Вячаслаў Ракіцкі: Але чаму так? Чаму спаленыя вёскі, разбураныя гарады, панішчаная альбо вывезеная ў чужыну моладзь — увесь жахлівы наробак немцаў у народнай вядомасці апынуўся на іншым плане, а на першы выступіла і засталася нейкая драбяза: цукеркі, якімі захопнікі частавалі дзяцей, выдзелены акупацыйнымі ўладамі лес для ўдавы на адбудову згарэлай хаты, пакладзеная ў мястэчку брукаванка…
— Бачыце, калектыўная свядомасць — загадкавая рэч. Паводле апытанняў расійскіх сацыялагічных службаў, Сталіна хацелі б бачыць кіраўніком дзяржавы лічы палову расійцаў. І гэтаму не замінае веданне таго факту, што Сталін у вайне супраць свайго народа загубіў людзей ці не болей, чым іх загінула ў вайне з фашызмам…
Што да беларусаў, дык іх як бы неадэкватнае стаўленне да акупантаў можна патлумачыць хіба тым, што папярэднічала акупацыі… А папярэднічала ёй, як вядома, сталіншчына, рэпрэсіўная калектывізацыя, высяленне ў Сібір, Курапаты… І калі сталінскі татальны гвалт змяніўся фашыстоўскім, дык яго ўспрынялі працягам нейкай адной жахлівай стыхіі, якая тады апалоніла амаль увесь свет. Таму вайна і акупацыі былі самі па сабе, а немцы — як бы самі па сабе. Зрэшты, гэта толькі версія…
Вячаслаў Ракіцкі: Якія перамены адбыліся ў светаглядзе беларусаў пасля абвяшчэння Незалежнасці? Ці змянілася іх бачанне сваіх суседзяў, іншых народаў?
— Калі браць агулам, дык мне здаецца, што беларусы пачынаюць больш скептычна ставіцца да іншых, асабліва да паноўных нацыяў. У іх як бы ажывае раней рэпрэсаваная амбітнасць. Да прыкладу, беларускія інтэлектуалы пачалі вельмі саркастычна ставіцца да Францыі і французаў. Гэта тым болей цікава, што сучасныя французскія філосафы на Беларусі сёння бадай самыя папулярныя.
Вячаслаў Ракіцкі: Ці не таму вы назвалі адну са сваіх кніжак «Разбурыць Парыж»?
— Здаецца — не, не таму. Там былі іншыя матывацыі. Хаця я не выключаю, што агульны сарказм беларускіх інтэлектуалаў адносна французаў выгукнуўся праз маё падсвядомае, калі я шукаў назву горада для сваёй агрэсіўнай метафары.
Вячаслаў Ракіцкі: А ці можам мы ў стаўленні беларусаў да іншых вызначыць нейкую асноўную характарыстыку, якая адначасна была б і характарыстыкай саміх беларусаў.
— Ведаеце, хоць мы тут даволі разважалі аб тым, як беларусы ўспрымалі іншаземцаў, суседзяў і захопнікаў, але, калі казаць па шчырасці, дык беларусам няма справы да ўсяго астатняга свету. Хай ён сабе хоць ляснецца, абы ў нас не было вайны. Пачуццё персанальнай самадастатковасці (і самазавершанасці) у беларусаў відавочна гіпертрафаванае. Верагодна адсюль і вечная недаробленасць той краіны, у якой яны жывуць. Бо да яе беларусам таксама няма справы.
Вячаслаў Ракіцкі: Адзін народ лічаць рацыянальным, другі — бязладным, трэці — скнарыстым, чацвёрты — гуллівым і г. д. і да т. п… Якой, па-навуковаму кажучы, «дэфініцыяй» вы б пазначылі беларусаў.
— Прынамсі, калі меркаваць па нашай літаратуры, дык мы выдаем на панылы і занураны у сябе народ. Каго ні вазьмі з класікаў, усюды нэндза, туга, роспач. Напрыканцы XIX—пачатку XX стагоддзяў жыццё простага чалавека ў Шатландыі сацыяльна зусім не выглядала лепшым за нашае, але паглядзіце, якая бадзёрая, дзёрзкая і жыццядайная паэзія у Роберта Бёрнса! А ў тагачаснай беларускай паэзіі — суцэльныя песні жальбы.
Вячаслаў Ракіцкі: Дык што: беларусы здольныя адно паныла нудзіцца і зусім не ўмеюць радавацца?
— Нам, як нацыі, яшчэ трэба будзе навучыцца радавацца, а гэтак станецца не раней, чым мы навучымся ганарыцца за саміх сябе. Радасці без гонару не бывае.
Вячаслаў Ракіцкі: Можа праблема ў тым, што мы ўсім народам разам ніколі ні за што не радаваліся? Давайце згадаем хаця б ХХ стагоддзе. Ці былі ў ім падзеі, якія выклікалі ў беларусаў усеахопную радасць?