я была, уладаркай і застануся. I нічыёй рабыняй не буду, — адказала Гарыслава Дабрыню і ўкленчыла перад святаром: — Ахрысці мяне, ойча, і накрый галаву маю хусткай. Хачу прысвяціць жыццё адзінаму і ўсявышняму Богу...
Дабрыню аж перакрывіла ад злосці: зноў непакорная палачанка паказала нораў. Адрынуты прылюдна кіеўскі жаніх стаяў, як апушчаны ў ваду, не ведаючы, куды хаваць ад сораму вочы.
Таго ж дня святар ахрысціў Гарыславу і пастрыг у чарніцы — так называлі тады манашак.
Рагвалодава дачка за сваё нядоўгае жыццё атрымала трэцяе імя, на гэты раз царкоўнае — Анастасія.
У той самы дзень, як запішуць потым летапісцы, па Божай волі сын княгіні Яраслаў, які з-за хворых ног не мог ступіць і кроку, пачаў зноў хадзіць.
РАГВАЛОДАВІЧ
Як і загадаў Дабрыня, дружыннікі за пару тыдняў склалі пасярод гарадзішча драўляную царкву. Невялічкую, цесную, адно як павярнуцца. Але сасновы жоўты крыж над стрэшкай бажніцы ўсё роўна ўзняўся вышэй за астатнія хаціны. Крыж нават відаць быў з-за драўляных абарончых сцен і пакуль нязвыкла кідаўся ў вочы мясцовым людзям.
Усе гэтыя дні чарніца Анастасія моўчкі, з гатоўнасцю прыслужвала цеслярам. Сама гатавала і падавала ім ежу, хадзіла да рэчкі мыць драўляны і гліняны посуд. Шмат хто з простых дружыннікаў пачуваў сябе ніякавата, ведаючы, што ім прыслужвае полацкая княжна, нядаўняя Уладзімірава жонка.
Між тым наперадзе Анастасію чакала яшчэ адно нялёгкае выпрабаванне.
На наступны дзень, як прывезены святар асвяціў новую царкву, шэрым дажджлівым ранкам Дабрыня загадаў паклікаць да сябе чарніцу.
— Я забіраю Ізяслава ў Полацк, — сказаў ваявода, — бо яму не тут месца, а на княскім стальцы. Такая воля бацькі яго — кіеўскага князя...
Анастасія нават не зварухнулася. Ніводным словам не абмовілася, толькі яшчэ ніжэй схіліла галаву ў чорнай хустцы.
I нечакана для самога сябе жорсткі Дабрыня адпусціўся, зжаліўся:
— Паклічце сюды княжыча... Няхай развітаюцца...
Неўзабаве Анастасія ўбачыла спалатнелы сынаў твар, затуманеныя слязьмі родныя вачаняты. Але не стала суцяшаць Ізяслава. Прытулілася вуснамі да яго халоднага лба і шапнула, каб толькі адзін ён пачуў:
— Помні, сыне, што мы — Рагвалодавічы, — і ўся здрыганулася, таропка сябе паправіла: — Ты — Рагвалодавіч...
Больш у жыцці маці і сын не бачыліся.
ЧАРНІЦА I КНЯГІНЬКА
Чарніца Анастасія засталася жыць у Ізяслаўлі. Яна была першаю манашкай на нашай зямлі, шчыра служыла Богу і простаму люду. Адкрыла пры царкве школу, вучыла рамесніцкіх дзяцей грамаце і Божаму слову. Дзякуючы ёй ізяслаўцы без прынукі, самахоць, прынялі хрысціянскую веру. Паступова драўляныя ідалы, якім яны пакланяліся, спарахнелі і згнілі. Праўда, аж да сённяшняга часу засталіся сляды старадаўніх звычаяў. Успомнім Каляды і Купалле — цудоўныя народныя святы, якія любяць і дзеці, і дарослыя.
Ізяслаў заняў дзедаўскі сталец, але не забыўся пра сваю матулю. Ён клікаў яе ў нанова адбудаваны Полацк. Мудрая ж чарніца, ведаючы помслівасць і жорсткасць былога мужа, не спяшалася на радзіму, на любыя сэрцу берагі Палаты і Дзвіны. Так і жыла ў адзіноце з ласкі сына, ягоных ахвяраванняў на маленькую царкву ў глухім памежным гарадку.
Асабліва клапацілася Анастасія пра малых сірот. Сама недаядаючы, ратавала іх ад голаду. Дзеці таксама гарнуліся да чарніцы, памагалі ёй прыбіраць у царкве, каб там было заўсёды чыста і прыгожа.
Паблізу ад Ізяслаўля ў Свіслач упадалі дзве невялікія рэчкі. Адна цякла каля абарончага вала, а другая — трошкі далей. З блізкай рэчкі Анастасія насіла ваду, а да рачулкі, што бруілася ўбаку ад гарадка, любіла хадзіць вясною і летам разам з дзецьмі па лугавыя краскі. З часам людзі прыдумалі назвы абедзвюм рэчкам. Першую, каля гарадка, назвалі Чарніцай, а другую — Княгінькай.
I ў нашы дні яны цякуць праз гарадок Заслаўе — гэтак цяпер завецца старажытны Ізяслаўль. Тут Рагвалодава дачка і скончыла свой жыццёвы шлях. Памерла яна ў 1000 годзе ад нараджэння Хрыстовага.