— Безумоўна, для Царквы гэта сур’ёзная праблема. І пра яе ў адной са сваіх энцыклік мужна казаў Ян Павел II: «Цэлыя краіны і народы, у якіх некалі рэлігія і хрысціянскае жыццё квітнелі і давалі пачатак жывой і дынамічнай веры, цяпер трымаюць цяжкія выпрабаванні. Яны патрапілі ў працэсы радыкальных зменаў у выніку рэлігійнай абыякавасці, секулярызацыі ды атэізму». У мяне пад рукою няма дакладных лічбаў, але нядаўна я пазнаёміўся з адным вельмі грунтоўным артыкулам, дзе была статыстыка скарачэння вернікаў ва ўсіх рэлігіях і канфесіях у ХХ стагоддзі. Страты (дзе болей, дзе трохі меней) рэлігіямі сваіх вернікаў адносна папярэдняга стагоддзя ўражваюць. А калі ўлічыць, што насельніцтва Зямлі за гэты час павялічылася на мільярды, дык усім рэлігійным інстытутам трэба ўсур’ёз задумацца над сваім будучым, бо непадобна, каб гэтая тэндэнцыя да змяншэння колькасці вернікаў раптам змянілася.
Кастусь Бандарук: У мяне ёсць некаторыя лічбы, датычныя, што праўда, толькі Каталіцкай Царквы. Напрыклад, у ЗША ў 60-я гады 75 % каталікоў рэгулярна ўдзельнічала ў багаслужбах. Цяпер — толькі 28 %. У Бразіліі толькі 10 % каталікоў наведвае храмы, у Францыі 14 % дарослых і толькі 7 % моладзі. У Чэхіі, калі наступіў камунізм, каталікоў было 70 %, а пасля краху камунізму, у 91-м годзе — усяго 40. Такім чынам, атрымліваецца, што не толькі прымусовая атэізацыя выклікае адыход ад рэлігіі. Дык у чым, на вашую думку, асноўная прычына секулярызацыі?
— Мяркую, прычынаў у гэтай тэндэнцыі вельмі шмат. І ў кожнай рэлігіі ды канфесіі яны могуць быць вельмі рознымі, да таго ж яшчэ ва ўсялякай асобнай краіне выглядаць зусім інакш. Але праблема, бадай, не ў тым, што палягае навідавоку, як згаданая вамі прымусовая атэізацыя. Вызначальная праблема рэлігійнага мне бачыцца ў тым, што радыкальна мяняюцца канцэптуальныя падваліны быцця. У тую пару, калі фармаваліся рэлігійныя дагматы, чалавек жыў у свеце, створаным Богам: неба, сонца, зямля, рэкі, птушкі і жывёлы — усё было створана Ім, а чалавекам толькі ўласная хаціна, сякера ды ралля… Сёння ўсё наадварот. Чалавек жыве ў свеце, створаным уласнымі рукамі і розумам. Гэта ён сам аперазаў зямную кулю дарогамі, чыгункамі і лініямі электраперадачаў, а цела Зямлі спрэс заліў асфальтам і бетонам. Гэта ён сам напампаваў неба тэле- і радыёхвалямі, а паміж зорак панавешваў розных зіхаткіх касмічных цацак. Гэта ён сам цяпер ператварае мужчыну ў жанчыну (і наадварот), клануе жывёлаў і ўласнымі рукамі рыхтуе сабе ядравы акапаліпсіс…
Інакш кажучы, рэлігійны дагмат складваўся пад чалавека, які жыве ў свеце, створаным Богам і таму ён апынуўся не функцыянальным у свеце, створаным чалавекам. З гэтага рэлігійна і сацыяльна чалавек стаў жыць у цалкам розных фарматах. Тут я мушу ўдакладніць. Гэта зусім не значыць, што містычнае ў сваіх формах і атрыбутах павінна таясаміцца з сацыяльным. Я толькі хачу сказаць, што сёння ўсёй сваёй сутнасцю дагмат скіраваны на нейкага зусім іншага чалавека, а не на таго, які ўласнымі рукамі сам стварыў сабе дом быцця.
Кастусь Бандарук: Бадай, галоўнай прыкметай секулярызацыі з’яўляецца той факт, што рэлігія перамяшчаецца ў сферу прыватнага, асабістага жыцця. Царква не хоча змірыцца з лібералізацыяй звычаяў, з дэсакралізацыяй сям’і і сужэнства. Яна лічыць сябе адказнай за найлепш пражытае жыццё чалавека, каб праз гэта ён меў магчымасць атрымаць вечнасць. Таму яна апекуецца над чалавекам ад калыскі да магілы. Няўжо нехта іншы можа выканаць гэтае заданне?
— Як на мой погляд, дык Царква ў сённяшняй сітуацыі наадварот павінна як надалей адсланяцца ад сферы прафанум. У сучасным грамадстве і без яе дастаткова інстытутаў, якія займаюцца прыватным жыццём чалавека. Царква, наколькі яна на гэта яшчэ здольная, мусіць узмацняць у сабе прызначэнне сакральнага інстытута. Рэч у тым, што чым больш значным (колькасна ды якасна) робіцца чалавецтва ў сваім цэлым, тым меншым становіцца кожны чалавек паасобку. І вось гэтае змяншэнне некалі вялікага «Я» чалавека (Боскага тварэння, Цара прыроды) да дробнага элементу ў сусветным камбайне цывілізацыі прыводзіць да таго, што чалавек нават тут, у сваім зямным жыцці, не надта сам сабе патрэбны. Дык што яму тая вечнасць? І калі Царква, як інстытут сакральнага, не здолее актуалізаваць для чалавека вечнасць, яна страціць чалавека. А можа, і ўжо страціла…
Радыкалізуючы сваю тэзу, я б выказаўся наступным чынам: відаць апакаліпсіс ужо пазніўся. Яму трэба было адбыцца, калі чалавек яшчэ быў вялікім, Боскім чалавекам, а значыць — і было каго судзіць.