Выбрать главу

«НЕ МЕЧ, А КНІГА...»

Нібыта ўстрывожаны вулей, гудзе народнае веча. Вольныя рамеснікі крычаць ад абурэння, заклікаюць да неадкладнай помсты. Тыдзень назад ладдзі полацкіх купцоў з узнятымі вятрыламі пайшлі ўверх па Дзвіне. Наперадзе ляжала няблізкая дарога — аж да самага Понт-мора. На ладдзях было шмат усялякіх вырабаў майстравітых палачан: бондараў, ганчароў, гарбароў, замочнікаў, меднікаў... Усе яны чакалі прыбытку ад сваёй працы, а найперш солі, якую прывозілі з Понт-мора. Але іх спадзяванні не спраўдзіліся. Калі купцы з таварамі падышлі ў вярхоўях Дзвіны да дняпроўскіх волакаў, іх запынілі наўгародцы. I наклалі такую вялікую перавозную мыту, што нічога не заставалася, як павярнуць назад.

— Гэта спрадвеку былі нашы волакі! — не сціхаюць на вечы гнеўныя галасы. — Пашлем да Ізяслава! Няхай абразуміць свайго ненасытнага бацьку і яго наўгародскіх пасаднікаў...

У святліцу нячутна зайшоў дружыннік:

— Купцы да вас, княжа!

Ізяслаў адклаў убок прыгожа спісаны пергамент:

— Няхай зойдуць...

Малады князь ведаў: адбудзецца нялёгкая размова. Даўно ў полацкіх мужоў гараць вочы на дняпроўскія волакі, на гарады Усвяты і Віцебск. Хутка забыліся яны, что ўчыніў Уладзімір з Полацкам дваццаць гадоў назад. I хоць пасля хрышчэння кіеўскі князь жыве, быццам набожны дабрадзей, лепш не трапляць яму пад руку...

Ізяслаў наперад ведаў, што не саступіць баярам. Таму адразу ім сказаў:

— Не час варагаваць нам з Кіевам!

Аднак лепшага часу Рагнедзін старэйшы сын не дачакаўся. Ён ненамнога перажыў маці: памёр у 1001 годзе, маючы ад нараджэння ўсяго 25 вёснаў. У старадаўнім летапісе пра Ізяслава сказана:

«Быў гэты князь ціхі і лагодны, і смірны, і міласцівы, і вельмі любіў і шанаваў свяшчэнны чын манашаскі, і быў прылежны ў чытанні Святога Пісання...»

Ізяслаў невыпадкова названы летапісцам кніжнікам, адукаваным чалавекам, які дбаў пра душу сваю, спасцігаў мудрасць і праз напісанае слова. Не дзіўна, што ён заснаваў у горадзе над Заходняй Дзвіною школы, загадаў стварыць Полацкі летапіс, які, на жаль, не збярогся. Затое засталася пячатка з імем князя Ізяслава — самы даўні помнік нашага беларускага пісьменства. I яна яскрава сведчыць, што ўжо тысячу гадоў назад палачане былі пісьменнымі людзьмі, а Полацкае княства — краем з высокай культурай.

Пасля сябе Ізяслаў пакінуў двух малалетніх сыноў — Усяслава і Брачыслава. Усяслаў неўзабаве памёр. I на бацькоўскі сталец сеў Рагнедзін унук — Брачыслаў.

РАГВАЛОДАВЫ ЎНУКІ

У Кіеве, Ноўгарадзе і па іншых усходнеславянскіх землях уладарылі Рурыкавічы — нашчадкі варажскага ваяводы Рурыка, якога паклікалі на княжанне з-за мора. I толькі Полацкі край быў непадуладны чужынцам. Тут спрадвеку сядзеў на пасадзе Рагвалодаў род. Калі ж Уладзімір забіў Рагвалода, двух яго сыноў, а дачку Рагнеду сілаю ўзяў за жонку, кіеўскія і наўгародскія баяры спадзяваліся, што заўсёды будуць браць даніну з Полацка. Але гордыя, адважныя палачане думалі зусім інакш.

У 1015 годзе памёр вялікі князь Уладзімір. Кіеўскі сталец заняў яго сын Яраслаў, названы потым Мудрым. Ён усюды пасадзіў па гарадах сваіх спадчыннікаў. Адзін Брачыслаў Ізяславіч, унук князёўны Рагнеды, Рагвалодаў праўнук, яму не падначаліўся. Полацкае княства зноў стала незалежнай краінай — першай самастойнай дзяржавай на нашай беларускай зямлі. Ажно цэлае стагоддзе Брачыслаў Ізяславіч і яго сын славуты князь-чарадзей Усяслаў Брачыславіч кіравалі Полацкай дзяржавай. За палымяную любоў да сваёй радзімы скупыя на пахвалу летапісцы з павагай назавуць іх Рагвалодавымі ўнукамі.