Выбрать главу

І я лічу, што прэзідэнт Эстоніі Ільвес абсалютна мае рацыю, калі ад імя эстонскага народа гаворыць, што вайна была барацьбой дзвюх бандаў. Для эстонцаў і першыя і другія былі акупантамі. Свой погляд у Латвіі , свой погляд у Літвы, у Харватыі. І трэба паспрабаваць зразумець гэтыя падыходы.

Пакуль Еўропа глядзіць на гэтыя падзеі вайны вачыма чатырох дзяржаў-пераможцаў, пакуль яна не пачне разумець, што думае пра гэта Усходняя Еўропа — Польшча, Літва, Чэхія — нам усім будзе цяжка паразумецца».

Юры Дракахруст: Апошнім часам у беларускай літаратуры, гістарыяграфіі, публіцыстыцы ідуць дыскусіі пра тое, ці была Другая сусветная (Вялікая Айчынная) вайна, нашай , беларускай вайной, у чым тут палягаў беларускі нацыянальны інтарэс ці яго наагул не было? І ці была перамога ў той вайне і беларускай перамогай?

— Я ўжо не аднойчы, і ў розных месцах, спрабаваў давесці, што для беларусаў тая вайна не была і не магла быць Вялікай Айчыннай. Рэч у тым, што беларусы ў тую пару не мелі Айчыны, бо не былі яшчэ сфармаваныя як нацыя. Яны проста жылі тут і калі неяк супраціўляліся акупантам, дык супраціўляліся адно дзеля таго каб далей жыць на гэтай зямлі ці хаця б проста выжыць. Хаця беларускі інтарэс у той вайне безумоўна быў. Беларусы хацелі апынуцца свабоднымі і ад немцаў, і ад саветаў. Але паноўныя дзяржавы-монстры і не збіраліся пытацца ў беларусаў пра іх нацыянальныя інтарэсы.

А што да нейкай перамогі беларусаў у гэтай вайне, дык тут няма чаго і казаць. Нас проста выцягнулі з-пад нямецкай акупацыі, каб зноў засадзіць у савецкі канцлагер.

Юры Дакахруст: Я хачу прыгадаць думку Уінстана Чэрчыля , таксама аднаго з пераможцаў у той вайне, які неяк сказаў: «На вайне вы не можаце быць праведнікам, але справа ваша павінна быць правай». А калі паспрабаваць прыкласці гэтую формулу знакамітага брытанца да вайны ў Беларусі? Апошнім часам было абнародавана шмат фактаў пра тое, што, скажам, беларускія чырвоныя партызаны былі, мякка кажучы, не анёламі. Але ці мае гэта значэнне для ацэнкі ўсёй вайны? Тое ж, што рабілі савецкія партызаны ў Беларусі, рабілі, скажам, французскія партызаны-макі, рабілі акаўцы ў Польшчы, наагул партызанка ва ўсіх краінах разгортваецца прыкладна аднолькава — «нельга быць праведнікам». Але канчатковую ацэнку, прынамсі паводле Чэрчыля, вызначае не гэта, а «справа ваша павінна быць правай». Дык ці была ў той вайне справядлівая справа? І што наогул тут вызначае справядлівасць справы?

— Уінстан Чэрчыль — бліскучы майстра палітычных афарызмаў. Але калі зазірнуць у самы под менавіта гэтага афарызму, дык ад яго бляску мала што застанецца. Бо там, у подзе, спаленыя жыўцом у крэматорыях Асвенцыма і спаленыя жыўцом на вуліцах Хірасімы енчаць аднолькава. І хай мне Чэрчыль давядзе, чым іхні енк адрозніваецца…. Хіба адно тым, што лідэраў нямецкай нацыі за гэта прыгаварылі да смяротнага пакарання (і правільна зрабілі), а лідэраў амерыканскай нацыі залічылі ў героі «справядлівай вайны». А ў сітуацыі з беларусамі казаць аб агульнай для ўсіх справядлівай справе ўвогуле ніяк не выпадае. Бо надта непраўдападобнай бачылася тут «праўда» для розных стратаў насельніцтва (савецкай наменклатуры, калабарантаў, паліцаяў, партызанаў, нацыяналістаў, габрэяў, палякаў, проста сялянаў…) Зрэшты, усе яны разам у той вайне ні пра якую там «правую справу» і думаць не думалі, а імкнуліся адно выжыць у чаканні міру. Гэта ўжо значна пазней ідэолагі гераізавалі не толькі беларускую партызанку, а і ўвесь беларускі народ… Між іншым, я не аднойчы чуў пра існаванне нейкага сакрэтнага плана, паводле якога прапаноўвалася ўсіх беларусаў, што засталіся ў вайну пад акупацыяй, выселіць некуды ў Сібір, як крымскіх татараў. І калі б такое сапраўды здарылася, дык цікава, як бы мы сёння разважалі пра «праўду» і «няпраўду» той вайны?

Юры Дракахруст: Прабачце, але ў мяне ёсць пытанне да тэзісу, які вы выказваеце. Прага выжыць — яна была ва ўсіх. І ва ўсіх народаў у вайне арыфметычна ўдзельнічала меншасць, бо нават фізічна на вайне не можа апынуцца ўся нацыя Таму вашае  меркаванне аб тым, што большасць беларусаў трымалася ў баку ад вайны — можа, яно любога народа тычацца?