Але на гэты час смерць ужо выканала сваю эвалюцыйную функцыю. Яна болей не паляпшае чалавека, як від. А значыць ад яе можна і трэба пазбаўляцца, як ад анахранізму.
У сваю пару — гэта канец шасцідзесятых,— жыццядайная канцэпцыя Васіля Купрэвіча займела шырокі розгалас ва ўсім Савецкім Саюзе. Не забыліся на яе і пазней, прынамсі, у Расіі. На пачатку дзевяностых там выйшла кніга «Рускі касмізм», дзе ў адным шэрагу з працамі Уладзіміра Салаўёва, Мікалая Фёдарава, Канстанціна Цыялкоўскага, Мікалая Бярдзяева надрукаваная і праца па «філасофіі вечнага жыцця» Васіля Купрэвіча.
Вячаслаў Ракіцкі: А хто ў нашым хаўрусе будзе трэцім?
— Доктар тэхнічных навук, член-карэспандэнт Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Альберт Вейнік. Папулярнасць ідэяў Вейніка была не такой масавай, як у выпадку Купрэвіча, але бадай больш шырокай і больш, калі можна так сказаць, трывалай. Не толькі ў краінах былога Саюза, але і за іншымі межамі ў яго і пасёння застаюцца апантаныя паслядоўнікі.
Глабальная канцэпцыя Альберта Вейніка мае назву Агульнай Тэорыі Прыроды. Ён яе выклаў у капітальнай працы «Тэрмадынаміка рэальных працэсаў», якая была надрукаваная ў Мінску ў 1991 годзе. Свае высновы Вейнік падмацаваў безліччу матэматычных формулаў і разлікаў і не меншай колькасцю эксперыментальных доследаў, якія ён правёў з дапамогай тых прыбораў, што сам прыдумаў.
Сутнасць ідэяў Вейніка ў тым, што як рэальны, так і не-рэальны свет, гэта значыць той, дзе месцяцца душа, дух, прывіды, фантомы і да таго падобнае маюць агульную прыроду, падпарадкаваную аднолькавым фізічным законам. Гэтаксама маюць фізічную прыроду і такія абстракцыі як час, прастора, думкі, уяўленні — што ён не аднойчы фіксаваў на сваіх прыборах.
Можа адзін з самых цікавых момантаў у тэорыі Вейніка гэта той, дзе ён даводзіць існаванне ў прыродзе тонкіх і звыштонкіх светаў і аб’ектаў. Тонкія аб’екты валодаюць якасцямі, якія ў Бібліі называюцца душой, а звыштонкія — духам.
Тут трэба згадаць, што для Альберта Вейніка кожнае слова ў Бібліі фізічна і матэматычна бясспрэчныя. Прынамсі самыя неверагодныя цуды, якія там апісваюцца, натуральна падпадаюць пад фізічныя законы, сфармуляваныя ім у Агульнай Тэорыі Прыроды.
І што цікава, калі Казімір Лышчынскі, з якога мы распачалі гаворку, адмаўляў Богу ў праве на існаванне таму, што Той супярэчыў законам прыроды, дык Альберт Вейнік цалкам наадварот выводзіў існаванне Бога з фізічных законаў, якім аднолькава падпарадкаваны як Бог, так і створаны ім свет…
Вячаслаў Ракіцкі: На днях прыйшла сенсацыйная навіна — амерыканскі даследчык Роберт Сарматс у Міжземным моры на глыбіні паўтара кіламетра і на адлегласці 75 кіламетраў ад узбярэжжа Кіпра чарговы раз знайшоў тое, што чалавецтва шукае тысячагоддзі, а менавіта — Атлантыду. Раней яе час ад часу, так бы мовіць, знаходзілі ў раёне Азорскіх выспаў, Крыту, Сантарыні і нават далёкіх ад Міжземнамор’я частках свету. І вось цяпер — ля берагоў Кіпра.
Натуральна, што праграма радыё «Свабода», якая ў сваім назове выкарыстоўвае слова «Атлантыда» як мэтафару, не магла не адгукнуцца на гэтую падзею. Тым болей, што і праз дзве з паловаю тысячы гадоў пасля таго, як старажытнагрэцкі філосаф Платон апісаў выспу-дзяржаву, якая нібыта знікла 9600 гадоў да нашай эры пад вадою, спрэчкі пра гэтую таямніцу не сціхаюць. Чаму?
— Мяне найболей займае ў міфе пра Атлантыду нашая цікавасць да гэтага міфу. Вось гэта ёсць сапраўдным дзівам, бо колькі за прамінулыя часы пазнікала народаў і магутных цывілізацыяў, але яны нікога, акрамя турыстаў і гісторыкаў, не інтрыгуюць. А знайсці Атлантыду — мара ці не кожнага рамантычнага падлетка. У чым тут прычына? Няўжо толькі ў тым, што Атлантыду занесла не пяском, а накрыла вадою?
Як мне ўяўляецца, трываласць міфу пра Атлантыду палягае на тым, што тут скрыжаваліся два асноўныя міфы еўрапейскага чалавецтва. Першы з іх — міф пра залаты век, які калісьці быў на зямлі. Як мы памятаем, у Платона Атлантыда — гэта выспа з урадлівымі палямі, багатымі гарадамі, магутным народам і заможным жыццём. Другі — гэта юдахрысціянскі міф пра апакаліпсіс: канец свету адразу і для ўсіх. Атлантыда ёсць своеасаблівым успамінам пра будучае, якое, паводле хрысціянскай версіі, чакае ўсё чалавецтва. Вось жа на скрыжаванні гэтых двух міфаў і палягае, з майго гледзішча, тая неверагодная трывучасць і вабнота міфу пра Атлантыду.
Вячаслаў Ракіцкі: Яшчэ пры жыцці Платона рэальнасць Атлантыды аспрэчвалася. Нават Арыстоцель, сучаснік Платона, як кажуць, менавіта з гэтай нагоды прамовіў: «Платон мне сябра, але ісціна даражэйшая». Дык ці варта верыць у гэтую ідэю сёння?