Выбрать главу

Віялета Пачкоўская

Арэхападзенне

* * *
твае вусны — як комін над хатай маёй бабулі толькі паліш часцей, чым яна ў печы твае вусны — як слімак на старой слівіне пяшчотныя і выкшталцоныя валасы — як халодныя макароніны звіваюцца долу, падаюць у міску ты некалі будзеш з залысінай як мой дзед, ты й зараз да яго падобны: стары грыб — худыя ногі, цыгарэта ў зубах і выключны ўнутраны свет толькі што не храпеш, але гэта прыйдзе з часам прасую твае майкі гладжу тваю скуру латаю кішэні, прышываю гузікі я кожны дзень шчаслівая бо ты штораніцы просіш есці а ноччу абдымаеш у сне я думаю, нам не будзе сумна на пенсіі пры ўмове, што я не памру раней ад смеху а ты кінеш паліць і пачнеш есці суп бо шчасце — гэта ж як два пальцы
* * *
каб заплюшчыць вочы не трэба нейкіх надзвычайных высілкаў толькі стома, вялізная стома калі ляжу ў цёплым ложку (лепш за ўсё дома, але неабавязкова) і фіранка здаецца ветразем вялікага карабля калі цені перастаюць пужаць і ператвараюцца ў таніраванае шкло ў незамкнёныя дзверы паміж сёння і заўтра ты яшчэ нешта мне расказваеш нейкую надзвычай цікавую гісторыю а я ўжо сама бяру ўдзел у іншай гісторыі я ўжо гартаю вялізную кнігу сноў у пошуках зместу але па звычцы замаўляю два з тваім удзелам бо і ў сне хачу быць побач ты крыўдуеш ты надзімаеш вусны бо не можаш са мной кантактаваць вербальна але выключаеш лямпу і сцеражэш маё дыханне шкарпэткі на падлозе і зубы на шафцы а я працягваю праз пакой свае народжаныя сном шчупальцы і бараню цябе ад сябе ад ценяў на сцяне ад пірацкіх караблёў і сумненняў
мы з табой катаемся на санках да самага-самага ранку
Віёла
спадар, зайграйце на віёле дастаньце скрыпку з футарала яна без вас засумавала і вабіць вашых рук няволя
спадар, зайграйце на віёле выправу, бранль у стылі рэгі вы самі гэтага хацелі струна і смык ўжо больш за ролі
спадар, зайграйце на віёле і не заплюшчвайце вачэй цалуе вас віяланчэль каленьмі сціснуўшы да болю спадар, зайграйце на віёле спадар, зайграйце на віёле…
* * *
архітэктура тваіх касцей нашмат складанейшая за шкілет тваёй чарапахі але, напэўна, прасцейшая за формулу паху дажджлівай восеньскай ночы дзіўныя нейкія сны спрасоння працягваю руку і спрабую намацаць тваю рабрыну але ты не побач да цябе пяць прыпынкаў на падземным каўчэгу і пяць навучальных дзён ва ўніверсітэце да цябе не было людзей у цябе няма рабрыны але ёсць выйсце на правы бок з яго крыштальным паветрам гарбатай цукеркамі і саплівым носам наўзамен
* * *
пасялюся ў тваім заплечніку а ты нават не заўважыш буду кімсьці накшталт дамавіка шамацець сшыткамі надкусваць печыва а неяк па неасцярожнасці а мо й знарок засну ўсяродку і ты знойдзеш мяне на пары па лаціне ці міфалогіі возьмеш маленькую на рукі і панясеш далёка-далёка за самы далягляд мы будзем есці хлеб з семкамі і цалавацца сярод канваліі і сон-травы я падарую табе зялёны шарык патрэбных памераў і буду шторанку расчэсваць твае валасы самшытавым грэбнем а ты мае сваімі пальцамі заплятаючы ў іх траву і кавалкі смугі будзе вецер і драўляная мэбля ціхая музыка і раскінутыя рукі
я буду заўсёды маленькая а ты будзеш заўсёды шчаслівы
* * *
Уцякаю ад цябе ў розныя гарады пакідаючы лужыны 37 памеруй пах парфумы на брукаваных вуліцах а яшчэ недапалкі й адбіткі пальцаў на поручнях трамваяў і метро зіма замарожвае выдыхі робіць коўзкімі ходнікі і я валюся раскідваючы ў радыусе аднаго метра гарбузовыя семкі й рыбіну луску што расце ад адзіноты у далонях і кішэнях паліто (можаш пашукаць, калі дворнік не зблытаў з меднай драбязой) ты робіш тое самае ў гарадах дзе я ніколі не з’яўлюся таропка азіраешся на паваротах і толькі засынаючы ў аўто адчуваю як прыціскаешся да мяне рэменем бяспекі і трымаеш за руку