Сябрукі дабраліся на ніжніх галін ліпы, спыніліся, прыглядаючыся да згаслага вогнішча, над якім ледзь прыкметна курэўся шызаваты дымок.
— Ну што, падсмажылі бульбачку,"— усміхнуўся Пецька.— Пара выгортваць з прыску.
— Хай астыне, апячыся можна,— абрадаваўся Янка Пецькавай усмешцы.— Паласуемся.
I тут раптам прагрымеў выбух. Імкліва ўзвілося ўверх шэрае воблака попелу разам з іскрыстым вуголлем, быццам ураганны віхор шугануў пад ліпай. Выбуховая хваля здзьмула вогнішча, даляцела да хлапчукоў, ашаламіла іх. Яны зваліліся ўніз, прызямліліся на тое самае месца, дзе толькі што дыміўся касцёр.
Сябры ляжалі, амаль што самлелыя, асцерагаючыся новага выбуху. Ім усё яшчэ не верылася, што яны засталіся жывыя. Пашанцавала, няйначай нарадзіліся ў кашулях... А можа, Янку з Пецем выратаваў арэхавы Спас?
...Дагараў жнівеньскі дзень. Плыло да небасхілу пятае пасляваеннае лета, якое ледзьве не стала апошнім у жыцці двух хлапчукоў. А год нараджэння Пеці і Янкі выпаў на векапомны сорак першы.