Кастусь Бандарук: Наконт апакаліпсісу не ведаю, што сказаць. Магу толькі прыгадаць словы з Евангелля пра Страшны Суд: «Аб дні тым і гадзіне ніхто не ведае, нават Анёлы Нябесныя». А што да папярэдняга, дык Царква заўсёды імкнулася ажыццяўляць настаўніцкія функцыі. У Евангеллі сказана: «Ідзіце і навучыце ўсе народы», а далей нагадваецца: «Не толькі пра сябе дбайце, але і пра іншых». Хрыстос таксама адгукаўся на вельмі зямныя патрэбы, калі накарміў пяццю хлябамі пяць тысячаў чалавек і калі ў Кане Галілейскай ператварыў ваду ў віно. Царква проста мусіць быць з народам.
— Я тут трохі паўтаруся, але адно дзеля таго, каб падцвердзіць сваю ўпэўненасць у тым, што актыўны і шырокі ўдзел Царквы ў сацыяльна-пабытовым жыцці чалавека — гэта памылковы і стратны шлях. Спрабуючы заваяваць сабе папулярнасць праз заангажаванасць у прыватныя праблемы чалавека, Царква дыскрэдытуе сябе як сакральны інстытут і тым самым неўпрыкметь прафанізуецца сама. Наблізіўшыся да чалавека, як гэта робіць звычайная ўстанова сацыяльнай дапамогі, магчыма Царква і завабіць да сябе якога лішняга чалавека, але гэты чалавек прыйдзе ў Храм не дзеля Бога і вечнасці, а дзеля дадатковых выгод свайго рэальнага існавання…
У сітуацыі радыкальных зменаў у менталітэце чалавека Царква калі і зможа захавацца, дык толькі ўзмацніўшы сваю функцыю транслятара містычнага ў лучве экзістэнцыйнага чалавека і трансцэндэнтнага быцця.
Кастусь Бандарук: Не магу з вамі пагадзіцца… Аднак давайце вернемся да секулярызацыі, у прыватнасці, на Беларусі. Мне здаецца, што калі цяпер на Захадзе гаворыцца пра неабходнасць рэевангелізацыі, дык тым болей гэта тычыцца тых краінаў, дзе ўкаранілася атэістычнае выхаванне. Напрыклад, беларусы, якія яшчэ не паспелі вярнуцца да веры, патрапілі пад уплыў не найлепшых заходніх узораў веры. Якая ў вас думка на гэты конт?
— Ведаеце, я мяркую якраз наадварот. З майго гледзішча, на Беларусі цяпер для веры і вернікаў проста-такі ідэальная сітуацыя. Калі чалавек з маленства выхоўваецца ў рэлігійнай атмасферы, дык у пазнейшым узросце ўжо не можа адрозніць, ці ён жыве сапраўды верай, ці гэта толькі вера-культура, вера-выхаванне, вера-традыцыя. А на Беларусі сёння амаль кожны, хто звяртаецца да Царквы, робіць гэта праз персанальна-свядомы выбар (натуральна, тут я маю на ўвазе тых, хто звяртаецца да Царквы сапраўды з верай і дзеля веры). Дык вось, як на маё разуменне, толькі ў сітуацыі без прымусу традыцыі, выхавання, асяроддзя нараджаецца сапраўдны вернік. Нішто звонку ні штурхае яго ў царкоўную браму. Ён сам, вольна ды нязмушана робіць гэты крок. І толькі так аб’яўляецца сапраўдны цуд веры.
Кастусь Бандарук: Ці не маглі б вы падсумаваць свае папярэднія думкі. Як бы вы ў некалькіх сказах ацанілі з’яву секулярызацыі. У чым бачыце асноўную праблему?
— Я бачу тут праблему не толькі Царквы, а ўсяго, перад усім еўрапейскага, людства. Бо цывілізацыя, у якой сёння мы знаходзім сябе, у значнай ступені была зыніцыяваная Царквой. І яе сыход з цэнтрапалеглага месца ў жыцці чалавека азначае, што і чалавек і свет канцэптуальна меняюцца, і наўрад ці хто ўпэўнена скажа, што гэтыя перамены да лепшага. А калі канкрэтна пра будучае Царквы, дык мой прагноз тут не лішне аптымістычны. У Царквы наперадзе яшчэ доўгі век, але ўжо кароткая перспектыва. Бадай, яна ніколі не знікне цалкам, бо заўсёды будуць знаходзіцца людзі, якія палічаць сваё «я» каштоўнасцю, вартай захавання і на тым свеце. Але ў цэлым Царква ўсё далей і далей будзе адсоўвацца на маргінэз праблемнага поля экзістэнцыйнай вярэды…
Кастусь Бандарук: На сустрэчы з сябрамі Сіноду Беларускай Праваслаўнай Царквы з вуснаў кіраўніка дзяржавы і Мітрапаліта Філарэта прагучалі запэўненні ва ўзаемнай адданасці і прыхільнасці. Кіраўнік дзяржавы заявіў: «Царква — гэта дабро. Мы высока цэнім міратворчую місію БПЦ, асабліва ейную стрыманасць і мудрасць. Я вельмі хацеў бы, каб БПЦ не была выведзеная за рамкі дзяржавы. Яна павінна стаць адным з важнейшых апірышчаў нашай дзяржавы».
Шмат для каго відавочна, што гэта — палітычны гандаль кіраўніка дзяржавы з галоўнай канфесіяй за спінаю іншых канфесіяў. Маўляў, я гарантую Вам манапольны статус, буду абараняць ад іншаверцаў і ад раскольнікаў, але ж і вы ўзамен падтрымайце мяне. Ці згодныя вы з падобным меркаваннем?
— Будзем шчырымі. З даўніх давён улада духоўная і ўлада палітычная ў самых розных спосабах хаўрусаваліся паміж сабою, шукаючы асабіста для сябе выгады з гэтага хаўрусу. Але ў ХІХ—ХХ стагоддзях ужо канчаткова адбыўся падзел улады на духоўную і свецкую. Гэта была адна з буйнейшых цывілізацыйных падзеяў, якую еўрапейскае чалавецтва выпакутавала не адно стагоддзе і якая так дорага яму каштавала. І вось сёння кіраўнік краіны кажа: я спадзяюся, што Царква будзе адным з інстытутаў дзяржавы. Гэта значыць, што мы зноў радыкальна абрынаемся ў мінулае… Я рашуча супраць палітычнага хаўрусу Дзяржавы і Царквы, бо дастаткова выразна ўсведамляю, што рана ці позна, але гэты хаўрус нам вылезе бокам.