Усё гэта разам дазваляе мне думаць, што «ЗНО» канцэптуальна прычынілася да паўставання дыскурса сучаснага беларускага мыслення. А гэта ўжо сур’ёзна.
Грыша Голем: «Слупы» руху Бум-Бам-Літ публічна называюць цябе «хросным бацькам». Скуль і пры якіх абставінах узнікла гэтая мянушка і ці даспадобы яна табе?
— Ад пачатку 90-х я працаваў у тыднёвіку «Культура», а з 1994 году пачаў рабіць там дадатак да газеты — «Літаратурна-філасофскі сшытак «ЗНО», які выходзіў раз на месяц на васьмі палосах. Час быў неверагодна спрыяльны і для стваральнай працы, і для розных творчых авантураў. У дзяржаўным выданні ніхто не забараняў мне адшукваць і друкаваць авангардных, андэграўндных і ўсялякіх іншых аўтараў з «нетрадыцыйнай» эстэтычнай арыентацыяй. Таму каля «ЗНО» ды «Культуры» пакрысе і схаўрусаваліся (у якасці аўтараў ці нават супрацоўнікаў газеты) тыя, хто ў траўні 1995 года запачаткаваў літаратурны рух «Бум-Бам-Літ».
Каб давесці гэтую падзею да шырокай публікі, было вырашана, што кожны са «слупоў» руху напіша свой маніфест Бум-Бам-Літа, і мы іх адным пакетам надрукуем у «ЗНО». Позна ўвечары «сшытак» з маніфестамі быў звярстаны і я паехаў начаваць (а хлопцы яшчэ засталіся ў рэдакцыі). Не паспеў увайсці ў хату, як яны тэлефануюць і з рогатам паведамляюць, што ўгаварылі вярстальшчыка ўціснуць да суплёта маніфестаў абвестку (цытую па арыгіналу): «БУМ-НАВІНА. Калі гэты выпуск «ЗНО» быў ужо падрыхтаваны, мембры (слупы, зрухары, бубнары і г. д) усеагульным грукатаннем вырашылі надаць Акудовічу Валянціну, слупу ад нараджэння, тытул БЕССМЯРОТНАГА ХРОСНАГА БАЦЬКІ БУМ-БАМ-ЛІТа, а таксама ганаровае права першачарговага бумкання ў Тазік новай літаратуры. Штаб ББЛ».
Праслухаўшы абвестку, я выказаў глыбокі сумнеў у мэтазгоднасці яе публічнай агалоскі, але хлопцы ўжо наперад вымудрылі, быццам вярстальшчык сышоў да хаты і цяпер нічога нельга змяніць, бо трэба тэрмінова везці макет газеты ў друкарню…
Натуральна, у той вечар я нават падумаць не мог, што гэты сітуацыйны жарт некалі станецца трывалым фактам маёй біяграфіі і яго («Хросны бацька Бум-Бам-Літа») я нават буду раз-пораз згадваць у артыкулах да розных даведнікаў і энцыклапедыяў — праўда, не без стоенага прысмеху ў сабе. Дарэчы, для мяне статус «хроснага» апынуўся зручным яшчэ і таму, што шчыльна хаўрусуючыся з сябрамі гэтага руху, я не пагадзіўся кааптавацца ў ягоны склад, паколькі што ў грамадскай дзейнасці, што ў творчасці мне больш натуральна фармалізавацца вакол самога сябе.
Грыша Голем: Многія літаратары з іншых, ад бумбамлітаўскага, асяродкаў лічаць, што ты быў стваральнікам гэтага руху (і нядобра касавурацца ў твой бок). Ці маюць яны рацыю? Калі не ты, дык хто прыдумаў гэтых самых брутальных герояў беларускай літаратуры?
— Калі б гэта было сапраўды так і мая роля тут апынулася вызначальнай, дык я б ад пыхі ўжо даўно пэнкнуў, як перадзьмуты балончык. Бо гэта ж вам не жарты, быць падставай з’яўлення такой гурмы талентаў, да таго ж паяднаных рэвалюцыйнай эстэтычнай задачай.
Але насамрэч у падобных меркаваннях усё аблуда (і нарэшце я маю магчымасць сказаць пра гэта публічна). Версія аб маёй адметнай ролі ў паўставанні Бум-Бам-Літа з’явілася досыць даўно і ўжо не аднойчы агучвалася ў розных выданнях (і самымі рознымі літаратарамі). Спачатку я дзівіўся гэтай прыдумцы, потым абураўся, а затым скарыўся, бо ніхто не зважаў на мае пратэсты. Цяпер я, здаецца, ведаю чаму так сталася? Гэтай версіяй нядобразычліўцы (а іх у Бум-Бам-Літа як у нікога яшчэ) дадавалі да творчай нямогласці (з іх гледзішча) бумбамлітаўцаў факт канцэптуальнай несамастойнасці самога Бум-Бам-Літа. Маўляў, ён нават аб’явіцца ўласнаруч не мог, дык што там казаць пра яго творчы патэнцыял.
Яшчэ раз заакцэнтую, калі я і маю нейкае дачыненне да паўставання Бум-Бам-Літа, дык досыць ускоснае. Болей за тое, па вялікім рахунку Бум-Бам-Літ і не бумбамлітаўцы стварылі. Я ўжо недзе пісаў, што на тую пару беларуская літаратура да апошняга свайго скраеню набрыняла чаканнем сябе новай, іншай, постмадэрновай. Карацей кажучы, яна сама была цяжарнай Бум-Бам-Літам. І калі нехта ўсё яшчэ ўпарта не хоча разумець, што Бум-Бам-Літ — гэта жыванароджаны феномен, што гэта сама беларуская літаратура яго спарадзіла (а не нейкая індывідуальная сваволя), дык дазвольце выказаць скепсіс да аналітычных здольнасцяў такога недавярка.