Выбрать главу

Уладзiмiр Дзюба: Тая ацэнка сучаснай палiтычнай сiтуацыi на Беларусi, якую цяпер вы раз-пораз агучваеце ў розных СМІ, выглядае часам досыць слушнай. Але чаму падобны крытычны аналiз дзейнасцi вядучых палiтычных сiлаў вы не рабiлі на самым пачатку барацьбы за перамены?

— Калi я правiльна зразумеў падтэкст пытання, дык у iм прыхаваны папрок: маўляў, а дзе ты раней, разумнiк, быў, у кустах, пэўна, хаваўся? (Наперад выбачаюся, калi з гэтай iнтэрпрэтацыi пытання ў мяне мiжволi сфармулявалася ягоная iнсiнуацыя). Ды не, як быццам не хаваўся. Палiтычнае раз-пораз урывалася ў мае эсэ «i на пачатку барацьбы», але не раней, чым яно перарастала ў культуралагiчнае, гэта значыць, станавiлася падзеяй, вартай быць уключанай у больш шырокi кантэкст аналiтыкi быцця як такога. А вось займацца непасрэдна палiтычнай рэальнасцю тады я не меў нiякай ахвоты. Шчыра кажучы, ацэньваць палiтычную дзейнасць уладаў, апазiцыi i хоць каго там яшчэ я не маю анiякага жадання i сёння… Проста апошнiм часам самыя розныя СМІ выявiлi трохі цiкавасцi да майго бачання пэўных праяваў палітычнага жыцця. А паколькi я чалавек паддатлівы, дык пра што мяне запытаюцца — пра тое i адказваю. На вялiкi жаль, пытаюцца пераважна не пра лiтаратуру, фiласофiю цi культуралогiю (якiя сёння мала каго цiкавяць), а пра палiтыку (якая мала цiкавiць мяне)… Сумная гiсторыя.

Таццяна Палякова: Вы ацанілі рух Адраджэнне як шлях у ідэальнае нікуды, упрочкі ад рэальнага, тутэйшага народа, адзначылі, што «Адраджэнне адмовіла рэальнай Беларусі ў хоць якой вартасці, за патрабаваннямі вяртання гістарычнай спадчыны, мовы і культурнага досведу хавалася жорсткая ідэалагічная канструкцыя, у якую не ўпісваліся здабыткі і каштоўнасці беларускага грамадства, бо яны мелі альбо камуністычнае, альбо каланіяльнае паходжанне». У выніку «згодна з выпрацаванай ў падпольных галовах канцэпцыяй, права «чалавекам звацца» мелі адно героі барацьбы з каланізацыяй і ахвяры камуністычнага тэрору». Пішучы пра «глыбока рэпрэсіўную сутнасць ідэі Адраджэння», вы здзіўляецеся, што яе «не заўважылі ні ейныя адэпты, ні апаненты — уся ўвага канцэнтравалася на той яе частцы, якая рэпрэсавала спадчыну расійскай культурнай і палітычнай экспансіі». А ў выніку галоўнай ахвярай адраджэнскіх рэпрэсіяў стаўся «беларускі народ», як аб’ект гэтай самай расійскай культурнай і палітычнай экспансіі.

Па сутнасці, калі не хаваць галаву ў пясок, мы мусім прызнаць, што канцэпцыя Адраджэння як спосаб супраціву чужынцам і змагання за ідэальную Беларусь прывяла ў  віртуальную прастору, паралельную рэальнасці, з якой трэба неяк шукаць выйсце ў сапраўдны свет.

— Гэтая праблема мне бачыцца сярод найбольш значных у фармаванні Беларускай Дзяржавы і нацыі, бо без яе пазітыўнага вырашэння мы назаўжды застанемся ў стане перманентнага канфлікту паміж проста грамадзянамі РБ і «сапраўднымі» беларусамі.

Між іншым, гісторыя гэтага канфлікту распачалася яшчэ ў XIX стагоддзі, калі ў еўрапейскім кантэксце паўставання нацыянальных дзяржаваў узнікла беларуская ідэя, якая прайшла звычайны шлях ад культурнай аўтаноміі да незалежнай нацыянальнай дзяржавы. Аднак у выпадку з Беларуссю эвалюцыя ідэі не была падмацаваная адпаведнай эвалюцыяй культурнай і сацыяльна-палітычнай рэальнасці. Уласна беларускае, уласна беларушчына не зрабілася дамінуючым фактарам нават у сітуацыі набыцця дзяржаўнага сувернітэту. Адэпты нацыянальнай дзяржавы вінавацяць у гэтым шматлікіх унутраных і знадворкавых ворагаў беларушчыны і звязваюць свае спадзевы з перамогай (хоць калі) над усёй варажнечай. Гэта значыць, яны не бачаць (ці не хочуць бачыць) іншага варыянта, акрамя безальтэрнатыўнага: альбо ўся Беларусь будзе беларускай, альбо яе не будзе як Беларусі.

Было б недарэчна адмаўляць тэзу аб шматлікіх непрыяцелях ідэі беларускай Беларусі, але ніводная нацыя не паўставала без пераадолення жорсткага ўнутранага і вонкавага супраціву. Таму, калі цягам стагоддзя з гакам у самых розных і часам спрыяльных гістарычных варунках мы не здолелі ўцялесніць нацыянальную мрою, дык некалі мусіла з’явіцца здумленне, што мы мроім нешта не тое. Дык вось, ужо шмат часу праз свае тэксты і публічныя выступы я хачу давесці найперш нацыянальна заангажаванай публіцы, што ідэя татальна беларускай Беларусі — не жыццядайная ідэя. Больш за тое, калі мы жадаем зберагчы беларушчыну хоць у якіх абсягах, дык мусім як мага хутчэй адмовіцца ад гэтай утопіі.