— Калі лічыць па вялікаму рахунку, дык мы мусім канстатаваць, што Беларусь размінулася з Фрэйдам. У міжваенны перыяд (пік папулярнасці Фрэйда) мне прыгадваюцца адно некалькі выпадкаў, непасрэдна звязаных з тэорыяй псіхааналізу. Першым успамінаецца грунтоўна нарыс пра Фрэйда ў заходнебеларускім часопісе «Калосьсе» (на вялікі жаль, прозвішча аўтара запамятаваў). А яшчэ аповесць Міхася Зарэцкага «Голы звер», у якой «фрэйдызм» крута замешаны з «ніцшэанствам». Натуральна, калі адмыслова заняцца праблемай «Фрэйд і Беларусь», дык па закутках можна сяготаго наскрэбці. Але ўсё яно разам не зменіць агульнай сітуацыі, якая канстатуецца гранічна проста: Фрэйд прайшоў паўз Беларусь.
Вячаслаў Ракіцкі: Але чаму так здарылася? З чаго тое, што захапіла ўсю Еўропу, лічы, не закранула нават Заходнюю Беларусь, вольную ад камуністычнай ідэалогіі?
— Тут мы можам вылучыць як мінімум тры грунтоўныя прычыны. Па-першае, беларускім культурным элітам у тую пару было не да корпання ў саміх сабе. Каб стацца ўпоравень з іншымі народамі, трэба было спехам будаваць нацыю, а з гэтага ўся ўвага была скіраваная не на персанальнае «Я», а на калектыўнае «Мы», мы — беларусы.
Другой прычынай было, згаданае вамі, панаванне камуністычнай ідэалогіі. Між іншым, як з’ява сацыяльна мадэрновая, камуністычная ідэалогія апынулася надзвычай папулярнай не толькі ў савецкай, але і ў Заходняй Беларусі. Разам з тым, яна ўжо тады імкнулася быць не проста дамінуючай ідэалогіяй, але і адзінай. Таму лічыла «фрэйдызм» варожым сабе канкурэнтам і ставілася да яго рэпрэсіўна. Вось, прыкладам, што мы чытаем у грунтоўным філасофскім слоўніку, выдадзеным у Маскве ў 1954 годзе. Цытую: «Фрэйдызм і «неафрэйдызм» цяпер паслугуюць амерыканскаму імперыялізму, які выкарыстоўвае тэорыю падпарадкавання свядомага «падсвядомаму» з мэтай апраўдання і ўмацавання самых нізкіх і гідкіх памкненняў ды інстынктаў людзей».
А трэцяя прычына была ў тым, што тадышняя пераважна вясковая Беларусь яшчэ жыла натуральным ладам. І ў гэтым ладзе як сексуальнае, так і падсвядомае (базавыя катэгорыі класічнага псіхааналізу) заставаліся знітаванымі з агульнай стыхіяй жыцця і пакуль яшчэ не маглі быць вылучаныя ў нешта апрычонае. Пэўна, менавіта апошняе і меў на ўвазе адзін наш вядомы палітык, калі адносна беларусаў амаль паўтарыў словы расейкі: «У нас няма сексу». І ў акрэсленым вышэй кантэксце ён, безумоўна, меў рацыю. Бо калі сёння этнографы і культуролагі актуалізуюць і вылучаюць сексуальнае з традыцыйнага космасу беларусаў, дык тым самым яны як бы хірургічна выдаляюць яго з жывой плоці этнасу.
Вячаслаў Ракіцкі: Але ці не сведчыць гэтая актуалізацыя сексуальнага за тое, што псіхааналітычная тэорыя Фрэйда нарэшце заваявала пэўныя пазіцыі і на абсягах Беларусі?
— Безумоўна. Пасля таго, як улада камуністаў скончылася і ўсе ідэалагічныя забароны былі знятыя, «фрэйдызм», у розных сваіх праявах, на нейкі час зрабіўся досыць папулярным на Беларусі. Не толькі ў літаратуры ці культуралогіі, але нават і ў паліталогіі друкаваліся тэксты, якія адсылалі нас да Фрэйда. Згадаем хаця б цікавае эсэ Валеркі Булгакава, дзе аўтар разглядае свайго палітычнага персанажа з пазіцыі «комплексу кастрата». Тут дарэчы будзе заўважыць, што «комплекс кастрата» займаў далёка не апошняе месца ў тэорыі аўстрыйскага псіхааналітыка. Фрэйд лічыў, што вытокі антысемітызму паходзяць з традыцыі абразання ў габрэяў, бо падсвядомае атаесамляе абразанне з кастрацыяй. З гэтага падсвядомае пагарджае габрэямі, паколькі яны «кастраты», але адначасна баіцца іх, бо яны кастрыруюць.
Вячаслаў Ракіцкі: Ці магчыма сёння скарыстаць псіхааналітычную тэорыю Фрэйда дзеля таго, каб больш выразна сфармуляваць тыя асноўныя архетыпы, якія вырозніваюць беларусаў, як адметную нацыю?
— Бачыце, хаця Фрэйд і спрабаваў універсалізаваць свае інтуіцыі, але ўсё роўна яны тычыліся персанальнага «я». Дзеля акрэсленай вамі задачы больш падыходзіць наробак не столькі самога Фрэйда, колькі яго вучняў, найперш Юнга і Адлера. Гэта Юнг першым сфармуляваў канцэпты «архетыпа» і «калектыўнага падсвядомага». А вось Адлер наперад усяго высунуў «комплекс непаўнавартасці», які вельмі заўважны ў калектыўным падсвядомым беларусаў. Як і яшчэ адзін з устойлівых канцэптаў паслядоўнікаў Фрэйда, а менавіта — «траўматычная свядомасць». Не трэба быць вялікім псіхааналітыкам, каб заўважыць, што свядомасць беларусаў спрэс траўмаваная.