Выбрать главу

— Ужо ж напэўна так. Мілажальны і высакародны ўладар, асабліва ў тыя жорсткія часы, — гэта калыханка для дарослых. І хаця я працытаваў не дакументы і нават не хронікі, а мастацкі твор, але не думаю, што і ў наступным фрагменце сваёй аповесці Кастусь Тарасаў моцна хібіць, калі змушае шкадаваць Міндоўга, што ён збаяўся сваіх шараговых князёў і адмовіўся падпарадкавацца рымскаму Папу, каб стаць каралём з немцамі нароўні: «Дарэмна ён расхрысціўся… Чым з немцамі ваяваць, прасцей было б перабіць князёў — і сваіх, і ятвяжскіх, і прускіх. Сабраць у наезд і каля вогнішча пасекчы ўсіх мячамі сваёй аховы…Было б ужо вялізнае каралеўства». Гэта і ёсць трагічная формула ўлады. Калі не можаш перамагаць мірам, дык перамагай вайною. Але як толькі спынішся ў перамогах, цябе адразу зніштожаць, магчыма, якраз тыя, над кім ты злітасцівіўся.

Вячаслаў Ракіцкі: Між іншым, менавіта так было і з Міндоўгам. Яго знянацку акружыць сваёй дружынай і заб’е сваяк — князь Даўмонт. Толькі мы не будзем разблытваць, як і чаму ён гэта зрабіў, бо нас тут не цікавіць хада канкрэтных падзеяў…Не стала Міндоўга, але колькі пасля яго з’явілася на Літве вялікіх постацяў, чуйных да поклічу ўлады. Згадаем хаця б найвялікшую з іх — Вітаўта, які канчаткова аформіў Вялікае княства Літоўскае ў магутную дзяржаву. Аднак, мінула яшчэ колькі часу, і ў нас чамусьці перасталі аб’яўляцца героі, роўнавялікія ў празе ўлады Міндоўгу, Альгерду, Вітаўту, а неўзабаве знікла і само Вялікае княства. Ці ёсць тут нейкая заканамернасць, гістарычная логіка?

— Згаданы вамі на пачатку гаворкі Фрыдрых Ніцшэ адказаў бы наступным чынам: «Там, дзе не хапае волі да ўлады, там заняпад». У перыяд, калі ВКЛ пабралася няроўным шлюбам з Рэччу Паспалітай, прага ўлады пачала ўжо змяняцца прагай асалоды. Іншымі словамі, галоўнай мэтай цяпер сталася не ўлада, а ўцеха. Улада перастала быць каштоўнасцю сама па сабе, яна ператварылася ў сродак дзеля забеспячэння магнатаў раскошай ды іншымі слодычамі жыцця. Успомнім хаця б апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага, які прамяняў уладу над краінай і змаганне за яе свабоду на каханне да расійскай імператрыцы Кацярыны.

Вячаслаў Ракіцкі: Я зразумеў вас. Аднак гэта адказ толькі на другую частку майго запытання. Але чаму і куды пазнікалі героі, якія раней тут заўсёды адгукаліся на покліч волі да ўлады?

— Вось на гэта адказаць нашмат цяжэй. Калі б мы пра тое ведалі, дык напэўна ведалі б і чаму заняпалі Вялікі Рым ці Брытанская імперыя. Альбо, наадварот, чаму, па-расійску кажучы, «захолустное» Маскоўскае княства, якое ў сваю пару нават смешна было  параўноўваць з Вялікім княствам Літоўскім, праз нейкі час паняволіла не толькі ВКЛ, а ладную частку ад усёй зямной кулі з самымі рознымі плямёнамі, народамі й дзяржавамі? І вось ужо самы неверагодны прыклад. Жменька еўрапейскіх каланістаў у Паўночнай Амерыцы паклала пачатак звышдзяржаве, якая паўстала літаральна з нічога ўсяго за некалькі стагоддзяў!

Вячаслаў Ракіцкі: А цяпер давайце зірнём на адзін з тых перыядаў, калі, як вы сказалі, беларус меў уладу толькі над скацінай у полі і жонкай у хаце. Няўжо былі часы, калі беларусы зусім не імкнуліся да ўлады?

— Найбольш выразна гэтая пара датуецца XVIII—XIX стагоддзямі, калі ўвесь беларускі этнас табарыўся ў вёсках ці на плебейскіх ускраінах гарадоў. І калі нехта тады марыў пра ўладу, дык не меў ніякай магчымасці сваёй мары здзейсніць.

Зрэшты, наўрад ці каму з беларусаў, не толькі з сялянаў, але і з засцянковай шляхты нешта такое нават прыходзіла да галавы.

Вячаслаў Ракіцкі: А Кастусь Каліноўскі?

— Тут ваша праўда. І ўсё ж такі Каліноўскі і жменька тыпалагічна падобных, раскіданых па стагоддзях, — гэта гранічнае выключэнне. А ў асноўным амбіцыяў беларусаў хапала адно на тое, каб хоць трохі бліжэй падсунуцца да тых, хто ўжо мае ўладу. Найлепей слушнасць майго меркавання падтрымлівае Францішак Багушэвіч, калі ўкладае ў вусны маці словы, якія яна спявае свайму маленькаму сыну:

Ой, ня будзь ты лепей панам,

Ці вялікім капітанам,

Будзь, чым матанька радзіла.

Уяўляеце, у якой меры мусіў быць выпетраны ў народа інстынкт улады, каб маці, якая зазвычай жадае сваім дзецям заможнасці, поспеху, славы, аберагала сына ад усяго гэтага як ад чужога беларусам?