Выбрать главу

Міналі гады, Беларусь мадэрнізавалася (індустрыялізавалася, урбанізавалася), а нацыянальны міф заставаўся ўблытаным у нейкую фальклорную вёску, якая даўно страціла ўсе свае канатацыі — ад культурных да сацыяльных. Інакш кажучы, амаль ад самага пачатку нацыянальны міф у нас размінуўся з рэальнасцю жыцця. Але так ёсць і сёння.

Наталля Правалінская: Вы самі адкуль родам?

— З мястэчка.

Наталля Правалінская: Наколькі карэктна разважаць пра вёску, не ведаючы яе рэальнасці?

— Ну, па-першае, беларускае мястэчка ў нейкім сэнсе гэта ўсяго толькі «сталіца» навакольных вёсак, яно наўпрост знітаванае з вёскай па многіх параметрах. А па другое (і гэта галоўнае), у праблеме вёскі мяне цікавіць не яе сацыяльная праекцыя, а сакральная. Дарэчы, калі б я працаваў, скажам, вясковым бібліятэкарам ці трактарыстам, дык ужо ж напэўна лепей ведаў бы рэальную вёску з яе канкрэтнымі турботамі, але гэтае веданне наўрад ці дапамагло б мне ў разуменні вёскі, як радовішча беларускай нацыі…

Беларуская вёска, асабліва ў глухіх закутках нашага краю, практычна не мянялася доўгімі стагоддзямі, прынамсі ў сваіх падвалінах. І гэтая яе статычнасць дазволіла ёй захаваць беларускі этнас у часе аж да найноўшай эпохі. Таму калі наспела пара фармавання нацыі, беларуская вёска ў гэтай справе адыграла выключную ролю. Але адыграла яе паўз уласную волю…

Нацыя — феномен капіталізацыі, урбанізацыі ды інтэлектуалізацыі грамадства. Нічога падобнага на Беларусі той пары ў патрэбным аб’ёме не было. Была толькі беларуская (тутэйшая) вёска і трохі нацыянальна заангажаванай інтэлігенцыі, якая пераважна паходзіла з дробнай шляхты і ніжэйшага рангу святарскага саслоўя. Дзеячы нацыянальнага адраджэння, як мне здаецца, добра ўсведамлялі, што для рэалізацыі нацыянальнага праекта вёска малапрыдатны матэрыял, але іншага ў іх не было.

Да таго ж вясковая культура па азначэнні не здатная ствараць эліты, а без нацыянальных эліт не можа быць сфармаваная нацыя. Улічым яшчэ і тое, што на пачатку ХХ стагоддзя беларускі горад прыкладна на 50 % складалі габрэі, на 20 % — рускія, на 17 % — палякі, і толькі ў астачы былі беларусы. Магчыма, на пачатку нацыянальнага паўставання гэта яшчэ і не ўсведамлялася, але з сённяшняй перспектывы добра бачна, што без этнічна беларускага горада ў нацыянальнага праекта не было выразнай перспектывы.

Наталля Правалінская: Калі і як адбыўся «захоп горада вёскай»?

— У канцэптуальным плане позна, вельмі позна, пасля таго як калгаснікам у 60-я гады дазволілі мець пашпарты і вёска татальна абрынула сябе ў горад.

Наталля Правалінская: Ужо ў 70—80-я гады этнічна горад стаўся пераважна  беларускім, але ці стаўся ён беларускім у культурным сэнсе?

— Хутчэй наадварот. Вёска ў горадзе сістэмна вынішчала з сябе ўсё беларускае і татальна русіфікавалася, бо адно такім чынам яна магла падвысіць свой сацыяльны статус і тым самым палепшыць узровень ды якасць жыцця. І гэта цалкам натуральна, бо ўся сутва і традыцыя вясковай культуры скіраваныя не на саму культуру, а на жыццё як такое.

Наталля Правалінская: Дык хто ж усё-такі пераехаў у горад: вёска ці калгас?

— І вёска, і калгас. Дарэчы, хаця калектывізацыя спрычынілася да збяднення насельніцтва і татальных рэпрэсій адносна нічым не вінаватых людзей, яна разам з тым выявілася як магутны мадэрнізацыйны прарыў. Праз калектывізацыю за досыць кароткі час архаічная беларуская вёска ператварылася ў індустрыяльную вёску. Між іншым, апошняе не ў малой ступені падрыхтавала яе да пазнейшай адаптацыі ў горадзе.

У калгаса быў яшчэ адзін, безумоўна станоўчы момант. Вёска ўпершыню займела ўласнае кіраўніцтва з мясцовага люду: ад палявых брыгадзіраў, прарабаў, загадчыкаў фермаў, аграномаў і рахункаводаў да старшыняў калгасаў і раённага кіраўніцтва. Адным словам, праз калгас беларуская вёска пачала прыўлашчваць да сябе ўладу, якой у сваёй гісторыі ніколі раней нават не «каштавала». І калі яна перабралася ў горад, дзе патэнцыял уладных магчымасцяў быў непараўнальна большы, дык гэты першапачатковы досвед ёй вельмі прыдаўся, каб захапіць і горад, а пасля і краіну на ўсіх уладных узроўнях (ад кіраўніцтва сельсаветамі да кіраўніцтва дзяржавай) і ва ўсіх сферах — вытворчасці, эканоміцы, палітыцы, культуры…

Але тут выявіўся і адваротны, «пусты» бок медаля. Вёска, захапіўшы краіну, ператварыла яе ў адзін вялізны індустрыялізаваны калгас, дзе сёння дамінуе культура вясковага мыслення, якое аддае безумоўную перавагу сацыяльным каштоўнасцям, сярод якіх няма месца ўласна культуры — у тым ліку і мове.