Выбрать главу

Валер Карбалевіч: Складваецца ўражанне,што Царква (зрэшты, як і інстытуты іншых культаў) выяўляе нейкае раўнадушша да вострых грамадскіх праблемаў, пазбягае іх закранаць. Грамадства са сваімі праблемамі існуе само па сабе, а Царква — сама па сабе. Ці згодныя вы з такою ацэнкаю? Калі так, дык у чым прычыны такой з’явы?

— Царква — гэта стары, вельмі стары інстытут улады. Створаная ў зусім іншыя эпохі, яна праіснавала дзве тысячы гадоў і дажыла да нашага часу. Але ўжо страшэнна стамілася. Яе патэнцыялу цяпер хапае адно каб берагчы самую сябе. Да таго ж, калі ў пару традыцыйных грамадстваў яе існаванне было актуальным, бо палягала ў адным фармаце з тагачаснымі грамадствамі, дык у эпоху мадэрну, а асабліва — постмадэрну, Царква перастала адказваць на выклікі грамадства. Рэч у тым, што палітычная ўлада ў эпоху мадэрнасці змагла трансфармаваць свае базавыя прынцыпы (дэмакратызаваць іх), а схема функцыянавання Царквы засталася той самай. Яна сёння ёсць ні чым іншым, як жывым музеем дыспатычных эпохаў. Таму мы цяпер сапраўды маем сітуацыю, калі грамадства існуе само па сабе, а Царква — сама па сабе (і дзеля самой сябе).

Алег Абламейка: Апошнім часам у Беларусі паўсюль аднаўляюцца разбураныя і будуюцца новыя праваслаўныя храмы ў класічным візантыйскім стылі, які рэзка кантрастуе з традыцыяй беларускага культавага дойлідства. Ці не паўплывае ўсё гэта на  беларускую нацыянальную свядомасць?

— Я не магу стрымаць скептычнага посмеху, калі гляджу на ўсе гэтыя свежапафарбаваныя «макаўкі», якія ў мяне асацыіруюцца не з высокім дагматам, а, прабачце, з рускімі «ряженымі»…

Ніяк не магу забыцца на праваслаўны храм у сталіцы Македоніі. Яго кідкая, нават агрэсіўная мадэрнасць проста такі агаломшыла — і захапіла. У такой царкве ты апынаешся побач і з сваім мадэрным часам, і з вечнасцю. А пад гэтыя «макаўкі» і зазірнуць не вабіць.

Што да ўплыву праваслаўных навабудаў на беларускую нацыянальную свядомасць, дык ён, безумоўна, ёсць, толькі гэты ўплаў не на саму свядомасць, а на нейкія яе перыферыйныя ўскраіны. І зусім не таму, што праваслаўныя навабуды не звязаныя з традыцыямі беларускага культавага дойлідства. А таму, што культавыя пабудовы ўжо даўно не дамінуюць у гарадскіх ландшафтах, якімі б эстэтычна выразнымі і аб’ёмнымі яны не былі. Як Царква ў сваім цэлым, так і яе храмы сёння знаходзяцца на маргінэзе што сацыяльнага, што духоўнага жыцця. А маргінальнае ніколі не можа фармаваць свядомасць грамадства, яно можа хіба што прыўносіць у яго нейкія лакальныя характарыстыкі.

Сабор Парыжскай Божай Маці і сёння захапляе ды ўражвае. Аднак не ён, а Эйфелевая вежа ўжо другое стагоддзе з’яўляецца сімвалам не толькі Парыжа, але і ўсёй мадэрнай Еўропы. Калі не памыляюся, у Мінску неўзабаве пачнецца будаўніцтва некалькіх ужо сапраўдных хмарачосаў. Вось яны і будуць, разам з нацыянальнай бібліятэкай і да таго падобным, вызначаць на бліжэйшы час як архітэктурную дамінанту краіны, так, верагодна, і нешта надзвычай істотнае ў нашай свядомасці.

Алег Абламейка: Руйнуецца старына ў Мінску, Гродне, іншых гарадах ды мястэчках. Ці не ёсць сістэмнае разбурэнне архітэктурных помнікаў нашай спадчыны адной з формаў барацьбы з нацыянальнай свядомасцю беларусаў?

— Хіба што ўскосна, але ніяк не наўпрост. Бо з такой жа зацятасцю рушыліся і рушацца розныя архітэктурныя пабудовы, звязаныя з прысутнасцю рускай культуры, рускага духу на Беларусі.

Прычына ўсяго гэтага паталагічнага бурэння мне бачыцца ў іншым, а менавіта ў кароткай генеалагічнай памяці нашых людзей. Таму гістарычнае для іх не ёсць каштоўнасным. Як следства, наперад выходзіць голая функцыянальнасць — будынкаў, дарог і ўвогуле ўсёй інфраструктуры сацыяльнага жыцця. І калі нашым людзям нешта замінае працаваць, адпачываць ці рухацца — яны яго без шкадобы разбураюць.

Каб хоць трохі змінімізаваць гэтую балючую праблему, у нас наўрад ці ёсць яшчэ нейкае выйсце, акрамя як нагружаць новай функцыянальнасцю старыя забудовы. Гэта значыць, знаходзіць ім эфектыўнае месца ў структурах турызму, бізнесу, адпачынку і да таго падобным. Ну і, натуральна, пакрысе мяняць нігілістычнае стаўленне грамадства да сваіх гістарычных, у тым ліку і рэлігійных, каштоўнасцяў.