Асновапалеглы прынцып улады вясковага чалавека гранічна просты — жыць і жыць як мага лепей. А ўсё, што палягае за анталагічным абсягам уласна жыцця, ён па азначэнні не можа ўключыць у праблематыку свайго дыскурсу. У тым ліку і праблематыку нацыі, як цалкам абстрактнай і таму не вартай ягонай увагі (і, адпаведна, ягонай адказнасці) падзеі.
Наталля Правалінская: Як доўга Беларусі ў сваёй унутранай сутнасці заставацца вясковай краінай?
— Мяркую, што ўжо не лішне доўга. Вёска выгадуе свае культурныя эліты, якія універсалізуюць яе як каштоўнасць, кананізуюць яе герояў і рытуалізуюць яе святы (ператварэнне лакальнага вясковага свята «Дажынкі» ў агульнанацыянальнае — самы яскравы прыклад). І вось гэтая універсалізацыя вёскі як каштоўнасці і будзе канцом вясковасці. Праўда, рэалізацыя гэтай схемы значна здэфармуецца тым канцэптуальным фактам, што свет імкліва баналізуецца, гэта значыць, што ва ўсіх сферах пачынаюць дамінаваць не высокія, а «папсовыя» крытэрыі і культуры, і самога ладу жыцця. Таму беларускія эліты, сфармаваныя на субстракце вясковай культуры, будуць фарматызаваныя не ў дыскурсе высокай, а масавай культуры. Вось такі парадокс нас чакае. Зрэшты, чаму «чакае»? Яго пазнакамі ўжо спрэс поўніцца наша сучаснасць.
Наталля Правалінская: Якое месца ў гэтым працэсе «класічных» нацыянальных элітаў, што сфармаваліся на платформе нацыянальнага адраджэння?
— Вёска не пусціць іх ні ў свае кабінеты, ні на свае канцэртныя пляцоўкі, ні ў свае анталогіі. Прынамсі, пакуль. Зрэдчас яна толькі будзе карыстацца іхнім творчым наробкам, але асабліва не акцэнтуючы ягонае паходжанне. Рэч у тым, што «класічныя» эліты трымаюцца ўсёй гістарычнай традыцыі гэтай зямлі, зафіксаванай у кніжнай культуры, а «вясковыя» — адно жывой памяці, якая не сягае далей Другой сусветнай вайны і, найперш, перамогі ў гэтай вайне. Карацей кажучы, паміж імі ментальная бездань памерам як найменей у тысячагоддзе…
Юры Дракахруст: Другая сусветная вайна адна і агульная для ўсіх, ці ў кожнай нацыі — у беларусаў, расійцаў, эстонцаў, габрэяў, немцаў — была свая вайна і яе нацыянальная ацэнка? Ці была тая вайна і перамога ў ёй — беларускай вайной і беларускай перамогай? Я дазволю сабе прывесці словы прэзідэнта Эстоніі Томаса Хэндрыка Ільвеса: «У нашай свядомасці расійскі салдат увасабляе дэпартацыі і забойствы, разбурэнне краіны, а не вызваленне. Адна група бандытаў — нацыстаў — была выгнана іншай хеўрай — савецкімі войскамі».
Цяжка сказаць, ці значная частка эстонскага грамадства падзяляе думку кіраўніка дзяржавы. Магчыма і значная. Але тут узнікае больш шырокае пытанне: ці мае права на існаванне асобная, нацыянальная праўда аб той вайне? Вайна ж была сусветная, у ёй лёс свету вырашаўся ў цэлым. Як Вы лічыце?
— Другая сусветная вайна з майго гледзішча была не вайной, а сусветнай катастрофай у форме вайны. А ў катастрофы няма праўды. Вайне прыдумваюць праўду ідэолагі, палітыкі, публіцысты пераможнага боку. Следам за імі мы прызвычаіліся лічыць, што паколькі ў Другой сусветнай вайне агрэсарам была Нямеччына і яе хаўруснікі, дык той, хто з імі змагаўся, вёў справядлівую вайну. На першы погляд тут і запярэчыць няма чаму, тым больш, што нямецкі фашызм выявіўся сапраўднай крыважэрнай пачварай.
Але калі мы дзеянні антыгітлераўскай кааліцыі лічым справядлівай вайной, дык мусім прызнаваць справядлівымі не толькі пасляваенны акупацыйны падзел Нямеччыны на дзве краіны, але і акупацыю на паўстагоддзе Усходняй Еўропы савецкімі войскамі, і скінутыя на Хірасіму ды Нагасакі атамныя бомбы. А паколькі сёння лічыць усё гэта справядлівым не выпадае, дык лепей было б наогул адмовіцца выкарыстоўваць у ацэнцы гэтай вайны такія катэгорыі, як праўда, справядлівасць і да іх падобныя.
Да таго ж ніхто і не змагаўся за няпраўду, усе змагаліся з ворагам за справядлівасць, толькі ў кожнага яна была свая. І нямецкі салдат, і японскі камікадзе, і французскі партызан, і савецкі чырвонаармеец, і беларускі калабарант аддавалі свае жыцці за нейкую праўду. Гэта калі ўжо больш за 50 мільёнаў чалавек загінула, тым, хто застаўся ў жывых, патлумачылі, чыя праўда была справядлівая, а чыя — падманам. Няма праўды ў вайне… Дзеля падмацавання сваёй пазіцыі працытую беларускага гісторыка Алега Гардзіенку: «Я б напэўна … унікаў паняцця «праўда» ў гэтым кантэксце. У свеце ўсталяваўся погляд на падзеі вайны дзяржаў-пераможцаў: Амерыкі, Англіі, Савецкага Саюза Расіі і яшчэ Францыі. Але ў вайне бралі ўдзел шмат іншых краін, і ў кожнай з іх быў свой погляд на гэтыя падзеі, у тых жа самых эстонцаў. Хачу нагадаць, што Другая сусветная вайна пачалася не 22 чэрвеня 1941 года, а 1 жніўня 1939 года. І гэтыя паўтара года — да савецка-нямецкай вайны —умясцілі ў сябе акупацыю савецкімі войскамі Эстоніі і жудасныя дэпартацыі. І натуральна, што эстонцы радаваліся нямецкай акупацыі і сустракалі яе з кветкамі.