— Не зусім так. У краінах, якія ўжо мелі даўно і трывала сфармаваную нацыянальную свядомасць, акупацыя была агрэсіяй супраць іх універсальнага цэлага. Таму адсотак тых, хто свядома змагаўся з акупацыяй, а не быў проста кінуты ў пашчу ненажэрнага малоху вайны, там мусіў быць значна большы, чым у нас, хаця, натуральна, і ў тых краінах кожны чалавек перадусім хацеў выжыць.
Яшчэ раз паўтаруся: беларусы, якія ўжо колькі стагоддзяў жылі не пад тым, дык пад іншым «акупантам» (дарэчы, яны і слова такога ніколі не ўжывалі) не мелі ніякай асаблівай матывацыі змагацца з чарговым прыхаднем. Таму ў мяне няма сумневу, што савецкая партызанка на Беларусі была інспіраваная Масквой і без гэтай ініцыятывы самім беларусам і да галавы не было б ствараць тут нейкі сістэмны супраціў. Хіба што толькі ладзілі б асобныя, як сёння кажуць, тэрарыстычныя акты тыя, хто паспеў моцна пераняцца ідэалогіяй камуністычнага патрыятызму. Прыкладна гэтаксама, як сёння зрэдчас нешта падобнае робяць ісламскія фундаменталісты.
Віталь Цыганкоў: Пасля 11 верасня 2001 года, калі ісламскія тэрарысты абрынулі самалёты з людзьмі на хмарачосы Нью-Йорка, адразу пачалі казаць, што з гэтай падзеяй свет радыкальна змяніўся. Мінаюць гады, і цяпер, здаецца, можна больш спакойна ацаніць, ці не было гэта гіпербалай, перабольшваннем? І што з досведу той падзеі бачыцца актуальным сёння?
— Для мяне падзеі «11 верасня» засведчылі адну сумную навіну. Я зразумеў, наколькі інстытут дэмакратыі ўсё яшчэ застаецца кволым, нягледзячы на стагоддзі свайго станаўлення. Калі б у тэрарыстаў атрымалася зладзіць яшчэ 2-3 падобныя акцыі (крый Божа), дык амерыканцы дзеля спакою і міру ў сваёй краіне абралі б любую аўтарытарную і таталітарную ўладу, якая б паабяцала ім управіцца з бядой. Што, зрэшты, і зразумела, бо для чалавека жыццё даражэй за тыя палітычныя і сацыяльныя формы, з якімі ён пражывае гэтае жыццё.
Віталь Цыганкоў: Давайце звернем увагу на яшчэ адзін аспект «праблемы 11 верасня». У 1990-х гадах пад уплывам знакамітай кнігі Фрэнсіса Фукуямы «Канец гісторыі» шмат дзе запанавала думка, што ў ліберальнай дэмакратыі больш няма гістарычных канкурэнтаў, што ўсе іншыя рэгіёны свету пойдуць у тым самым кірунку. Але сучаснасць сведчыць, што гэта не зусім так, што многія краіны і рэгіёны хочуць жыць няхай у недэмакратычных, але ў сваіх уласных сістэмах.
— Бясспрэчна, чалавецтва пакуль не хоча ўладкоўвацца на адзін цывілізацыйны капыл.
Праўда, я думаю, што ісламскі свет ваюе не столькі з паўночнаатлантычнай цывілізацыяй, колькі праз шматлікія тэрарыстычныя акты выказвае свой адчай ад немагчымасці рэалізаваць у сучаснасці ісламства як формулу сацыяльнага і палітычнага ўладкавання.
Іслам — яшчэ поўная экспансіўнай энергетыкі рэлігія, але яна вельмі позна нарадзілася, каб паспець спраўдзіцца напоўніцу, бо патрапіла ў сітуацыю, калі свет імкліва дэсакралізуецца і глабалізуецца. Таму ў гэтым свеце не знаходзіцца месца для тых формаў і практыкаў жыцця, што дэкларуе іслам. Адсюль і вялікі адчай мусульманаў, які выбухае пагромамі ўсяго, што як быццам замінае ісламу спраўдзіцца. Але насамрэч замінае яму не тое, з чым ён змагаецца, а ўся антырэлігійная (секулярызаваная) татальнасць быцця сучаснасці.
Кастусь Бандарук: Пачну з энцыклапедычнай даведкі: «Лацінскае паняцце «Satculum» азначае «век, пакаленне людзей, якое жыве ў дадзены час». Адсюль і лацінскае «in saecula saeculorum» (на вякі вякоў). У мінулым паняццем saekularis азначаліся чыста атэрыяльныя аперацыі: калі ў 1646 годзе ў Францыі зямля Каталіцкай Царквы была перададзена дзяржаве, ці калі ў 1773 годзе Папа перадаў зямлю і манастыр пад пабудову дзяржаўнага свецкага Універсітэта. Гэтак жа была названая і канфіскацыя царкоўнай маёмасці ў Нямеччыне ў 1810 годзе, і ў Італіі ў 1870-м. У Х1Х стагоддзі паняцце «секулярызацыя» пашыраецца. Цяпер яно азначае паступовае, але няўхільнае вызваленне розных сфераў жыцця, грамадскай свядомасці і чалавечых паводзінаў з-пад уплыву і уздзеяння рэлігіі і Царквы».
У працэсе секулярызацыі з-пад выключнага ўплыву рэлігіі былі выведзены дзве вельмі важныя сферы жыцця: эмацыйная ды інтэлектуальная. Раней царкоўная багаслужба ўключна з інтэр’ерам храма была сінтэзам усіх відаў мастацтва і аказвала на чалавека магутнае ўздзеянне. Але ў эпоху Адраджэння пачалася радыкальная секулярызацыя мастацтва. Функцыю эмацыйнага ўздзеяння на чалавека ўзялі на сябе літаратура, музыка, тэатр. У навукова-рацыянальнай сферы Царква таксама была вымушана прызнаць аўтаномнасць навукі з яе разумовымі метадамі пазнання. Разам з тым, Царква лічыць секулярызацыю адмоўнай з’явай і вялікай праблемай. Што б вы сказалі на гэты конт?