Падняўся і Янка, выпростваючы знямелыя ногі. I сонечны далягляд, і крыху засмужанае жнівеньскае неба былі спакойныя і вусцішныя.
— Куды ты закінуў яе? — спытаў Пеця і вылез з акопа.
— А нашто яна нам,— узлез на бруствер і Янка.— Няхай валяецца, як і валялася.
— Не-е, трэба знайсці, я хачу кінуць,— не пагадзіўся Пеця.
I знайшлі, і яшчэ раз кінулі, і яшчэ... Кідалі з акопа, не хаваліся: хто далей?
Нарэшце надакучыла гэтае спаборніцтва, вырашылі кідаць гранату ў цэль. Якраз вялізны валун убачылі ля ўзгорка. Толькі да яго ад акопа было далекавата, і сябрукі перайшлі на больш зручную пазіцыю.
Асмялелі, зусім забыліся пра небяспеку. Траплялі гранатай у валун (ён уяўляўся хлапчукам варожым танкам), аж іскры іншы раз бліскалі. Лімонка чыркала па гладкай паверхні сівога каменя, глуха бумкала, адлятала ў траву, але не ўзрывалася.
— Можа, яе ў агонь пакласці,— выказаў здагадку Янка, выціраючы ўзмакрэлы лоб рукавом выцвілай кашулі.— Падсмажыць нягодніцу.
— А што, можна і падсмажыць.— Пецю таксама надакучыла кідаць гранату.
Запалкі знайшліся ў Янкавай кішэні. Вось толькі дзе раскласці цяпельца? Чамусьці не захацелася на ўзгорку, ля акопа. Яны спусціліся ў лагчыну, абдумваючы план сваіх наступных дзеянняў. Пеця ўсунуў лімонку ў прасторную кішэню латаных-пералатаных штаноў, і тая пры кожным кроку злёгку біла па назе, таму даводзілася прытрымліваць жалязяку рукою.
За ўзгоркам, бліжэй да вёскі, хлапчукі ўбачылі векавую ліпу і не згаворваючыся пакіравалі да яе. Магутная, у некалькі абхватаў, з густой разлапістай кронай, яна ўзвышалася над наваколлем, мусіць, не адно стагоддзе. А на самай яе вяршаліне буслы змайстравалі кубло. Ужо каторы год жывуць тут, выводзяць сваіх даўганогіх буслянят.
Знізу ў бусліным гняздзе знайшлі прытулак крыклівыя вераб'і. Прысуседзіліся, зладзілі свае гнёзды ў сухім галлі, што нанасілі буслы. I ўтульна ім, і адчуваюць сябе ў Поўнай бяспецы. А буслоў ніколькі не турбуе вераб'інае самавольства, быццам і не заўважаюць сваіх шумных кватарантаў.
Пеця і Янка неаднойчы бывалі ля ліпы, залазілі па яе таўшчэзным ствале ў густую зялёную лістоту. Праўда, высока не забіраліся, аблюбаваўшы сабе зручнае сядзенне на ніжніх тоўстых галінах. Сядзелі, словамі перакідваліся, захапляліся Робін Гудам. Якраз кіно паглядзелі пра адважных лясных разбойнікаў. Фільм у школе (былой паліцэйскай хаце) паказвалі. Два разы ў месяц прыязджаў у іх вёску кінамеханік. Прадаваў білеты, заводзіў дзвіжок на двары і круціў стужку. Гулка стракатаў кінапраектар у цёмным пакоі, а на дошцы, занавешанай белай прасцінай, мільгалі таямнічыя кадры. I ўяўлялі сябе Пецька з Янкам побач з Робін Гудам, і ляцелі на імклівых конях насустрач небяспецы... I трапна стралялі з засады са сваіх самаробных лукаў...
Хутка назбіралі сухога галля, ад дарогі прынеслі цэлы абярэмак саломы, паклалі ўсё пад ліпай, ля самага ствала. Чаму абавязкова пад ліпай? Хто ж яго ведае...
Чыркнуў Янка запалкай, паднёс кволы агеньчык да саломы, і той адразу ж схапіўся за жоўтую сцяблінку, разгарэўся, пераскочыў на суседнюю саломінку, а потым яшчэ вышэй.
Праз хвіліну-другую полымя ўскінулася над сухім галлём, якое сябрукі паклалі на салому, дыхнула гарачынёй, прымусіўшы адхінуцца ад цяпельца.
— Скачы на ліпу! — загадаў Пецька і выняў з кішэні лімонку.
— Аты?
— Я зараз, хутчэй!
Калі Янка забраўся наверх, Пецька сунуў гранату ў салому і вокамгненна апынуўся побач з сябрам. Захінуліся, затаіліся. Маўкліва назіралі за кастром, чакалі. Здаецца, нават вераб'і прыціхлі там, пад бусліным кублом.
— Няўжо і агонь не паможа?
— Пусты нумарок.
— Чакай, няхай угрэецца.
Неўзабаве касцёр пачаў дагараць, полымя паступова асела, толькі зрэдку выблісквала над попелам мігатлівымі агеньчыкамі.
— Прыдумаў дурное.— Пецька кпліва паглядзеў на Янку, які адчуваў сябе даволі ніякавата. Нібы і сапраўды быў вінаваты, што не ўзарвалася лімонка.
— Яна сама знайшлася,— сказаў у сваё апраўданне Янка.— Колькі пасля вайны праляжала...
— Што вайна! Лепш бы арэхі збіралі...
— Ага, лепш,— згадзіўся Янка.
Яны зноў памаўчалі, губляючыся ў здагадках: а можа, раптам бабахне? Верылася і не верылася... Ды, вядома ж, беражонага і Бог беражэ. Хаця хто з іх думаў пра гэта? I не думаў, і не асцерагаўся... Больш турбавала тое, што лімонка не ўзрывалася, быццам гуляла з імі ў кошкі-мышкі. А яны падахвоціліся, нават на ліпу залезлі, каб толькі свайго дамагчыся. I ўсё дарэмна...
Першы не вытрымаў Пецька, штосьці буркнуў сабе пад нос і пачаў маўкліва спускацца ўніз. Павольна так, з перасцярогай. Янка таксама намацаў нагою пругкую галіну, перахапіў рукамі другую, што звісала над галавой, гайдануўся, быццам перад скачком. Але тут жа суцішыўся, сустрэўшыся з суровым Пецькавым позіркам.