— Адныя і тыя ж (з паходжання) людзі жывуць на гэтай зямлі ўжо колькі тысячагоддзяў (некаторыя з даследчыкаў называюць нават лічбу ў 10 тысяч год). І ўсю гэтую пару яны жылі тут зусім не ў ізаляцыі. Таму больш-менш поўны пералік уплываў запатрабаваў бы як найменей манаграфіі. А калі коратка, дык перадусім адзначым наступнае. Беларусь звыкла лічаць прасторай, дзе сустрэліся (сутыкнуліся) дзве вялікія хрысціянскія традыцыі: візантыйская» і «лацінская». Але пры гэтым зазвычай забываецца, што яшчэ задоўга да іхняга з’яўлення паганскае светабачанне нашых протапродкаў зведала магутны ўплыў індаеўрапейскага міфалагізму. Знакі і сляды той падзеі (магчыма, нават больш значнай за хрысціянства) мы паўсюдна сустракаем і сёння. Зрэшты, чаму толькі «знакі» і «сляды»? Матрыца нашай ментальнасці па сутнасці так і засталася паганскай. Рыгор Барадулін неяк назваў беларусаў «хрышчанымі паганцамі» — і гэта слушна.
Калі перасунуцца па часе бліжэй да цяпершчыны, дык у сваю пару на Беларусі (эпоха ВКЛ), як і ва ўсёй Еўропе, дамінавала «лацінская» культура. Пасля (і яшчэ доўга пасля анексіі гэтых земляў Расіяй) тут вяла рэй «пальшчызна». (У прыклад нагадаю, што бальшыня пачынальнікаў новай беларускай літаратуры першыя свае творы напісала па-польску). Значны (але пераважна латэнтны) уплыў на беларусаў зрабілі габрэі, якія ў мностве жылі на гэтых землях больш за пяцьсот год і трымалі ў сваіх руках усю інфармацыйна-гандлёвую структуру. Меней у нас згадваецца пра ўплывы «поўначы» і «поўдня» (чаго вартая адно стасункі з шведамі ці інтэграцыя татараў у жыццё краю), але яны таксама былі вельмі істотнымі. Затым, з ХІХ стагоддзя, пачынаецца татальнае панаванне расійскай культуры, якое такім застаецца і па сёння.
Што да «пазітыўных» і «негатыўных» уплываў розных культураў, дык гэта зноў жа залішне доўгая і складаная гаворка, каб яе нават распачынаць, калі казаць нешта грунтоўна. Адно коратка заўважу, што ўсе ўплывы па азначэнні нелінейныя, бо яны не толькі адначасна і пазітыўныя, і негатыўныя, але яшчэ і разгортваюць перспектывы цалкам нечаканых пераменаў (зноў жа далёка не заўсёды «пазітыўных»).
«Трэці Шлях»: Якія найбольш тыповыя культурна-каштоўнасныя рысы беларуса вы маглі б назваць?
— Здольнасць адаптавацца і выжываць у самых трагічных ці ганебных умовах. Існаваць як бы ў адсутнасці цэлыя стагоддзі, а потым зноў вытыркацца над роўняддзю быцця. Рэдка хто зважае, што пад сарамлівасцю, нехлямяжнасцю ды паныласцю беларусаў прыхаваная неверагодная вітальнасць. Паводле тых гістарычных сітуацыяў, як яны складваліся, ад беларусаў (так іх сёння называюць) ужо і знаку не павінна было застацца (ці толькі «знак», як ад яцвягаў альбо обраў). Але ж не, вось яны зноў, быццам тыя партызаны з лесу, выходзяць са свайго «няма» і патрабуюць «людзьмі звацца».
Дарэчы, для мяне самымі вялікімі народамі з’яўляюцца не кітайскі, еўрапейскі ці амерыканскі, якія пабудавалі магутныя цывілізацыі, а маленечкія народы глыбокай поўначы. Да самых апошніх стагоддзяў яны жылі ў перакананні, што акрамя іх болей нідзе няма людзей. Закаваныя ў ледзяную аблогу, скутыя маразамі і засыпаныя снегам, яны тысячагоддзямі зберагалі чалавечы род, нават не задумваючыся пра свой гераічны чын. Болей за тое, у неверагодна суворых умовах, дзе нават звычайны кавалак дрэва быў каштоўнасцю, яны жыццядайна ўладкавалі свой побыт, стварылі самадастатковую культуру, адмысловую міфалогію і вытанчанае мастацтва. Праз іх перадусім у нас ёсць усе падставы ганарыцца чалавекам… І хаця беларусы мала ў каго выклікаюць гонар, але сваёй, глыбока прыхаванай вітальнасцю, яны мне нагадваюць маё любімае паўночнае чалавецтва.
Андрэй Расінскі: Ці не з’яўляецца тыповы беларус тыповым персанажам «бацькі экзістэнцыялізму» Сёрэна Кіркегора?
— Хіба адно навонкі. Фармальна беларусы сапраўды пражываюць сваё жыццё амаль згодна з філасофіяй Кіркегора — кожны ўпаасобку і менавіта як персанальнае жыццё. Таму і не атрымліваецца іх паяднаць ні нацыянальнай, ні рэлігійнай, ні якой там яшчэ ідэяй. Але насамрэч беларусы не экзістэнцыйны, а анталагічны народ. Яны простыя і цэласныя як зямля, камень, дрэва — як і ўсё, на чым трымаюцца асновы быцця. Беларус, прынамсі тыповы, традыцыйны, не ведае экзістэнцыйных мітрэнгаў і не мае асаблівых пакут з праблемамі выбару. Бо ён, калі заўгодна, і ёсць самім жыццём. А жыццю няма з чаго (і няма чаго) выбіраць. Бадай, толькі адзіны беларус мог стацца цалкам адэкватным «персанажам Кіркегора» — гэта Фёдар Дастаеўскі (і сам, і ягоныя героі). Ды і то хіба таму, што ў ім ужо, лічы, нічога не засталося тыпова беларускага.